Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік МЗС Латвіі нарэшце прыняў беларускага амбасадара


Радыё Свабода Кіраўнік МЗС Латвіі Артыс Пабрыкс учора прыняў новага беларускага амбасадара ў гэтай краіне Аляксандра Герасіменку. Сустракацца з амбасадарам ён адмаўляўся некалькі месяцаў з-за скандалу вакол ператрусу ў менскай кватэры латвійскага дыплямата.

МЗС Латвіі па выніках гэтай сустрэчы паведаміла, што Аляксандар Герасіменка “прызнаў факт ненаўмыснага парушэньня беларускімі ўладамі Венскай канвэнцыі пры правядзеньні ператрусу ў кватэры латвійскага дыплямата Рэйма Шмітса”.

Артыс Пабрыкс у адказ выказаў спадзяваньне, што надалей дачыненьні паміж дзьвюма краінамі будуць больш прадуманыя. МЗС Латвіі таксама паведаміла, што 23 кастрычніка ў Менск вернецца амбасадарка Латвіі Майра Мора, якая была адкліканая ў сувязі з гэтым скандалам.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў у сувязі з гэтай інфармацыяй зазначыў, што зьмест перамоваў амбасадара Герасіменкі й міністра Пабрыкса зьяўляецца канфідэнцыйным:

(Папоў: ) “Але ж абсалютна афіцыйна магу дадаць, што, прынамсі, асноўныя акцэнты гэтай гутаркі насілі абсалютна супрацьлеглы характар, чым тое, як камэнтуюць гэта нейкія СМІ. Гутарка прайшла ў добразычлівай атмасфэры”.

Пасьля гэтай гутаркі беларускі амбасадар атрымаў фармальнае права працаваць у Латвіі.

Нагадаем, 25 ліпеня ў менскай кватэры, якую арандаваў латвійскі дыплямат Рэйма Шмітс, беларускія праваахоўныя органы правялі ператрус, падчас якога сканфіскавалі шэраг відэакасэт. 27 ліпеня на дыплямата завялі крымінальную справу за распаўсюд парнаграфічнай прадукцыі. Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Рэйма Шмітс пакінуў Беларусь. У адказ Латвія аб’явіла пэрсонай нон-грата першага сакратара амбасады Беларусі ў Латвіі Дзьмітрыя Краюшкіна.
XS
SM
MD
LG