Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо зусім не патрэбныя Беларусі людзі, у тым ліку і пратэстанты з суполкі “Новае жыцьцё?”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер 19 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 266-39-52 і пакідаць свае меркаваньні.

(Спадарыня: ) “Так б’ецца сэрца! Чаму лукашысты забралі Віку Мароз зь Італіі? Яны што хочуць гэта дзіця яшчэ больш пакалечыць ці давесьці мілую дзяўчынку да самазабойства?! Наша дзяржава вельмі бедная і шматлікія інваліды жывуць у суровых пакутах. Улады імі пагарджаюць і ненавідзяць. Я сама інвалід першай групы па зроку. Я выхоўвалася ў Гарадзенскай школе інтэрнаце. Там я за 9 год скончыла 11 клясаў і за чатыры гады сем год па фартэпіяна. Але за свае вельмі раньнія палітычныя погляды і за праваабарончую дзейнасьць кіраўніцтвам школы я была адпраўлена ў вельмі суровы і цяжкі калектыў, у якім пакутуе і цяпер. Тры гады на прадпрыемстве ў нас ідзе суцэльны калючы мэталь, рукі рабочых усе падраныя, а ў мяне ад яго ідзе страшная інфэкцыя, калоцяцца рукі, баляць плечы, рэзка парушаны сон…А як кружыцца галава! У гэтым годзе ад моцнага галавакружэньня я восем разоў падала, бо тратуар, што вядзе да майго дому, увесь у ямінах. І яго наша гарадзкая ўлада рамантаваць не зьбіраецца. На прадпрыемстве ідзе толькі брак, які адміністрацыя прымушае зусім сьляпога выпраўляць. У людзей на сталах ствараюцца вялізныя паверхі прадукцыі, якія падаюць наўпрост на грудзі ці суседу на плечы. Тэхніка бясьпекі няма”.

(Спадар: ) “Бог ненавідзіць ідыётаў і пагарджае дурнямі. Вось Казулін аказаўся звычайным дурнем. Ён сам сабе ўсё сапсаваў. І для нас сапсаваў. Я, напрыклад, калі за яго подпісы зьбіралі, таксама свой подпіс даў. Прыходзілі хлопцы з унівэрсытэту. Але ён сам сябе загнаў, паставіў у кут. Для чаго? І цяпер жонка яго наведала…Вось мне падзея!”

(Карпенка, Барысаў: ) “Я ўжо тры месяцы слухаю “Свабоду”, кожны вечар. Настрою старэнькі прымач, пастаўлю антэну з-пад тэлевізара… Перашкоды вялікія, але нічога. “Свабода” Ваша, як і наша, можна так яе назваць, нібы глыток паветра. Так добра паслухаць выступы разумных, справядлівых людзей, даведацца праўду пра тое, што робіцца ў Беларусі... І хочацца ад душы сказаць дзякуй Вам і ўсім тым, хто змагаецца за свабоду, за нашу шматпакутную Беларусь”.

(Спадар: ) “Паспрабую адказаць на пытаньне. Ці ёсьць у нашай краіне роўнасьць паміж канфэсіямі. Паглядзіце на старыя фотаздымкі нашых гарадоў ды мястэчак. Касьцёлы, цэрквы, сынагогі стаялі ледзь ня побач, часам на адной базарнай плошчы, гледзячы адзін на аднаго, дзьверы ў дзьверы. Гэта было прыстойна і справядліва. І паглядзіце ў сёньняшні час: лепшае месца для праваслаўнай царквы, часам побач з будынкам гарадзкога савету. Як у славутым беларускім горадзе Энэргетыку. Недзе ў аддаленьні касьцёл, і зусім на ўскраіне пратэстанцкі храм. З праваслаўнай царквой заключана дамова на абслугоўваньне хворых у шпіталі, пратэстанцкага ж пастыра і на ганак не пускаюць. Ня лепшыя адносіны і да ксяндзоў. Ва ўсякім разе, ва ўсходнім раёне Беларусі. А зараз мяркуйце самі, ці ёсьць у нас роўнасьць паміж канфэсіямі”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабоды, у мяне прапанова па правядзеньню конкурсу для таго спадарства, у якога няма магчымасьці карыстацца інтэрнэтам. Гэта, ў асноўным, сталыя грамадзяне. Я прапаную, калі гаспадар ці гаспадыня зрабілі, як мінімум, 30-40 запісаў на працягу года, і яны трапілі ў эфір, то іх трэба ўзнагароджваць...”

(Міхась Сівы: ) “Два тыдні працягваецца ганебны канфлікт беларускага рэжыму зь вернікамі царквы “Новае жыцьцё”. На ўскрайку Менску, на месцы былога калгаснага кароўніка пратэстанты пабудавалі свой храм. Абараняючы сваё права на правядзеньне набажэнствы ў сваім храме, вернікі працягваюць галадоўку. Маўчыць агульнавядомы ў Беларусі “праваслаўны атэіст”. Добра памятаю, як камуністычныя ўлады ў часы Сталіна-Хрушчова гвалтоўна ператваралі праваслаўныя цэрквы і каталіцкія касьцёлы ў калгасныя сьвіраны і клюбы. У змрочныя часы ваяўнічага атэізму мае бліжэйшыя суседзі пратэстанты Альшэўскія і Садоўскія кансьпіратыўна зьбіраліся на набажэнствы ў дамах аднаверцаў на ўскрайку горада або ў навакольных вёсках. Цяпер дзеці і ўнуку паважаных суседзяў майго дзяцінства, якіх у той час у народзе звалі “сэктантамі” і “баптыстамі”, спраўляюць свае набажэнствы ў самым цэнтры майго роднага гораду. Храм быў пабудаваны яшчэ пры Гарбачове. Нашчадкі маіх суседзяў, як і іх бацькі, зьяўляюцца заўзятымі працаўнікамі, руплівымі гаспадарамі. Як іх бацькі, стварылі ўзорныя сем’і. Яны ня п’юць сьпіртных напояў, ня паляць, паважаюць закон, дысцыпліну і чужую маёмасьць. Вось узьнікае пытаньне: няўжо зусім не патрэбныя нашай краіне гэткія людзі, у тым ліку і тыя пратэстанты, што ўваходзяць у суполку “Новае жыцьцё”?

(Васіль Цюхай, Бярэзіна: ) “У Бярэзіне будуецца праваслаўны храм, вельмі вялікі. У нашым горадзе, напэўна, і людзей столькі няма, каб яго запоўніць цалкам. Таксама ў народзе ходзяць чуткі, што асьвяціць новы храм і пазваніць у званы прыедзе асабіста Лукашэнка разам зь ягамосьці Філарэтам на падхваце...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG