Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Poluli: “На ўсясьветнай арэне беларускае мастацтва ніяк сябе ня выявіла"


Радыё Свабода У якой сфэры мастацтва Беларусь праявіла сябе болей за ўсё? Апытаньне жыхароў Наваполацку.

Спадар:) “Я мяркую, што Беларусь найбольш выявілася ў выяўленчым мастацтве, бо яно найбольш даступнае. Многія нашыя мастакі зьехалі за мяжу і займелі там пэўнае імя”.

(Спадарыня:) “Ва ўсіх відах мастацтва Беларусь сябе выявіла: і ў тэатры, і ў балеце, і ў кіно. Таксама ў народных песьнях, у народнай творчасьці”.

(Спадарыня:) “Я думаю, на ўсясьветнай арэне беларускае мастацтва ніяк сябе ня выявіла. Яно мае мясцовы, местачковы характар. І на гэтым мясцовым узроўні сёньня квітнеюць, хіба што, народныя рамёствы ды ўтылітарны, выключна інтэр’ерны жывапіс”.

(Спадарычна:) “У Беларусі найбольш разьвітыя выяўленчае, тэатральнае і, відаць, танцавальнае мастацтва. Напрыклад, у Полацку і Наваполацку ёсьць таленавітыя мастакі, якія ствараюць выдатныя карціны. Выяўляецца Беларусь і ў тэатры. Скажам, вельмі высокі ўзровень майстэрства дэманструюць менскія тэатры”.

(Спадар:) “Мне здаецца, што Беларусь найбольш выяўляецца ў тэатральным мастацтве. Прычым, не ў прафэсійным, а ў народным тэатры. Дзеля прыкладу назаву студэнцкі тэатар “Арт” Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту”.

(Спадар:) “З усіх мастацтваў найбольш “выбілася” літаратура. Узяць тых жа Караткевіча зь Мележам. А вось што да кіно, дык стан нашага кінематографа вымушае жадаць лепшага. Пра тэатар нельга сказаць нічога кепскага, але й добрага таксама. Выяўленчае мастацтва – вось, відаць, той конік, які калісьці вывезе нас некуды пакручастымі сьцежкамі”.

(Спадарыня:) “Думаю, што гэта дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва. Зараз у нас рэалізуецца праграма па адраджэньні традыцыйных рамёстваў і нацыянальнай беларускай культуры. Беларуская зямля – гэта зямля таленавітых людзей”.
XS
SM
MD
LG