Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскіх парлямэнтароў кранула крытыка беларускіх калегаў


Радыё Свабода Група экспэртаў Рады Эўропы зь Нямеччыны і Польшчы наведае Вялікую Брытанію, дзе мае намер дэталёва азнаёміцца зь меркаванымі выпадкамі парушэньняў выбарчых правоў брытанцаў.

Размова ідзе пра ўведзеную ўрадам Тоні Блэра сыстэму галасаваньня праз пошту. Апошнім часам брытанская прэса шмат пісала пра факты маніпуляцыяў з аддадзенымі такім шляхам галасамі ў часе апошніх парлямэнцкіх выбараў у Бірмінгэме, Блэкбэрне, Гілдфардзе, Гэкні.

Паведамляецца, што такая інспэкцыя праводзіцца ў Аб’яднаным Каралеўстве ўпершыню за ўсю гісторыю Рады Эўропы, то бок ад 1949 году.

Адзін з ініцыятараў праверкі – прадстаўнік партыі Торы ў брытанскім парлямэнце Дэвід Уілшыр. Менавіта ён пераканаў правых і лібэральных эўрапейскіх дэпутатаў зрабіць адпаведны запыт.

Паводле Дэвіда Ўілшыра, махлярства з галасамі выбарнікаў ставіць багатую на дэмакратычныя традыцыі Брытанію ў адзін шэраг з Альбаніяй, Армэніяй, Азэрбайджанам, Украінай ды іншымі дзяржавамі, чые выбарчыя стандарты рэзка крытыкуюцца эўрапейскай супольнасьцю.

Аднак больш за ўсё лёнданскіх палітыкаў крыўдзіць, што брытанскае паштовае галасаваньне стала падставай для зьняважлівых публічных выпадаў з боку рэжыму Лукашэнкі. Як піша “Таймз”, сваю вялікую заклапочанасьць адносна маштабных парушэньняў правоў брытанцаў афіцыйная беларуская дэлегацыя выказала на прадстаўнічым форуме Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.
XS
SM
MD
LG