Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вэрсія "Windows" мае зьявіцца ўлетку 2007 году


Іна Студзінская, Менск Кампанія “Microsoft” у Беларусі паведаміла, што зацьверджаны бюджэт праекту падрыхтоўкі беларускамоўнай вэрсіі “Windows”. Цяпер ідуць пошукі выканаўцаў тэхнічнай і моўнай частак. Чакаецца, што гатовы прадукт зьявіцца на пачатку наступнага лета.

Таварыства беларускай мовы два гады вяло перамовы з маскоўскім офісам кампаніі “Microsoft” аб стварэньні беларускамоўных кампутарных прадуктаў. І вось нядаўна ў краіне зьявіўся мэнэджар “Microsoft” па разьвіцьці партнэрскай сеткі ў Беларусі Андрэй Баюшчанка. Ён і паведаміў, што першым этапам працы стане беларуская вэрсія LIP (Language Interface Pack), якая будзе працаваць з XP і Vista.

Аляксей Чарняеў – праграміст. Ён сам займаецца беларусізацыяй кампутарных праграм (у прыватнасьці, зрабіў беларускую вэрсію праграмы "Total Commander").

(Чарняеў: ) “У Беларусі ўжо ёсьць дастаткова вялікая супольнасьць людзей, для якіх мець беларускамоўныя вэрсіі праграм важна і з псыхалягічных меркаваньняў, і з гледзішча камфорту. Паводле ацэнкі адмыслоўцаў, такіх праграм пакуль няшмат, і яны перакладаюцца высілкамі асобных энтузіястаў. Што да “Windows”, то можна толькі вітаць такі крок. На мой погляд, у Беларусі “Microsoft” ня мае асаблівых прыбыткаў, бо ні бальшыня грамадзянаў, ні дзяржаўныя органы ліцэнзійных вэрсіяў звычайна не купляюць. Таму па-рознаму можна ставіцца да іх рашэньня з эканамічнага гледзішча, але з грамадзянскага гледзішча як беларус я вітаю гэтае рашэньне”.

Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў, які працаваў над першым беларускім спэлчэкерам – праграмай “Літара-1”, што працуе пад “Windows” і правярае беларускую артаграфію як у яе клясычным, так і ў савецкім варыянце, выказаў такое меркаваньне:

(Кручкоў: ) “Для неспэцыялістаў гэта вельмі радасна, што будзе беларуская мова ў “Windows”, але гэта толькі інтэрфэйс беларускамоўны. Падтрымкі моўнай яны ня робяць, дый ня змогуць зрабіць, таму што моўная падтрымка – гэта асобны праект. Гэта добра, што “Windows” беларусізуе свой інтэрфэйс, то бок моўную абалонку, як мы называем. Але гэтага будзе, вядома, недастаткова, калі там ня зьявіцца падтрымка артаграфічная”.

Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка кампаніі “Microsoft” у Беларусі Андрэя Баюшчанкі, зацьверджаны бюджэт праекту стварэньня беларускай вэрсіі “Windows”. Сума пакуль што не раскрывацца. Хто будзе выканаўцам тэхнічнай часткі праекту і хто будзе займацца стварэньнем слоўніка і перакладам, пакуль што таксама невядома. Магчыма, гэта будзе вызначацца на конкурснай аснове. Беларускамоўная вэрсія “Windows” мае зьявіцца ў чэрвені 2007 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG