Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Біятляніст Аляксей Айдараў атрымаў спартовы прытулак ва Ўкраіне


Ігар Карней, Менск Адзін з найбольш тытулаваных беларускіх біятляністаў Аляксей Айдараў у новым сэзоне будзе выступаць за зборную Ўкраіны. Паводле кіраўніцтва Фэдэрацыі біятлёну Ўкраіны, алімпійскі прызэр, чэмпіён сьвету, шматразовы пераможца пяршынстваў Эўропы і этапаў Кубка сьвету ўжо зьмяніў грамадзянства. У Беларускай фэдэрацыі біятлёну пацьвердзілі, што дазвол на выступ Айдарава за Ўкраіну ёсьць, але пры гэтым спартоўцу ўсё ж давядзецца прапусьціць чэмпіянат сьвету – каб не ствараў лішняй канкурэнцыі беларусам.

Канфлікт Аляксея Айдарава зь Беларускай фэдэрацыяй біятлёну разгарэўся напярэдадні зімовай Алімпіяды ў Турыне, калі спартовец не знайшоў свайго прозьвішча ў сьпісе алімпійцаў. Кіраўніцтва фэдэрацыі біятлёну, якую ўзначальвае старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, палічыла, што 31-гадовы Айдараў не набраў неабходнай спартовай кандыцыі, а таму ягоны ўдзел у Алімпіядзе немэтазгодны. Між тым Айдараў – адзіны беларускі біятляніст, які стаў прызэрам Алімпійскіх гульняў у складзе нацыянальнай каманды (Нагана, 1998 год).

У Беларускай фэдэрацыі біятлёну даюць зразумець, што ў паслугах Айдарава патрэбы больш ня маюць. Сам спартовец падчас летніх збораў у Раўбічах заявіў, што яшчэ не стары і хацеў бы выступаць далей. І прапанаваў свае паслугі зборнай Украіны.

Напярэдадні прэзыдэнт Фэдэрацыі біятлёну Ўкраіны Ўладзімер Брынзак афіцыйна пацьвердзіў: пытаньне з атрыманьнем Айдаравым украінскага грамадзянства вырашанае, і спартовец залічаны ў склад каманды.

У Беларускай фэдэрацыі біятлёну таксама пацьвердзілі, што афіцыйны дазвол за подпісам генэрала Сухарэнкі на пераход у каманду Ўкраіны Айдараву дадзены, але пры ўмове, што ён прапусьціць усясьветнае першынство 2007 году ў Антэрсэльве.

Гаворыць дзяржаўны трэнэр па біятлёне Аляксандар Бяляеў:

(Бяляеў: ) “Калі грамадзянства прыняў, значыць, і выступаць будзе. Праўда, за выключэньнем чэмпіянату сьвету. На этапах Кубка сьвету можа выступаць без абмежаваньняў”.

У штабе ўкраінскіх біятляністаў на Аляксея Айдарава ўскладаюць вялікія спадзяваньні. У адрозьненьне ад беларускіх калегаў, Уладзімер Брынзак перакананы: украінскай камандзе такі дасьведчаны прафэсіянал не пашкодзіць. Мала таго, Брынзак заявіў, што Айдараў мае стаць лідэрам зборнай Украіны.

Страта Айдарава – не адзіная для беларускай каманды. “Завязалі” са спортам адразу чатыры “вэтэраны” – Алег Рыжанкоў, Уладзімер Драчоў, Вадзім Сашурын і Алена Зубрылава. Пад пытаньнем удзел у спаборніцтвах і іншых дасьведчаных спартоўцаў. Вольга Назарава, лідэр каманды паводле вынікаў мінулага году, мае пляны другі раз стаць маці. Кацярына Іванова амаль ва ўльтыматыўнай форме патрабуе вырашэньня кватэрнага пытаньня.

Хто пры такім раскладзе працягне традыцыі беларускага біятлёну? Прагноз срэбранай прызэркі Алімпійскіх гульняў у Лілехамэры Сьвятланы Парамыгінай несуцяшальны.

(Парамыгіна: ) “Дзе тое пакаленьне, пра якое часта гавораць? Колькі ўжо Новікаву і Сыману? Па-мойму, гадоў па 26. Калі я была ў зборнай СССР, трапіўшы туды ў 24 гады, мне наўпрост сказалі: год пабудзеш, а потым будзем разьвітвацца. Маўляў, у такія гады ўжо ня бегаюць. У біятлёне калі няма вынікаў у 23 – 24 гады, чакаць, што яны некалі зьявяцца, гэта нерэальна. Таму калі мы гаворым альбо нехта піша, што Новікаў раскрыецца на наступнай Алімпіядзе, то гэта, прабачце, неабгрунтаваныя спадзяваньні”.

Аляксей Айдараў паўнавартасна пачне выступаць за зборную Ўкраіны ад лютага 2007 году, на адным з этапаў Кубка сьвету. Але першую абкатку з новымі партнэрамі зробіць падчас не зусім прэстыжных этапаў Кубка Эўропы, на якіх звычайна праглядаецца пэрспэктыўная моладзь.

* * * 15 лістапада Аляксею Айдараву споўніцца 32 гады. Зь ягонай дапамогай стабільна папаўнялася мэдалёвая скарбонка беларускай зборнай: першае месца ў каманднай эстафэце (1999 год); срэбраны мэдаль у 2001-м; бронзавыя мэдалі ў эстафэце і індывідуальных гонках у 1996, 2001, 2003 і 2005 гадох. Айдараў – уладальнік бронзавай алімпійскай узнагароды з Нагана. Найвышэйшае ягонае месца ва ўсясьветнай клясыфікацыі – 12-е ў агульным заліку сэзону 1998/99.
XS
SM
MD
LG