Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільмаскоп


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Сёньняшнія шасьцігадовыя падшыванцы і слова такога ня ведаюць: фільмаскоп. А вось іхныя дзяды ды бабулі, пачуўшы яго, міжволі пасьміхнуцца, згадаўшы цёмны пакой, падзертую прасьціну на сьцяне, пах мокрай вопраткі – глядзелі фільмаскоп, прыйшоўшы з вуліцы, -- ды стоены голас маці: “Посадил дед репку. Выросла репка больша-ая-пребольшая…” У аўтара гэтых нататак зь фільмаскопам зьвязаны яшчэ і перажываньні інтымнага характару.

Фільмаскоп разам з алюміневай пушачкай, на якой было напісана: “Дыяфільм “Рэпка”, -- мне падаравала на дзень нараджэньня родная цётка. Мне тады стукнула шэсьць гадоў. І хаця маці выставіла пачастунак -- торт з двума пляшкамі ліманаду, -- ніхто з запрошаных на дзень нараджэньня сяброў за стол ня сеў. Упрасілі дарослых закрыць вокны коўдрамі, павесілі на сьценку прасьціну, уключылі фільмаскоп, і маці, памружыўшыся на экран, прачытала пра дзеда, які – немаведама калі і немаведама дзе – пасадзіў у гародзе рэпку.

Фільмаскоп быў чорны, шурпаты навобмацак, з даўгім аб’ектывам і лямпачкай усярэдзіне. У яго ўстаўлялася плёнка, і мы, дзятва, разявіўшы раты, глядзелі на дзеда-мічурынца, на паветраны шар зь Нязнайкам у кашы ды на іншыя дыяфільмаўскія пэрсанажы. Маім улюбёным дыяфільмам была двухплёначная эпапэя пра Васька Трубачова. Асабліва падабаўся кадар, дзе піянэры білі шворнам па галаве нямецка-фашыстоўскага акупанта. З наступных кадраў выяўлялася, што гэта быў пераапранены ў эсэсаўскую форму партызан – іхны школьны настаўнік.

Перад паказам дыяфільму заўсёды спрачаліся – каму круціць плёнку. Звычайна, на правох гаспадара, круціў я. А вось чытаць тытры ніхто не жадаў, і прасілі пачытаць маю маці. Звычайна праглядалі толькі дзьве плёнкі. Калі ж мы прасілі крутнуць яшчэ адну, маці казала, што фільмаскоп нагрэўся і можа перагарэць. Ён, між іншым, і сапраўды быў гарачы. Уключаць фільмаскоп без дарослых нам рашуча забаранялася.

Глядзелі дыяфільмы хлапечай кампаніяй. Дзяўчынкі зьбіраліся асобна. Аднойчы, калі я ўжо вучыўся ў другім клясе, мне перадалі цыдулку, у якой шчыгульным почыркам было напісана: “Витя приходи смотреть фильмоскоб в 7 часов”. Знакі прыпынку ў цыдулцы адсутнічалі, а слова “фильмоскоп” было напісана зь літарай “б” на канчатку. Напісала цыдулку дзяўчынка з суседняга пад’езду, а перадала яе малодшая сястра, якая яшчэ не хадзіла ў школу. Мяне, прызнаюся, апанавала тады нэрвовая дрыготка. Пайсьці да дзяўчынкі, сядзець зь ёю поруч у цёмным пакоі… А раптам палезе цалавацца?! Я тады нікуды не пайшоў, аб чым цяпер шкадую, і міжволі ўздыхаю, згадаўшы забытае сёньня слова “фільмаскоп”.
XS
SM
MD
LG