Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа -- 18 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

Удзельнікі форума парталу TUT.by сочаць за сытуацыяй вакол пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”. Вось некалькі рэакцыяў на навіну пра тое, што юрысты царквы пачалі перамовы з уладамі.

“Улады прызнаюць толькі адзін спосаб камунікаваньня зь людзьмі – маналёг. Аўтар і выканаўца вядомы”.

“Папросту Праляскоўскі не пачуў згоды, таму й не прынята пакуль канкрэтных рашэньняў. Ён будзе хадзіць, пакуль ня зморыць іх”.

“Магчымыя два варыянты: 1. АМАП ноччу выводзіць 30 чалавек пад ручку, запіхваюць у нейкі транспарт, і вывозяць. 2. Тактыка чаканьня, пры якой чакаюць да той пары пакуль з-за галадоўкі не пачнуць выходзіць людзі ў вельмі цяжкім стане. Першы варыянт, менш верагодны, бо гэта не дзяцей валачы і кідаць у аўтазак. Там дарослыя людзі, галадоўнікі. Іх біць і штурхаць дручкамі ў сьпіну не атрымаецца. Другі варыянт проста ідэальны для машыны рэжыму. Чакаюць той пары пакуль людзі не пачнуць выходзіць з галадоўкі ў вельмі цяжкім стане. Набярэцца чалавек 5-10, вось і пачнецца там... А што людзі будуць у цяжкім стане, я ўпэўнены”.

А ў суполцы палулярнага сайту інтэрнэт-дзёньнікаў Жывы журнал minsk_by нехта Medvedd піша: “Сёньня яшчэ раз паглядзеў на свой двор і жахнуўся – машыны напханыя паўсюль, год таму такога дакладна не было. Знаёмыя ўсе альбо маюць машыну, альбо набываюць яе. Я згодны, што маючы сям’ю й дзяцей, на грамадзкім транспарце езьдзіць надта нязручна, аўтамабіль значна лепей. Але насельніцтва Менску расьце хутка, дый ня толькі расьце – яшчэ й багацее. Машыну не набывае толькі лайдак – грошай ужо хапае ўсім… Цікава было б паглядзець на графік колькасьці аўтамабіляў у Менску й вобласьці за пару гадоў – я пэўны, што там экспанэнта імкліва ўзьлятае. Ці хутка дарогі гораду ператварацца ў суцэльны затор, а двары – у суцэльную стаянку?”

На форумах Адкрытага гістарычнага клюбу гісторыкі працягваюць дыскутаваць пра паходжаньне беларусаў. Нехта Kandratowic выкладае “балцкую” тэорыю: “…славяне ішлі на нашыя землі з захаду й поўдня. Аніяк не з усходу. Але славяне не выцясьнялі балтаў у вялікай колькасьці ні на ўсход, ні на захад. На нашыя землі прыйшла маленькая колькасьць сапраўдных славянаў, яны занялі найбольш важкія гандлёвыя й рэсурсныя месцы на беларускіх землях і пачалі падпарадкоўваць сабе мясцовае насельніцтва – балтаў. Балты не былі вынішчаны, нашчадкі тых падпарадкаваных балтаў (якія складалі ну больш за 70 адсоткаў ад усяго тагачаснага насельніцтва) да сучаснасьці жывуць на Беларусі – гэта мы ўсе, простыя беларусы”.

Беларускі літаратар Павал Анціпаў у сваім блогу зьмясьціў аўдыёзапіс, дзе ён чытае ўласнае апавяданьне – пра старых Івана Антонавіча й Пятра Філімонавіча. Стары Пётар Філімонавіч даводзіцца ўнукам Івану Антонавічу. Сайт Беларуская жаба зьмяшчае новы каляж – Аляксандар Лукашэнка з ярка расфарбаванымі вуснамі, якладзенымі як для пацалунку. Подпіс да каляжа: “Расейцы! Захаваем схему “Газ у абмен на пацалункі” ў 2007 годзе!”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG