Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Фукуяма: “6000 даляраў у год – умова для пераходу да дэмакратыі”


Ганна Соўсь, Прага Вядомы амэрыканскі філёзаф і палітоляг Фрэнсыс Фукуяма днямі выступіў з публічнай лекцыяй ў Кіеве, дзе сярод іншага заявіў, што камуністычная спадчына перашкаджае далейшаму разьвіцьцю Украіны. Тады ж ён даў інтэрвію Радыё Свабода, у якім сярод іншага распавёў пра пэрспэктывы Украіны пасьля Памаранчавай рэвалюцыі, а таксама пра тое, чаму ён лічыць сябе марксістам, а чальцоў адміністрацыі ЗША называе сапраўднымі ленінцамі.

Фрэнсыс Фукуяма набыў сусьветную вядомасьць пасьля публікацыі пры канцы 1980-х гадоў артыкулу “Канец гісторыі”, галоўная ідэя якога палягала ў тым, што лібэральнай дэмакратыі ў сучасным сьвеце не засталося сур’ёзных альтэрнатываў. Паводле Фукуямы, вядомыя нам ідэалёгіі (такія як камунізм ці ісламскі фундамэнталізм) з часам стануць усё менш прывабныя, а прынцыпова новых ня зьявіцца. Прафэсара Фукуяму часам крытыкуюць за тое, што ягоныя ідэі вяршынства лібэральнай дэмакратыі стварылі клімат, спрыяльны для самаўпэўненых паводзінаў амэрыканскіх уладаў у сьвеце. Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці не адчувае ён у пэўнай ступені інтэлектуальную адказнасьць за гэта, прафэсар Фукуяма, зазначыў наступнае.

(Фукуяма: ) “Не. Думаю, што адміністрацыя Джорджа Буша, мяркуючы, што яны выкарыстоўваюць мае ідэі, насамрэч няправільна іх зразумелі. Я б сказаў, што яны былі сапраўды ленінцамі. Яны верылі, што можна прасунуць дэмакратыю сілай. А я заўсёды быў больш марксістам, у тым сэнсе, што верыў, што дэмакратыя нараджаецца ў даўгатэріміновым працэсе мадэрнізацыі сіламі ўнутры грамадзтва, і гэты працэс немагчыма паскорыць звонку”.

Фрэнсіс Фукуяма нарадзіўся 27 кастрычніка 1952 году ў Чыкага. Атрымаў ступень бакаляўра мастацтваў ў Карнэльскім унівэрсытэце і ступень доктара філязофіі ў Гарвардзе. Працаваў у дэпартамэнце палітычнага плянаваньня Дзярждэпартамэнту ЗША. Быў у складзе амэрыканскай дэлегацыі на эгіпецка-ізраільскіх перамовах ў пытаньні палестынскай аўтаноміі. У 1996-2000 гадах Фукуяма быў прафэсарам у Школе грамадзкай палітыкі ва ўнівэрсытэце Джорджа Мэйсона. Цяпер ён сталы кансультант карпарацыі RAND ў Вашынгтоне. Асноўная спэцыяльнасьць Фрэнсыса Фукуямы – міжнародныя дачыненьні. І менавіта “халодная вайна” і распад Савецкага Саюзу з’яўляюцца ключавымі пунктамі ў вышэй згаданай канцэпцыі “канца гісторыі. А вось як ацэньваў яе ў лютым 2001 году Васіль Быкаў, гаворачы для Радыё Свабода пра канцэпцыю нацыяналізму. Дарэчы, Фукуяму часам называлі “апошнім адвакатам нацыяналізму”.

(Быкаў: ) “Прыклад Фрэнсыса Фукуясы сапраўды паказальны. Хаця сама праца “Канец гісторыі” вельмі цікавая, як і яго пазыцыя ў адносінах да антыкамуністычных рэжымаў у сьвеце. Ён правільна зразумеў найперш антыкамуністычны накірунак сучаснага постсавецкага нацыяналізму, за што ад сваіх апанэнтаў, як вядома, атрымаў азначэньне "апошняга адвакату нацыяналізму". Але ягоная спроба прадказаць канец гісторыі, найперш у сацыяльна-культурніцкім сэнсе, вельмі хутка аказалася памылковай, што да гонару аўтара, і было ім прызнана. Гісторыя працягваецца, і гэта правільна, бо ў каторы раз сьведчыць пра элемэнтарную ісьціну. У наш час нічога прадказаць немагчыма. Мабыць прышласьць, як і гісторыя няўлоўная і непрадказальная найперш з той прычыны, што, так бы мовіць, мэтафізычна парадаксальныя.

Што ж да Беларусі, дык у ёй усё зацыклілася на палітычным аспэкце, які зьмярцьвіў усякі эканамічны зрух. Беларусь бязглузда адасобілася ад нармальных эканамічных працэсаў, апынулася ў нейкай посткамуністычнай рэзэрвацыі, як тая Куба ці Паўночная Карэя”.

Але вернемся да публічнай лекцыі Фрэнсыса Фукуямы ў Кіеве і ягонага інтэрвію Радыё Свабода. Калісьці амэрыканскі філёзаф гаварыў, што найбольш уплывовая няўрадавая арганізацыя ва Ўкраіне – гэта мафія. Што зьмянілася за апошні час? На гэтае пытаньне Свабоды Фрэнсіс Фукуяма адказвае гэтак.

(Фукуяма) “Што ўражвае ва Ўкраіне, то гэта праява грамадзянскай супольнасьці. Згадваю, як у Расеі ў 1990-ыя гады былі пэўныя праявы грамадзянскай супольнасьці, такія як свабодная прэса, аб’яднаньні грамадзянаў і гэтак далей. Ва Ўкраіне тады гэтага было меней. І раптам падчас Памаранчавай рэвалюцыі стала відавочна, што поўна групаў, якія гатовыя адстойваць свае палітычныя пазыцыі, і гэта прывяло да правядзеньне паўторных выбараў і зьмены выніку. Я мяркую, што гэта пазытыўная форма сацыяльнага капіталу на зьмену такіх нэгатыўных формаў, якія ўвасабляе мафія”.

Цяпер ва Ўкраіне многія людзі расчараваліся ў Памаранчавай рэвалюцыі і не давяраюць уладам. А партыі, якія былі на чале тых падзеяў, перайшлі ў апазыцыю. Што ж тады адбываецца з грамадзянскай супольнасьцю ва Ўкраіне? Вось меркаваньне Фрэнсыса Фукуямы.

(Фукуяма: ) “Чаканьні, якія спарадзіла Памаранчавая рэвалюцыя, верагодна, былі нерэалістычнымі. Украіна ня можа зь нічога стаць паўнавартаснай лібэральнай дэмакратыяй, для гэтага патрэбен час. Канфлікт інтарэсаў падчас Памаранчавай рэвалюцыі, праблемы лідэрства – гэта ўсё можна было прадбачыць. Таму і ня дзіўна, што становішча не зьмянілася так, як таго чакалі людзі. Я думаю, што найбольш важнае пытаньне на пэрспэктыву: ці змогуць людзі надалей застацца змабілізаванымі, каб працягваць аказваць ціск на ўлады, каб тая выконвала волю украінскага народу. Я ня думаю, што цяпер можна сьцьвярджаць, што людзі ізноў стануць пасіўнымі”

Выступаючы з публічнай лекцыяй ў Кіеве, прафэсар Фукуяма згадаў гісторыю Паўліка Марозава, які адмовіўся ад уласнага бацькі. Паводле Фукуямы, гэта прыклад таго, як камуністычная дзяржава насаджала каштоўнасьці, разбуральныя для стварэньня атмасфэры даверу ў грамадзтве. І як іншы прынцып пабудовы даверу Фукуяма прыводзіць прыклад, як у амэрыканскай Сыліконавай даліне бізнэсоўцы, якія канкуруюць на рынку, тым ня менш дзеляцца між сабой інтэлектуальнымі распрацоўкамі. “Ключ да посьпеху – гэта давер людзей адзін да аднаго, і гэта ёсьць асновай сацыяльнага капіталу”, у гэтым перакананы амэрыканскі філёзаф.

Але вернемся да ацэнкі Фукуямам сытуацыі ва Украіне. Як ён глядзіць на дапамогу замежных урадаў ці міжнародных арганізацый, якія падтрымліваюць няўрадавыя арганізацыі ў розных краінах?

(Фукуяма: ) “Гэтае пытаньне трэба разглядаць у шырокім кантэксту глябалізацыі. Шмат рэчаў рухаюцца праз міжнародныя межы – грошы, ідэі, інфармацыя. І гэта непазьбежна, што людзі пачынаюць выкарыстоўваць замежны досьвед, атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы з тым, каб фармаваць ўласную супольнасьць. Але ўрэшце людзі самі ствараюць грамадзянскую супольнасьць, сацыяльны капітал і дэмакратыю. Гэта ня можа зрабіць нехта з-за мяжы”.

А вось як можна памножыць сацыяльны капітал? Ці можна не рабіць гэта з гары да нізу альбо праз дапамогу з-за мяжы?

(Фукуяма: ) “Не, сацыяльны капітал заўсёды будуецца зьнізу ўверх, калі людзі супрацоўнічаюць, праз асьвету. Дзяржава можа толькі стварыць умовы, у якіх людзі могуць ствараць сацыяльны капітал. Дзяржава не павінна надта ўмешвацца і ўсё кантраляваць, але адначасна ўлада мае дбаць пра бясьпеку, стабільнасьць, і гэта таксама неабходная перадумова для стварэньня сацыяльнага капіталу”.

Фрэнсыса Фукуяму часта крытыкуюць за гэтак званы культурны дэтэрмінізм, ідэю, што мінулая гісторыя вызначае каштоўнасьці ў грамадзтве. Гэта выклік для Украіны, якая ў мінулым была часткай розных імпэрый. Як прадухіліць культурны разьдзел ў дзяржаве? Прафэсар Фукуяма думае, што ў будучыні на разьвіцьцё Украіны найбольш будуць уплываць зусім не суседнія краіны.

(Фукуяма: ) “Думаю, што культура мяняецца з часам, і цяпер зусім іншыя ўмовы ў сьвеце. І ўплыў розных чыньнікаў, ня толькі суседніх краінаў, але і ў Эўропы і Амэрыкі. І тут важна быць адкрытымі да іншых ідэяў і мадэляў.

Тое, як людзі здабываюць адукацыю і веды, таксама мае вялікі ўплыў на культуру. Таму, думаю, што ўсё гэта паўплывае на ўкраінскую культуру ў будучыні”.

У адной з апошніх кнігаў “Дзяржаўнае будаваньне: кіраваньне і ўсясьветны парадак ў 21 стагодзьдзі” Фукуяма разглядае сувязь паміж дэмакратыяй і сілай дзяржавы. Ён скептычна ставіцца да цьверджаньняў, што свабодны рынак сам па сабе можа вырашыць усе праблемы. Зь іншага боку паводле Фукуямы, з ростам дабрабыту расьце і патрэба грамадзтва ў сапраўднай дэмакратыі. 6 тысяч даляраў гадавога даходу на душу насельніцтва Фукуяма вызначае як стандартны ўзровень для пераходу да дэмакратыі.

Дарэчы, 6 тысячаў гадавога даходу – гэта 400 даляраў на месяц. А ў Беларусі сярэдні заробак сёлета ў жніўні склаў 572 тысячы рублёў, гэта каля 268 даляраў ЗША. Такім чынам, паводле амэрыканскага філёзафа і палітоляга Фрэнсіса Фукуямы, Беларусь яшчэ не наблізілася да стандартнага роўню для пераходу да дэмакратыі.
XS
SM
MD
LG