Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятро Бітэль


Уладзімер Арлоў, Менск 19.6.1912, м. Радунь (цяпер Воранаўскі раён) — 18.10.1991, Маладэчна. Пахаваны ў в. Вішнева, Валожынскі раён.

На самым досьвітку літаратурнага шляху я надрукаваў у газэце “Літаратура і мастацтва” апавяданьне “Двойка”. Ягоны герой, шасьціклясьнік зь вясёлай мянушкаю Шкілет, выславіўся тым, што ў сачыненьні на тэму “Самы памятны дзень лета” насуперак парадам настаўніцы напісаць пра экскурсію ў Маскву або пра касьцёр у піянэрскім лягеры распавёў аб тым, як, выпрабоўваючы сьмеласьць, шукаў уначы на вясковых могілках магілу свайго дзеда.

У выніку ў апавяданьні Шкілет атрымаў “дваяк”, а аўтар, гэта значыць я, у рэальным жыцьці быў усьцешаны перасланым з рэдакцыі дзясяткам лістоў абураных настаўнікаў, што баранілі гонар мундзіру. Самы рэзкі і, я сказаў бы, самы таленавіты зь водгукаў належаў пяру выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Вішнеўскай школы з Валожыншчыны. “За такі твор я сам, не вагаючыся, паставіў бы Ўладзімеру Арлову “двойку”,— выносіў прысуд невядомы мне Пятро Бітэль.

Так — спачатку завочна — я і пазнаёміўся зь ім, чалавекам, у лёсе якога адбіліся многія трагічныя беларускія падзеі ХХ стагодзьдзя.

У дзяцінстве Пятрок з бацькамі трапіў у лік тых палутара мільёнаў беларусаў, якіх у Першую сусьветную царскія ўлады выгналі з хатаў і прымусова адправілі на ўсход, у бежанства. Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Бітэлі апынуліся ў Заходняй Беларусі, дзе Пятро атрымаў добрае нацыянальнае выхаваньне ў вядомай Барунскай настаўніцкай сэмінарыі. У 1939-м афіцэр польскага войска Бітэль трапіў у савецкі палон, але трагедыя Катыні абмінула яго...

Аднак, хоць і з спазьненьнем, гэбісты прыйшлі па беларускага патрыёта, які ў той паваенны час ня маючы магчымасьці працаваць настаўнікам, быў праваслаўным сьвятаром.

Да вызваленьня ў 1956-м ён пасьпеў адседзець пяць зь дзесяці адмераных савецкім судом канцлягерных гадоў. Кемерава — Омск — Джэзказган. Лесапавал — будоўлі сацыялізму — медныя капальні. Але дзе б ні цягнуў тэрмін Бітэль, паўсюль яго акружала глыбокая павага й любоў палітзьняволеных-беларусаў. Сябры, часам разьлічваючыся сваёй пайкаю, здабывалі Пятру магчымасьць не ісьці на працу, а седзячы ў прыцемным кутку барака, перакладаць на беларускую мову Адама Міцкевіча. На абгортачнай паперы Бітэль перастварыў “Пана Тадэвуша”, “Конрада Валенрода” і “Гражыну”. (Бітэлеў пераклад “Пана Тадэвуша” з цудоўнымі ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча быў выдадзены Беларускім Фондам культуры ў 1998-м, да 200-годзьдзя Адама Міцкевіча.)

У Саюз пісьменьнікаў нас прымалі адначасова — у 1986-м. Бітэль падараваў мне сваю кнігу паэмаў, што ўразілі гістарызмам мысьленьня і напружанай пульсоўнай энэргетыкай. Я падпісаў яму сваю першую кніжку апавяданьняў і колькі дзён лавіў сябе на тым, што чакаю ліста, дзе спадар Пятро зноў паставіць мне “двойку”. Але тым разам пранесла. Наступныя кнігі таксама атрымлівалі ад яго адзнакі, вышэйшыя за два балы.

Будзеце ў Вішневе, наведайце апошні прыстанак Пятра Бітэля, нязломнага беларуса, які нават у лягерным пекле натхнёна служыў сваёй музе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG