Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бяда апазыцыі ў тым, што ў яе няма суперніка, роўнага Лукашэнку”


ВалянцінЖданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашы слухачы ў сваіх лістах разважаюць пра тое, што дазваляе цяперашняму беларускаму кіраўніку ўжо больш як дванаццаць гадоў утрымліваць уладу і што замінае беларускай апазыцыі за гэтую ўладу эфэктыўна змагацца.

Аўтар аднаго з апошніх допісаў на гэту тэму — адстаўны афіцэр савецкай арміі Ўладзімер Каско зь Менску.

“Лукашэнка — моцны і таленавіты палітык, — піша спадар Каско. — Як бы вы яго ні крытыкавалі, ён такім і застанецца. Бяда апазыцыі ў тым, што ў яе няма суперніка, роўнага Лукашэнку. Усе гэтыя апазыцыйныя палітыкі выглядаюць нейкімі мізэрнымі, дробнымі на тле прэзыдэнта. Людзі гэта бачаць, таму і галасуюць за Лукашэнку. І так будзе яшчэ вельмі доўга.

У Лукашэнкі ёсьць недахоп: ён пасварыўся з Захадам. Многім людзям гэта ня надта падабаецца. Беларусы хочуць жыць, як на Захадзе. Многія імкнуцца выехаць туды на заробкі, уладкаваць дзяцей. А Захад адгарадзіўся візамі. Калі б Лукашэнка здолеў перахітрыць Захад, зрабіць выгляд, што ў Беларусі ўжо ёсьць свабодныя выбары і свабода прэсы, калі б яго прызнаў Захад, ён застаўся б пры ўладзе пажыцьцёва. Нашым людзям выбары і свабода прэсы абыякавыя, а вось атрымліваць такія заробкі, як немцы ці амэрыканцы, хацелі б усе”.

Тут, спадар Каско, вось якая залежнасьць: чым меней у краіне дэмакратычных правоў і свабодаў, чым больш у ёй уціскаюць прэсу і меней у грамадзянаў магчымасьці выбіраць сабе ўладу — тым бядней жывуць там людзі. Прыкладаў можна называць шмат. Ва ўмовах жорсткіх дыктатураў у Паўночнай Карэі й на Кубе самыя неабходныя тавары й харчаваньне разьмяркоўваюцца па картках, а многія людзі церпяць ад голаду.

І перахітрыць тут Захад наўрад ці ўдасца. Усе аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы робяць выгляд, што ўладу ўтрымліваюць законна — і дзеля гэтага праводзяць псэўдавыбары, на якіх рэгулярна атрымліваюць так званыя “пераканаўчыя перамогі”. Але дэмакратычныя краіны даўно выпрацавалі ўласныя крытэры вызначэньня свабодных і справядлівых выбараў, якімі й кіруюцца.

Што да безальтэрнатыўнасьці асобы Аляксандра Лукашэнкі. Многае тут, спадар Каско, тлумачыцца тым, што ніхто ў Беларусі, апроч першай асобы, ня мае шырокага доступу да тэлебачаньня. І людзі проста ня ведаюць іншых імёнаў.

Наш слухач Віталь Камаровіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну свой ліст напісаў пад уражаньнем ад нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі, якую Аляксандар Лукашэнка даў прадстаўнікам расейскіх рэгіянальных мэдыяў:

“Як жа так? Ніводнага вострага пытаньня. Ну, няхай нашы журналісты заціснутыя, баяцца. А ў Расеі ж сякая-такая свабода ёсьць. А ўсе сядзелі, нібы загіпнатызаваныя. Слухалі, што ў нас, маўляў, няма апазыцыі, а ёсьць толькі дробнае нацыяналістычнае атрэб’е… Хоць у любой дэмакратычнай дзяржаве апазыцыя павінна існаваць, як і свабодныя дэмакратычныя выбары. Тым больш, што і сам Лукашэнка ня раз заяўляў: у нас ствараецца сацыяльна арыентаваная прававая дзяржава. А калі прававая — дык і апазыцыю прыніжаць ды ўціскаць не павінны.

Ніхто з прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў прэзыдэнту не запярэчыў, не задаў па-сапраўднаму вострага пытаньня. А варта было б. Яны ж адносна свабодныя й незалежныя”.

Думаю, спадар Камаровіч, многае тут тлумачыцца тым, што выпадковыя журналісты, якія не прайшлі адмысловага адбору, на гэтую прэсавую канфэрэнцыю ня трапілі. У ёй удзельнічалі тыя прадстаўнікі расейскіх мясцовых газэтаў і тэлестудыяў, якіх праз сваю амбасаду ў Маскве запрасілі беларускія ўлады. Пры гэтым запрошаным зь дзяржаўнай беларускай казны аплацілі й дарогу, і гатэлі, і пачастунак, і экскурсійную праграму. Ці маглі пасьля ўсяго гэтага госьці крыўдзіць гаспадароў нязручнымі вострымі пытаньнямі?

Дарэчы, арганізаваныя беларускай уладай журналісцкія дэсанты з расейскіх правінцыйных мэдыяў за апошнія гады сталі ў Беларусі частай зьявай. Кожны раз пасьля іх у расейскіх рэгіянальным друку зьяўляюцца дзясяткі хвалебных артыкулаў і сюжэтаў пра “дасягненьні й посьпехі” беларускага рэжыму.

Аўтар наступнага ліста — Леанарда Роменская з Маладэчна:

“Я пэнсіянэрка. Слухаю “Свабоду” кожны дзень. Толькі ў вас можна пачуць хоць трохі праўды. А то настолькі абрыдла слухаць гэты падман, які льецца зь дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Вось як нядаўна сьвяткавалі Дажынкі... Хваляцца, што сабралі ўсё да апошняга зярнятка, атрымалі багаты ўраджай. Але ж людзей не падманеш. Усе бачылі, колькі зерня зааралі ў зямлю. Яно цяпер паўзыходзіла: многія ўзараныя пасьля жніва палеткі зелянеюць, нібы засеяныя. А колькі засталося ўвогуле несабранага. Таксама ўсё загорнуць у зямлю. А на ўвесь сьвет хваляцца, якія яны добрыя гаспадары. Можна многа пра гэта пісаць, але ўсяго не апішаш…

Бог паслаў нам выпрабаваньне за нашы правіны. Але ня трэба губляць надзеі на лепшае, трэба маліцца за людзей, якія пакутуюць за праўду й справядлівасьць, якія церпяць усялякія зьдзекі — каб Бог даў ім сілы і цярпеньня, і меў апеку над імі”.

Сапраўды, спадарыня Роменская, хваліцца сёлетнімі сельскагаспадарчымі вынікамі асабліва не выпадае: людзі, якія маюць да вёскі хоць якое дачыненьне, усё гэта бачылі й бачаць уласнымі вачыма. Але мэханізм Дажынак запушчаны даўно, штогоду ў гэты вялізны фэст укладваюцца значныя дзяржаўныя грошы. Да яго пачынаюць рыхтавацца яшчэ з восені... І адмяніць яго ў апошні момант, напэўна, складана. Нават калі зьяўляецца такая важная прычына, як адсутнасьць падставы для ўрачыстасьці й трыюмфу.

Пры гэтым заўважна, што саміх удзельнікаў Дажынак гэты факт ня надта бянтэжыць. Чаго ня скажаш пра тых, хто мае магчымасьць назіраць за ўрачыстасьцямі толькі па тэлевізійных рэпартажах.

Ліст ад Максіма Доўгага з Наваградзкага раёну:

“Лукашэнка абяцаў узяць з савецкага мінулага ўсё найлепшае. А добрага там, сапраўды, было нямала. Напрыклад, бясплатнае жыльлё. Але чамусьці бясплатнага жыльля ў Беларусі не засталося. Хочаш атрымаць кватэру — станавіся ў чаргу на крэдыт, які потым трэба вяртаць.

У Беларусі калі што і ўзята з савецкага досьведу, дык далёка ня самае лепшае. Напрыклад, у нас дакладна такая ж усемагутная бюракратыя, такое ж бяспраўе простага чалавека, падхалімства перад начальствам, хабарніцтва”.

Ну, спадар Доўгі, гэтым пералік не абмяжоўваецца. У Беларусі скапіявана вельмі шмат вынаходзтваў савецкага ладу. Напрыклад, сыстэма ўлады, пры якой усе высокапастаўленыя чыноўнікі, кіраўнікі рэгіёнаў прызначаюцца аднаасобна кіраўніком дзяржавы. Альбо выбарчая сыстэма, пры якой апазыцыя практычна пазбаўленая шанцаў на перамогу. Ці, напрыклад, дачыненьні ўлады са сродкамі масавай інфармацыі.

Што да бясплатнага жыльля… Бясплатным яно не было і ў Савецкім Саюзе. Людзі плацілі за яго, не атрымліваючы належнай зарплаты, а потым стоячы паўжыцьця ў чэргах. Дарэчы, фактычна бясплатнае жыльлё даступнае і сёньня — але вельмі вузкай катэгорыі насельніцтва. У прыватнасьці, высокапастаўленым намэнклятурным чыноўнікам.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава:

“У праграмах Беларускай Свабоды мне падабаецца амаль усё, калі не лічыць надакучлівых згадак, паўтораў і анонсаў, якія ўвесь час трансьлююцца й толькі раздражняюць чалавека, які імкнецца даведацца болей навінаў. Усё больш пераконваюся, што беларускае грамадзтва цяпер падзеленае на два лягеры. З аднаго боку барыкадаў — лукашысты, а з другога — беларусы на чале з загартаваным у палітычнай барацьбе Зянонам Пазьняком”.

Далёка ня ўсе нашы слухачы, спадар Шустоўскі, маюць магчымасьць праводзіць ля прыймача па шмат гадзінаў запар — для іх і патрэбныя анонсы і паўторы. Запатрабаваньні й пажаданьні гэтай значнай часткі нашай слухацкай аўдыторыі мы павінны ўлічваць.

Што да барыкадаў, пра якія вы пішаце… Нават калі яны й існуюць, то, думаю, вы памыляецеся, калі лічыце, што беларусы толькі з аднаго боку гэтых барыкадаў. А ўвогуле, напэўна, больш дакладна было б сказаць, што большая частка беларускага грамадзтва сёньня зусім не на гэтых барыкадах, а пазірае на іх збоку, і пры гэтым не зусім разумее, дзеля чаго яны патрэбныя і што на іх адбываецца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG