Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактары незалежных выданьняў зьвяртаюцца да Лукашэнкі


Радыё Свабода Галоўныя рэдактары пяці недзяржаўных беларускіх газэт - "Народнай волі", "Товарища", "БДГ. Деловой газеты", "Витебского курьера" і "Борисовских новостей" - звярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта краіны. Гэта ўжо другі такі калектыўны зварот на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Першы быў адпраўлены ў канцы жніўня, але застаўся без адказу.

Аўтары ліста просяць кіраўніка дзяржавы садзейнічаць ім ў вырашэньні праблем, зьвязаных з друкаваньнем і распаўсюджваньнем іх выданьняў. З кастрычніка 2005 года гаспадарчыя суб''екты, зь якімі ў рэдакцый былі заключаныя дамовы на друкаваньне і распаўсюджваньне выданьняў, у аднабаковым парадку скасавалі іх і адмовіліся ад супрацоўніцтва на 2006 год. Не дапамаглі ні наступныя працяглыя перамовы з гэтымі прадпрыемствамі, ні звароты ў суды.

Як зазначаюць аўтары ліста, у неафіцыйных гутарках некаторыя службовыя асобы спасылаюцца на ўказаньні адміністрацыі прэзыдэнта. "Сапраўды, ствараецца ўражаньне аб прадыктаваных зьверху рашэньнях аб адмаўленьні ў заключэньні дагавораў з намі. Калі гэта насамрэч адпавядае рэчаіснасьці, то такая практыка супярэчыць Вашым указаньням і не стасуецца з аб''яўленымі дэмакратычнымі пераменамі ў краіне", - гаворыцца ў лісьце. Яго аўтары, у прыватнасьці, нагадваюць, што, выступаючы ў плаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прэзыдэнт заявіў аб сваёй гатоўнасьці даць "адпаведныя даручэньні з мэтай вырашэньня праблемы". Аднак спробы рэдакцый заключыць дамовы на друкаваньне газэт у Беларусі і ўключыць іх у каталёгі пэрыядычных выданьняў на 2007 год застаюцца беспасьпяховымі.
XS
SM
MD
LG