Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Пачаўся працэс над праваабаронцай Кацярынай Садоўскай


Любоў Лунёва, Менск У Ленінскім судзе Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць праваабаронцы Кацярыны Садоўскай. Яе абвінавачваюць у зьнявазе й пагрозах на адрас судзьдзі, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Кацярыну Садоўскую ад 25 ліпеня трымалі ў псыхіятрычным шпіталі, а потым зьмясьцілі ў турму на вуліцы Валадарскага.

Пацярпелай у справе зьяўляецца судзьдзя Кіраўскага раённага суду (Магілёўская вобласьць) Надзея Чмара. У сваім выступе на паседжаньні Н.Чмара патлумачыла, што атрымлівала лісты з пагрозамі на свой адрас, а таксама, што ёсьць запіс з аўтаадказьніка, дзе невядомы мужчынскі голас праклінае і зьневажае яе. Яна зьвязвае гэты інцыдэнт з грамадзянінам Смайлавым, справу якога разглядала. На тым судзе яму дапамагала Кацярына Садоўская.

Судзьдзя паведаміла, што падазрэньні пра датычнасьць Кацярыны Садоўскай да пагрозаў грунтуюцца на яе, Надзеі Чмары, высновах.

Прозьвішча судзьдзі стала вядомае шырокім колам грамадзкасьці пасьля таго, як яна вынесла прысуд Васілію Старавойтаву. Яна паведаміла суду, што неаднойчы сутыкалася з пагрозамі на свой адрас і што яе дом пэўны час ахоўвалі міліцыянты пасьля спробы падпалу.

60-гадовая Кацярына Садоўская хворая на цукровы дыябэт. 12 красавіка ёй зрабілі анкалягічную апэрацыю.

На суд прыйшлі каля трыццаці чалавек, якім у свой час Кацярына Садоўская аказвала дапамогу. Спадарыня Садоўская ўзначальвае беларускае аддзяленьне Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху “Веча”. Кіраўнік арганізацыі Венядзікт Даставалаў прыехаў, каб прысутнічаць на судзе.

(Даставалаў: ) “У мяне ёсьць сур’ёзныя сумненьні наконт аб’ектыўнасьці й неперадузятасьці суду. Хачу быць сьведкам таго, што суд будзе зьдзяйсьняць правасудзьдзе, а не расправу над чалавекам за ягоныя перакананьні. Падставы для гэтага ў мяне ёсьць, хаця б з тае інфармацыі, якую мы атрымліваем зь Беларусі”.

Адвакат Кацярыны Садоўскай папрасіў суд прызначыць экспэртызу тэкстаў пагрозаў, каб вызначыць іх аўтарства.

Надзея Чмара таксама паведаміла, што яшчэ ня вырашыла, ці падаваць ёй пазоў пра маральную кампэнсацыю. Яна казала, што зрабіла ксэракопію ліста з пагрозамі, і яго чыталі яе дзеці. Праўда, яна не патлумачыла, навошта гэта зрабіла.

У крымінальнай справе фігуруе прозьвішча яшчэ адной судзьдзі Кіраўскага суду — спадарыні Ўліцінай. Надзея Чмара паведаміла, што ў лістах было напісана пра тое, што муж Уліцінай незаконна набыў сабе пасьведчаньне вэтэрана аўганскай вайны.

Суд вырашыў дапытаць у якасьці сьведкі спадарыню Ўліціну заўтра, 19 кастрычніка.

Адвакат Кацярыны Садоўскай не выключае, што заўтра пачнецца судовае сьледзтва, якое разгледзіць абвінавачаньні ягонай падабароннай у абразе Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG