Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз крытыкуе Расею за дзеяньні супраць Грузіі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Міністры замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу на сваёй нарадзе ў Люксэмбургу ў аўторак востра скрытыкавалі Расею за яе дзеяньні супраць Грузіі. Адначасна высокія эўрапейскія чыноўнікі падкрэсьліваюць, што Эўразьвяз не зацікаўлены ў пагаршэньні доўгатэрміновых стасункаў з Расеяй.

У дэклярацыі, ухваленай учора, Эўразьвяз выказаў “глыбокую занепакоенасьць” у зьвязку з дзеяньнямі, якія Расея ўжыла супраць Грузіі, і іх эканамічнымі, палітычнымі і гуманітарнымі наступствамі. Маскву таксама заклікалі “не ладзіць у Расеі акцыяў супраць грузінаў”. Заява Эўразьвязу вытрыманая ў больш вострых выказваньнях, чым звычайна.

Пасьля нарады эўракамісар у пашырэньні і суседзкіх сувязях Беніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што антыгрузінскія захады Масквы празьмерныя і неабгрунтаваныя.

(Фэрэра-Вальднэр:) “Дзеяньні, скіраваныя супраць грузінаў, якія працуюць у Расеі і асабліва супраць школьнікаў у расейскіх школах, гэтаксама як і ціск на грузінскія фірмы, а таксама транспартная блякада, забароны на імпарт, закрыцьцё межаў – усё гэта надзвычай непакоіць. Мы думаем, што гэтыя захады не дапамогуць вярнуцца да нармальных стасункаў паміж краінамі, а таму павінны быць адмененыя.”

Наўрад ці Эўразьвяз пойдзе на нейкія дадатковыя дзеяньні. Галоўная задача гэтай дэклярацыі – дыпляматычная падтрымка Грузіі.

Грузія зьяўляецца партнэрам Эўрапейскага Зьвязу ў рамках палітыкі эўрапейскага суседзтва. Але важнай патрэбай Эўразьвязу зьяўляецца і супрацоўніцтва з Расеяй у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Таму такія краіны, як Грузія ці Ўкраіна, павінны разумець магчымую ступень іх падтрымкі Эўразьвязам, дый самі маюць імкнуцца да палітыкі даверу са сваім вялікім суседам. Гэта, гаворачы сёньня пра “збалянсаваны падыход”, выразна дала зразумець эўракамісар Беніта Фэрэра-Вальднэр. Аб’яднаная Эўропа ўсё болей залежыць ад расейскай нафты і газу. Таксама ёй патрэбнае супрацоўніцтва з Масквой у стрымліваньні ядзерных амбіцыяў Паўночнай Карэі і Ірану, урэгуляваньні будучыні Косава.
XS
SM
MD
LG