Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершы Рыгора Барадуліна ў Чэхіі прадстаўляе Вацлаў Гавал (абноўлены)


Валянціна Аксак, Менск У Празе выйшла кніга выбраных вершаў намінанта на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры Рыгора Барадуліна “Жыць!” Кніга дзьвюхмоўная. На чэскую вершы выбітнага беларускага паэта пераклала супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Чэскай рэспублікі, ганаровы доктар Полацкага ўнівэрсытэту, знаная беларусістка Францішка Сокалава. Прадмову да кнігі напісаў экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал.

“Калі пры дэмакратычным разьвіцьці народныя традыцыі й культура шануюцца й падтрымліваюцца, абараняюцца ад зьнешняга ціску, то ў Беларусі, наадварот, перасьледуюцца і замоўчваюцца. Тым больш важна падтрымліваць нацыянальную сьвядомасьць, памяць, мову і культурную шматколернасьць. Цаню тое, як усяму гэтаму сваёй каштоўнай творчасьцю спрыяе Рыгор Барадулін”,— піша ў прадмове да выдадзенай у Празе кнігі вершаў слыннага беларускага паэта былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал.

Спадар Барадулін кажа, што для яго нечаканы такі ўзровень прадстаўленьня чэскім чытачам ягоных вершаў.

(Барадулін: ) “Гэта — больш, чым прадмова. Гэта ацэнка нашай беларускай культуры, нашай беларускай літаратуры. Я не чакаў такога падарунку”.

Гэта першая кніга Рыгора Барадуліна ў Чэхіі. Да яе былі асобныя публікацыі вершаў, прысьвечаных задушэньню савецкімі войскамі ў 1968 годзе Праскай вясны, і прысьвячэньні паэта чэскім сябрам. Сам факт выданьня за мяжой кнігі беларускага паэта Рыгор Барадулін цяпер лічыць падзеяй, значна шырэйшай за міжнародныя літаратурныя стасункі.

(Барадулін: ) “Гэта неяк напомніла мне, што ўсё-ткі варта жыць, што беларусамі цікавяцца, што беларусы — не такая ўжо забітая нацыя, як хочацца некаторым даказаць, нават самім беларусам”. Вершы Рыгора Барадуліна адмыслоўцы лічаць вельмі складанымі для перакладу, бо яны пабудаваныя на непарушных повязях гукаў роднае мовы й непаўторных слоўных наватворах паэта. Сам спадар Барадулін жартуе, што перакласьці на іншую мову тое, што ён піша, нармальны чалавек ня можа. І аддае належнае перакладчыцы кнігі “Жыць!”, знанай чэскай беларусістцы Францішцы Сокалавай.

(Барадулін: ) “Францішка Сокалава зрабіла немагчымае проста. Яна да вар’яцтва геніяльная. Нармальны чалавек не перакладзе гэтага, толькі геніяльна-ненармальны павінен перакладаць”.

Галоўнае, што ўдалося чэскай перакладчыцы, — захаваць у вершах Рыгора Барадуліна ягоную невыводную беларускасьць.

(Барадулін: ) “Быць Беларусам — Гэта значыць Свайго ні гуку не забыць, Усё чужое перайначыць, Каб Беларусі вечнай быць!

Быць Беларусам — Гэта значыць Вясёла з сумнай долі кпіць, Да Бога сьцежку верай значыць, Нагбом з карца надзеі піць.

Быць Беларусам — Гэта значыць За родны Край згараць на дым, Па-беларуску чуць і бачыць На гэтым сьвеце і на тым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG