Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасьць палітычны плён галадоўка вернікаў царквы “Новае жыцьцё”?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дыякан каталіцкай царквы, філёзаф Пятро Рудкоўскі зь Віцебску і культуроляг Андрэй Расінскі зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам у Беларусі галадоўкі адбываюцца ўсё часьцей, з самых розных прычын. Яны бываюць адзіночныя і калектыўныя, палітычныя і эканамічныя. Напрыклад, у траўні-чэрвені гэтага году галадоўку ладзілі некалькі дзесяткаў актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Плянуе распачаць галадоўку за кратамі кандыдат у прэзыдэнты на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандр Казулін.

Галадоўка як акцыя палітычнага, грамадзкага альбо асабістага пратэсту даўно вядомая і шмат выкарыстоўваецца ў розных краінах. Безумоўна, гэта крайняя форма барацьбы, акцыя адчаю, і людзі зьвяртаюцца да яе ў надзвычайнай сытуацыі. Але ў Беларусі яна ўжо становіцца паўсядзённай справай. Чым гэта тлумачыцца?”

(Пятро Рудкоўскі: ) “Гэта форма зьвяртаньня да грамадзтва, якая мае характар акцыі адчаю. Галадоўка – гэта сытуацыя, калі чалавек у нейкім сэнсе выступае супраць уласнага інстынкту самазахаваньня. Тое, што галадоўкі становяцца ў Беларусі амаль паўсядзённым фактам, паказвае маральную дэфармацыю грамадзтва.



У нармальнай сытуацыі людзі зьвяртаюцца да грамадзтва праз сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце, свабодныя мэдыі. У Беларусі можна казаць пра блякаду некаторых галасоў, якія ня маюць магчымасьці з’явіцца на грамадзкім форуме. І ў такой сытуацыі людзі ідуць на крайнія сродкі, каб дакрычацца да глухога грамадзтва”.

(Андрэй Расінскі: ) “Сапраўды у грамадзтве заблякаваны нармальны мэханізм дыялёгу, не чутна галасоў вялікай колькасьці людзей. Чутны толькі голас зьверху, прычым, адзін, які трансьлюецца ў розных варыянтах і з розных нагодаў. І таму галадоўка, выхад на вуліцу – гэта адзіны сродак дакрычацца да грамадзтва. Таму людзі ідуць на такія крайнія меры”.

(Карбалевіч: ) “Як ужо адзначалася, у Беларусі шмат было галадовак з палітычнымі патрабаваньнямі. Таксама часта адбываліся эканамічныя галадоўкі, якія ладзілі, напрыклад, прадпрымальнікі. А вось галадоўка вернікаў царквы “Новае жыцьцё” мае пэўныя асаблівасьці. Па-першае, яна самая масавая ў сучаснай гісторыі Беларусі, цяпер галадае звыш 200 чалавек. Па-другое, гэта галадоўка на рэлігійнай глебе. Як можна ацаніць гэтую з’яву?”

(Рудкоўскі: ) “Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта сп. Рубінаў напісаў у “Советской Белоруссии” артыкул пра ідэалёгію. Ён піша, што савецкая ідэалёгія пацярпела крах таму, што была недастаткова элястычнай. Нешта падобнае назіраецца цяпер з беларускай дзяржаўнай ідэалёгіяй. Яна ўсё больш ня церпіць іншадумства.

Галадоўка вернікаў – з’ява даволі сымптаматычная. Беларуская ўлада абапіраецца на савецкую атэістычную спадчыну. Яна, як і савецкая ўлада, недаацэньвае сілу рэлігійнага духу. Ігнараваньне сілы рэлігіі – гэта ў нейкім сэнсе самазабойства”.

(Расінскі: ) “Спачатку рэжым узяўся за мэдыі, партыі, апазыцыю. І калі поле было расчышчана, пачалі зьнішчацца іншыя тэрыторыі свабоды. Вось узяліся за пратэстантаў.



Вернікі царквы “Новае жыцьцё” доўга спрабавалі дагрукацца да ўладаў, адстаяць сваё права на набажэнства. Але іх проста не пачулі і забралі царкоўны будынак. Гэтая галадоўка для вернікаў з’яўляецца сумяшчэньнем несумяшчальнага. Таму што гэта адначасова галадоўка і пост. Тут адначасова заклік да грамадзтва і да Бога”.

(Карбалевіч: ) “Любая галадоўка – гэта публічная акцыя, падчас якой яе удзельнікі зьвяртаюцца да грамадзкасьці, разьлічваюць на яе спачуваньне, каб такім чынам ціснуць на ўладу і задаволіць свае патрабаваньні. Але праблема ў тым, што ў дадзеным выпадку царква “Новае жыцьцё” належыць да пратэстанцкай канфэсіі, якая з’яўляецца меншасьцю ў краіне.

Беларусь – краіна ў асноўным атэістычная з значнай перавагай прыхільнікаў праваслаўнай канфэсіі. Зь іншага боку, для беларусаў не характэрная такая якасьць, як салідарнасьць, асабліва да супольнасьцяў, якія лічацца, умоўна кажучы, чужымі. І ўлады выкарыстоўваюць гэта. Абапіраючыся на большасьць, яны душаць усялякую меншасьць: палітычную, эканамічную, культурную, рэлігійную і інш. У такім выпадку, да каго апэлююць галадоўнікі? І ці можна разьлічваць на задавальненьне іхніх патрабаваньняў?”

(Рудкоўскі: ) “Існуе вялікая праблема з беларускай палітычнай культурай, увогуле, грамадзкай этыкай. Зацытую палітоляга Валерку Булгакава: “У грамадзтве, у якім экспансія хрысьціянства ў пратэстанцкай вэрсіі ўспрымаецца як пагроза для грамадзкага адзінства і палітычнай стабільнасьці, публічная артыкуляцыя сваёй сапраўднай тоеснасьці выглядае як публічны пратэст”.

Царква “Новае жыцьцё” паўстала ў 90-х гадах як спантанны імпульс маладых заўзятараў, якія шукалі Хрыста. Потым яны сфармулявалі ідэйную абалонку царквы, сацыяльную дактрыну. Гэтыя вернікі праяўляюць вялікую павагу да дзяржаўных інстытутаў, Канстытуцыі Беларусі, уключыліся ў будаваньне беларускага грамадзтва, дэманструюць ляяльнасьць да дзяржавы.

Але адначасова гэтая царква робіць моцны маральны акцэнт, цьвердзіць, што дзяржава і грамадзтва павінны перасьцерагаць пэўны маральны закон.

Цяперашняя галадоўка яскрава дэманструе праблему закрытасьці беларускага грамадзтва. Калі б пратэстанты маглі мець доступ да мэдыяў, маглі выступаць на публічным полі, грамадзтва даведалася б, хто яны такія, то праявы салідарнасьці былі б больш выразныя, і такіх трагічных эксцэсаў не было б”.

(Карбалевіч: ) “Наконт цытаты, якую вы прывялі. Дык усё ж грамадзтва ці ўлада расцэньвае экспансію пратэстанцтва як пагрозу?”

(Рудкаоўскі: ) “Цяпер у Беларусі грамадзкая думка, публічныя меркаваньне не фармуюцца самастойна. Яны вырабляюцца зьверху. Грамадзтву задаецца зьверху, як яно павінна ўспрымаць пратэстантаў. Часам у дзяржаўных мэдыях пратэстанцкія супольнасьці прыраўноўваліся да сэкты, часам былі аллюзіі на іхнія зьвязы з сатанізмам.

У гэтым і праблема, што розныя часткі грамадзтва ня маюць інфармацыі адно пра другіх. Адсюль гэтая падзеленасьць беларусаў і адсутнасьць салідарнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Але любая прапаганда дае эфэкт толькі ў тым выпадку, калі кладзецца на нейкія стэрэатыпы грамадзкай сьвядомасьці”.

(Рудкоўскі: ) “Так, беларускае грамадзтва не прывучанае да мысьленьня ў плюралістычных катэгорыях. Але ва ўмовах несвабоды фармаваньне плюралістычнай культуры немагчымае”.

(Расінскі: ) “Улады разглядаюць любую царкву, у лепшым выпадку як тэрыторыю, якая не высоўвае нейкіх маральных патрабаваньняў да грамадзтва. Яны хацелі б каб чалавек памаліўся ў царкве, выйшаў, і за яе межамі вёў сябе пра правілах, якія навязвае ўлада. Толькі ў такіх выпадках магчыма, напрыклад, фальшаваньне на выбарчых участках.

А калі царква пачынае вылучаць да грамадзтва маральныя патрабаваньні, то улады разглядае гэта як небясьпеку. З зьяўленьнем дзяржаўнай ідэалёгіі мы назіраем працяг савецкіх атэістычных часоў. Гэта варыянт такога нэапаганства. Вось таму і адбываецца атака на пратэстанцкую супольнасьць. Гэта толькі пачатак. Потым на чарзе апынецца каталіцтва, а затым дойдуць і да праваслаўных”.

(Карбалевіч: ) “Ваш прагноз наконт наступу атэізму на рэлігію ўвогуле неяк не стасуецца з вялікім сяброўства дзяржавы з праваслаўнай царквой”.

(Рудкоўскі: ) “Хачу падтрымаць думку пра наступ атэізму. Адзін праваслаўны актывіст у інтэрв’ю форуму “18” на інтэрнэт-старонцы, камэнтуючы прыняцьцё ў кастрычніку 2002 году новага “рэлігійнага” закону, сказаў, што гэты закон зусім не скіраваны на падтрымку праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, атэісты кажуць, нібыта ён скіраваны супраць сэктаў, але самі чакаюць моманту, каб узнавіць перасьлед кожнага веруючага чалавека. І цяперашнія эксцэсы, якія пакуль бачныя толькі на прыкладзе пратэстантаў, ёсьць спробы атэістычнага рэваншу”.

(Карбалевіч: ) “Тут хутчэй не атэістычны рэванш, а нармальная лёгіка функцыяваньня аўтарытарнага рэжыму, які не жадае існаваньня любой сфэры, непадкантрольнай дзяржаве. А ўсялякая царква – гэта нейкая аўтаномная ад дзяржавы сфэра. Калі дзяржава імкнецца да татальнага кантролю, любыя аўтаномныя падсыстэмы разглядаюцца як небясьпека. Адсюль і такія дзеяньні.

Такім чынам, любая сыстэма стварае свае правіла гульні, якія бываюць вельмі далёкія ад нормаў дэмакратычных краінаў. Ненармальная грамадзкая сыстэма, пазбаўленая зваротнай сувязі паміж грамадзтвам і ўладаю, вымагае і не зусім звычайныя сродкі барацьбы за свае правы. Галадоўка вернікаў царквы “Новае жыцьцё” – гэта акт адчаю, магчыма адзіная ў сёньняшніх умовах зразумелая людзям форма пратэсту супраць бязьмежжа ўладаў”.
XS
SM
MD
LG