Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

”Трэба сьвята нейкае зрабіць, калі пачынаецца ацяпляльны сэзон”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў, сераду, 18 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 266-39-52 і пакідаць свае меркаваньні.

(Спадарыня: ) “Дзякуй за песьню, зь якой пачалася ўчорашняя “Начная Свабода”: “Край ты, мой край, дай сілаў, дай.” І яшчэ радасьць – голас Паўла Красоўскага на волі. Праз які зьдзек прайшоў хлопец! Псыхіка чалавечая не бязьмежная па сіле, і яму яшчэ трываць. “Край ты, мой край, дай сілаў, дай,” што яшчэ можна да гэтага дадаць? Божа, дай нам вытрымкі і сілы. Пра другое. Хачу запярэчыць аднаму слухачу. Ён тэлефанаваў і казаў: “Бандэраўцы – нацыяналісты”. Ня трэба ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ўкраіны. Яны самі хочуць разабрацца ў сваёй гісторыі... Перш за ўсё, перад гісторыяй трэба пакаяцца. Сапраўдная гісторыя Беларусі таксама не напісаная. Вы кажаце: “Няхай хоць з памылкамі,але ён мае рацыю”. Што ж? Ад памылак ніхто не застрахаваны. Але калі зьнікаюць лепшыя людзі Беларусі няведама куды, калі цынічна парушаюцца правы беларусаў на выбарах, калі нізкія заробкі пасьля “беларускага эканамічнага цуда,” калі сьпілася вёска, калі немагчыма слухаць беларускае радыё і тэлебачаньне, і самае страшнае, калі гісторыя беларускага народу выкладаецца па-расейску, гэта памылкі?!”

(Спадарыня: ) “Хачу ў абарону беларускай мовы сказаць. Нядаўна Аляксандр Рыгоравіч перад расейскімі журналістамі сказаў, што часам чытае па-беларуску. Напэўна, я ніякага права ня маю раіць яму, але, калі ён не чытаў Уладзімера Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і “Зброя,” дык хачу падзяліцца сваім уражаньнем. Гэты рамантык усім сваім неспакойным, гарачым сэрцам, улюбёным у Беларусь, у яе высакародных, духоўна багатых людзей зрабіў для адкрыцьця беларускай гісторыі больш, чым самі гісторыкі. Гэта Ўладзімер Караткевіч. Можа тады мы лепш зразумеем моладзь, якая тысячамі крычыць на плошчы: “Жыве Беларусь!” А яшчэ Васіля Быкава “Круглянскі мост”. Калі б Васіль Быкаў нічога не напісаў, а толькі “Круглянскі мост,” яму б можна было б толькі за гэта даваць Нобэлеўскую прэмію. Маё такое меркаваньне. Якая глыбокая любоў, павага да чалавека, нейкая спакойная, але такая шчымлівая праўда вайны! Тонкі псыхоляг і лірык. А якая мэлёдыя мовы! Ды ў яе можна проста закахацца. Гэтую мэлёдыю можна згубіць пры перакладзе”.

(Спадар: ) “Чую Вашыя расповяды пра тое, як хрысьціяне падняліся супроць хлусьні. Падняліся, ахвяруючы сваім здароўем, сваім, можа быць, лёсам. І ўспамінаю ў гэты час аднаго зь першых, хто зь верай, па-хрысьціянску, ішоў разам зь людзьмі, са сьвятарамі, ішоў для таго, каб таксама сказаць: “Хопіць ілгаць! Хопіць хлусьні!” Вядома ж, гэта Аляксандр Казулін. Я думаю, што тыя хрысьціяне, якія цяпер галадуюць, тыя, хто іх падтрымлівае, тыя, хто пасьціцца разам зь імі, памятаюць таксама і таго першага, таго Аляксандра Казуліна, які распачаў гэтую справу. Ён таксама зьбіраецца, як Вы перадаеце, з дваццатага пачаць галадоўку, пачаць гэты духоўны подзьвіг, гэтую духоўную малітву, каб Бог збавіў ад хлуса і хлусьні. І калі вы можаце, перадайце, калі ласка, мой верш, прысьвечаны Аляксандру Казуліну і ўсім тым, хто змагаецца супроць нячыстай сілы, якая вельмі віруе ў нашым краі. Умоўная назва верша “Пакутнікам за веру і волю, пакутнікам за незалежнасьць і волю нашай Бацькаўшчыны”. Такі помнік мы ў Маладэчна ўжо паставілі, а гэты верш як дадатак да яго.

Жыцьцё і сьмерць, злавесныя намеры. Каханьне, рэўнасьць, гнеў, спагада, злосьць На гэтым сьвеце ёсьць. Ды не хапае веры таму, хто ў гэтым сьвеце толькі госьць. Астролягі, вядзьмаркі, абярогі, Усьмешак рой, лісьлівыя грымасы… Круцель са здрадай разам точаць лясы Аб багацеях і людзях убогіх, Што сыдуць зь сьвету гэтага тым часам. Сьвет моліцца на нежывых багоў, Сьвет у варажбе і здрадзе засынае. Ў зялёных вербах ціха час канае, Замест яго народзіцца любоў, Якая верай бесьсьмяротных ажыўляе.

Няхай гэты верш будзе падтрымкай усім тым, хто пастом і малітвай, хто ахвяраю свайго жыцьця заступаецца за народ наш, над якім віруе і віруе хлусьня. Няхай будзе праўда, няхай будзе любоў! Няхай яны ўсе перамогуць, а мы будзем ім дапамагаць. Усяго найлепшага, Аляксандр Казулін! Усяго найлепшага, браты-хрысьціяне! Усяго найлепшага, браты-юды! Усяго найлепшага, браты-мусульмане! Бо “ў зялёных вербах ціха час канае, замест яго народзіцца любоў, якая верай бесьсьмяротных ажыўляе.” І зьгіне хлусьня”.

(Ніна Армавінская, Салігорск, Менская вобласьць: ) “Каталіцкая рэлігія – гэта Беларусь і беларуская мова. Аднак нашыя ўлады ня любяць ні сваёй краіны, ні роднай мовы. Таму праваслаўная царква мае значную падтрымку з боку Лукашэнкі за рускамоўнае вядзеньне набажэнстваў і прыхільнасьці да Расеі”.

(Аляксандр Яцкевіч, Віцебск:) “Дзякуй Богу, ужо маразы пачаліся, а толькі сёньня затапілі. Трэба сьвята нейкае, як “Дажынкі,” зрабіць, калі пачынаецца ацяпляльны сэзон. Але колькі людцаў пахварэла, і я ў тым ліку за гэтыя халодныя часы. Каб тых гадаў да тых халодных батарэяў прывязаў, у халоднай кватэры патрымаў іх. Добра. Дзякуй вялікі. Да пабачэньня”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я веру ў Вас, шаноўная “Свабода,” што вы асьвяціце нашу краіну Беларусь, нашых людзей. Хочам папрасіць вас не дапусьціць Лукашэнку далей да ўлады. Царква робіць галадоўку за рэжым, хай яны ідуць за рэжым лукашыстаў. Просім, каб яны спыніліся. Нам гэта не патрэбна. Нам так надакучыла за ўсё жыцьцё. Мы хочам свабоды. Па тэлевізару паказваюць кожны вечар, што Ярмошына робіць выбары. Якое яна мае права? Мы так думае, што павінна гэта рабіць апазыцыя, не Ярмошына”.

(Уладзімер: ) “Наконт выбараў у мясцовыя саветы ці выканкамы. Хацеў бы выказаць некаторыя меркаваньні. Сапраўды, ідэя слушная, што падчас выбараў можна праводзіць агітацыю сярод насельніцтва і пераконваць яго ў нечым. Але ўлічваючы нашыя беларускія рэаліі, улічваючы мабілізацыйную гатоўнасьць апазыцыйнага электарату, якой на сёньняшні дзень няма, улічваючы тое, што на сёньняшні дзень наша насельніцтва ня здольнае ўспрымаць ніякую прапаганду ні за, ні супраць, лічу, што гэты крок – удзел у мясцовых выбарах – неабдуманы. Ён прывядзе да далейшага разгрому апазыцыйных структур. І мы можам нават страціць апошнія сродкі масавай інфармацыі і апошнюю партыйную структуру. Таму тут трэба падумаць, першы чым увязвацца ў гэтую справу. Але, хутчэй за ўсё, будуць удзельнічаць. І па-другое. Калі так лічыцца, што мясцовыя саветы – гэта нелегітымныя органы, а яны сапраўды амаль нелегітымныя, бо яны ўжо нават называюцца “сельскія выканкамы”. Выканкам – гэта і ёсьць выканкам, ён павінен падпарадкоўвацца. Ён ня можа быць аўтарам заканадаўчай ініцыятывы па азначэньню. І тады заклікаць моладзь удзельнічаць у гэтых выбарах у якасьці кандыдатаў не зусім маральна. Калі ў той жа час весьці гаворку пра тое, што гэта нелегітымныя структуры”.
XS
SM
MD
LG