Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “У Беларусі больш духоўнай галечы, чым матэрыяльнай”


Радыё Свабода Што для Вас значыць галеча? Апытаньне на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Духоўная галеча – гэта найперш істотна. Матэрыяльнае багацьце – сьледзтва духоўных набыткаў”.

(Спадарыня: ) “Самая страшная галеча – гэта калі ты ня можаш забясьпечыць сваіх дзяцей самым неабходным. Бачу часам дзяцей у школе – у якой вопратцы яны прыходзяць, як яны хочуць есьці – гэта страшна”.

(Спадар: ) “Што прыводзіць да галечы? На мой погляд, слабасьць чалавечая, нежаданьне імкнуцца да мэтаў, якія перад сабой ставіш. Калі чалавек не імкнецца ні да чаго – натуральна, ён будзе жабраком. Магчыма, абставіны маюць значэньне, але яны – усяго толькі часовая зьява, і калі чалавек мае жаданьне, ён пераадолее крызіс, пераадолее праблемы і выйдзе са складанага становішча”.

(Спадарыня: ) “Галеча… Першая для мяне асацыяцыя з гэтым словам – галеча духоўная. Калі чалавек ня ведае, дзеля чаго ён жыве, дзеля каго ён жыве, калі яго ня цешыць нішто ў жыцьці, апроч зямнога… А калі ёсьць багацьце духоўнае, ніякая галеча матэрыяльная яму ня страшная”.

(Спадар: ) “Напэўна, галеча – гэта калі зусім няма чаго есьці”.

(Спадарыня: ) “Я такіх людзей не разумею… Чалавек мусіць працаваць. Атрымліваць пэнсію, калі ён стары і нямоглы. Мне здаецца, наша дзяржава дапамагае ўсім, проста трэба да гэтага імкнуцца і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Гэта калі чалавек ня можа сабе дазволіць тое, што ён жадае. Ну, я не маю на ўвазе жаданьне займець мільён даляраў. Калі ён ня можа ў нашае краіне паводле сваіх магчымасьцяў зарабіць сабе на элемэнтарныя патрэбы”.

(Спадар: ) “У нашае краіне больш духоўнай галечы, чым матэрыяльнай. Шмат людзей, якія маюць досыць грошай, але яны меней шчасьлівыя за некаторых, хто грошай не мае”.
XS
SM
MD
LG