Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“470 рублёў на дзень кожнаму, толькі на хлеб, больш ні на што не хапае”


Севярын Квяткоўскі, Менск Паводле статыстыкі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, болей за 3 мільярды насельнікаў Зямлі жывуць меней, чым на 2 даляры на дзень. Зь гэтых трох мільярдаў траціна жыве меней, чым на 1 даляр. Паводле статыстыкі ўраду Беларусі, толькі 1 адсотак насельніцтва краіны жыве ў галечы. Сёньня пражыткавы мінімум складае 158 тысячаў беларускіх рублёў – гэта 5270 рублёў на дзень, альбо два з паловай даляры. Што на паўдаляры вышэй за мяжу, за якой, паводле ААН, пачынае галеча.

Калі вы бачыце, як чалавек корпаецца ў сьметніцы, альбо просіць міласьціну на вуліцы, гэта яшчэ не азначае, што той чалавек пакутуе ад галечы. Багата людзей, якіх клічуць бамжамі, задаволеныя сваім ладам жыцьця: ані сям’і, ані работы, ані адказнасьці, і штодзённа танны алькаголь. Прафэсійныя жабракі могуць зарабляць і 300 і 400 даляраў за месяц пры ўмове, што іх не чапае міліцыя і крымінальнікі. Зь іншага боку, бедна, але чыста апрануты мінак, можа быць каторы дзень пакутуе ад голаду.

Жыхарка Вялейскага раёну Меншчыны Лідзія Пятроўна мае з мужам трох непаўнагадовых дзяцей. Муж атрымлівае 40000 рублёў, Лідзія Пятроўна – 30000: больш прыбытковай працы не знайшлі. 2300 рублёў на пяцёх, альбо 470 рублёў на дзень кожнаму:

(Лідзія Пятроўна: ) “За што жыць – ня ведаем. За кватэру плачу 35000. Сьвятло, газ – каля 15000 выходзіць. Так і жывем, толькі на хлеб, больш ні на што не хапае”.

Узімку ў калгасах заробак складае 40-100 тысячаў рублёў:

(Спадар: ) “Хлеба не дакупіцца, мукі таксама – усё дарагое”.

(Спадарыня: ) “Ва ўсіх грошай няма. Хай бы меншыя кошты ўвялі нам”.

У пэнсіянэркі з Маладзечанскага раёну хворыя ногі, яна зь цяжкасьцю пераадольвае нават некалькі соцень мэтраў да крамы ці мэдпункту:

(Пэнсіянэрка: ) “А мне каб прыйсьці на мэдпункт… І стаяць прасіць, плакаць дайце мне лекі па ільготнай цане, а яна (аптэкарка) ня хоча, кажа, каб ехала ў Маладзечна. Але ж я не заеду, не набуду лекі. Дык дайце мне якую паперку – як мне быць!”

Хворыя людзі, ды нямоглыя, што маюць непаўнагадовых ды хворых сваякоў, і ў вёсцы, і ў горадзе – самыя безабаронныя перад галечай.

(Карэспандэнт: ) “Уваход у мэтро “Кастрычніцкая”. Чарга зь людзей, якія хочуць набыць лятарэйныя білеты ў спадзеве раптоўна разбагацець. Тут жа ж побач стаіць бабуля, якая просіць міласьціну”.

(Спадарыня: ) “Мне трэба ўнука гадаваць. Сын хварэе – увесь час па шпіталях. А нявесткі няма. Даводзіцца дапамагаць”.

У адрозьненьне ад вёскі, у горадзе людзям, што жывуць на мяжы галечы, можна зарабіць, напрыклад, зьбіраньнем пустой шклатары.

(Спадарыня: ) “Вось ідзе прыстойны чалавек з дыпляматам, добра апрануты. Перад носам бутэльку забраў, і пайшоў. Такое часта пачало сустракацца”.

(Спадар: ) “Не адзін жа я зьбіраю. Зьбіраюць усе: і жанчыны, і мужчыны, і дзеці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG