Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фоцікі”


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У пяцідзясятыя і шасьцідзясятыя гады прэстыжна было мець фотаапарат. Яго тады называлі “фоцікам”. І ў каго на плячы вісеў запаветны футалар з фотаапаратам, таго любілі дзяўчыны і паважалі хлопцы. Фотаапарат на плячы быў элемэнтам маладзёвага стылю. Клясычны “мачо” тае пары: высокі, стрыжаны пад польку шатэн ў сьветлым гарнітуры -- каўнер кашулі абавязковым парадкам выцягнуты наверх, -- а на баку вісіць славуты ФЭД-3. На той час ён лічыўся шыкоўным “фоцікам”. Гэта ўжо потым, на пачатку сямідзясятых, зьявіўся “Зэніт-Е” у экспартным выкананьні, які каштаваў 100 рублёў і стаўся лепшым савецкім фотаапаратам. Ну а мае шкаляры-аднагодкі завіхаліся са “Зьменамі” і “Зоркімі”, на якіх нават фахоўцы не давалі рады атрымаць якасных здымкаў. Згаданай парой самымі “прасунутымі” лічыліся фотаапараты з уштукаваным у іх экспаномэтрам.

З “фоцікам” звычайна ішлі на сьвяты. Ці не таму старыя здымкі, якія захоўваюцца ў сямейных архівах, зроблены ў асноўным на першатравеньскіх ды кастрычніцкіх дэманстрацыях. Пабачыўшы “мачо” з фотаапаратам, дзяўчыны міжволі пачыналі папраўляць прычоскі і гукаць: “Лёша, нас здымі!” Лёша здымаў, а потым, пазьней, калі дзяўчыны пыталіся: ”Калі дасі фоткі?” – адводзіў вочы і бурчэў: “Плёнка засьвяцілася”. Ды яно і зразумела: калі б фотааматар рабіў усе фоткі, што былі на плёнцы, яму б не хапіла на тое заробку.

Сёньняшнія маладыя ўладальнікі лічбавых “кодакаў” і ўявіць ня могуць – колькі часу і грошай вымагала колішняе фотааматарства. У мяне самога “фоціку” не было, аднак ён быў у майго сябра Анатоля Рыбікава, і я добра ведаў – што такое зрабіць якасныя здымкі. Суботнім вечарам Толік залазіў у цёмную шафу, праяўляў там плёнкі, потым сушыў іх, падвешваючы да люстры, а ноччу мы зачыняліся ў ваннай і ў крывавым сьвятле чырвонага ліхтара рабілі здымкі. Пры гэтым сябар даручаў мне толькі дзьве апэрацыі: пабоўтаць фоткі ў начовачках з вадою і пакласьці ў фіксаж.

Былі, праўда, фотааматары, якія рабілі на гэтай справе бізнэс: пераздымалі з замежных часопісаў маладых дэвотак і, дадаўшы нязграбны надпіс: “Люби меня как я тебя” (коску пры гэтым ня ставілі), прадавалі ў цягніках далёкага накіраваньня. Прадавалі ня самі. Наймалі дзеля гэтай справы глуханямых інвалідаў. Міліцыя калі і затрымлівала нямка, дык неўзабаве, нічога ад таго не дабіўшыся, адпускала. Прадавалі, праўда са страшнай з аглядкай, і эротыку: здымкі перазьнятых з трафэйных нямецкіх картак голых дзевак. Гэта ўжо была крымінальшчына, за якую у горшым выпадку пагражала вязьніца, а ў лепшым – штраф з канфіскацыяй “фоціку”.
XS
SM
MD
LG