Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У пратэстанцкую царкву ніхто нікога гвалтам ня гоніць..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў, аўторак, 17 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 266-39-52 і пакідаць свае водгукі

(Спадар:) “У мяне такое меркаваньне. Вось паступаюць пагрозы з боку Захаду, эўрапейскіх краінаў наконт таго, каб увесьці эканамічныя санкцыі ў адносінах да Беларусі. За што-пра што – ніхто ня ведае. За тое, што Мілінкевічу не далі пакіраваць і гэтак далей. Дык вось, калі ёсьць такі закон у Беларусі…Калі няма, трэба прыняць. Тыя людзі, якія фальсыфікуюць, якія выстаўляюць Беларусь у такім выглядзе, якія кажуць пра гэта, якія падштурхоўваюць Захад да гэтага, патрабуюць ад Захаду, – гэта пагроза насельніцтву, роднаму беларускаму народу, Беларусі. Іх трэба як здраднікаў Радзімы караць па самай высокай, нават да расстрэлу. Абавязкова. Па 58 і гэтак далей пунктам Крымінальнага кодэксу. Гэтыя людзі наносяць эканамічную, маральную і іншую шкоду нашай дзяржаве. Вось толькі так трэба. І калі гэтага ня будзе, то і ня спыніцца гэтая валтузьня: не атрымалася ж у іх ні ружовых, ні бульбяных рэвалюцый. Не далі падонкам-амэрыканцам улезьці ў нашу дзяржаву і пачынаць такі разбой, як у Грузіі, ва Ўкраіне…”

“Ва ўсе часы прагрэсіўныя людзі змагаліся зь дзяржавай за нейкае дабро для народу, каб ён жыў лепш, харчаваўся добра, апранаўся, меў іншыя прадметы і гэтак далей. Вось гэта я разумею. Ну Вы кажаце пра палітычных вязьняў. Яны за што змагаюцца? За людзей? Не. Яны змагаюцца за прыярытэт Амэрыкі, якая ім плаціць, так як і Вам, дарэчы. Вось і ўсё. А мы ня хочам гэтага. І вось нават Ваша апытаньне сёньня пра тое, як людзі харчуюцца…Ні адзін не сказаў, што дрэнна, ні адзін. Усе кажуць, што нармальна. Дык у чым справа? Возьмем харчаваньне і адзеньне як важны фактар для жыцьця людзей. Дык навошта нам нешта мяняць? Нам гэта ня трэба. Дык вось, Вы растлумачце, чаму палітычныя вязьні. За што яны змагаюцца? Яны змагаюцца за прыярытэт Амэрыкі, каб яна сюды ўлезла, як і ў іншыя дзяржавы. Як яны Іран смакталі і гэтак далей. Вось калі б гэтыя палітычныя змагаліся за жыцьцё чалавека, за яго правы, права навучацца, права на мэдычнае абслугоўваньне…”

(Часлаў Пазьлевіч, Нямеччына-Астравеччына :) “Прывітаньне, “Свабода”! Прэм’ер ўраду Польшчы Яраслаў Качынскі паабяцаў, што неўзабаве будзе прыняты новы закон “Аб грамадзянстве,” у якім для палякаў, што жывуць за мяжой, будзе засьведчана права на падвойнае грамадзянства, а таксама пасьведчаньне паляка. Уведзены ў дзеяньне пасьведчаньні вугорца, славака ды іншых. Пытаньне такое: што робіць кіраўніцтва маёй радзімы, Беларусі, каб аблегчыць незайздросны лёс братка-беларуса, які пражывае за мяжой. Дзякую”.

(Спадар, Менск:) “Добрай раніцы. Я хацеў бы вось што прапанаваць. Цяпер рубрыку “Імёны свабоды” вядзе Уладзімер Арлоў. Мне здаецца, яму трэба яшчэ ў дадатак такая рубрыка “Імёны летапісных ваяроў”. Тут пойдуць і князі, і асобныя нейкія ваяры, Астроскі там і гэтак далей. Вось гэтыя летапісныя ваяры заўсёды біліся і ў Грунвальдзе, і на Сіняй рэчцы і яшчэ дзе…Адным словам, той пласт, які назавем “летапісныя ваяры”. Гэта было б вельмі цікава і для пашырэньня кругагляду гістарычнага. У Вас тут усе палітычныя, так сказаць… А то летапісныя ваяры. Тут больш гістарычныя зьвесткі…Гэта было б цікава. Ну, а ў дапамогу можна запрасіць тую ж Вольгу Іпатаву ці той самы Грыцкевіч…”

“Добры вечар, дараженьнкія. У мяне ёсьць такое простае пытаньне. Вось там цяпер штудыруюць нешта, нейкую ідэю шукаюць у Паўночнай Карэі, я маю на ўвазе. Дык вось у Паўночнай Карэі зь дзяцінства муштруюць, толькі невядома, там марксісцска-ленінская ці іншая філясофія. Потым я гляджу армію так добра муштруюць. Адным словам, там, мусіць, людзі ўжо задаволеныя, бо там пабудавалі камунізм. Дык вось раскажыце пра карэйскі камунізм, калі ласка. Таму што нельга ж “з голым задам” рыхтаваць выпрабаваньні бомбы. Калі ласка, раскажыце, што за карэйскі камунізм і на якой ідэалёгіі ён пабудаваны. Дзякую за ўсё”.

(Кастусь, Гомель:) “Выказваю меркаваньне наконт таго, якую царкву падтрымлівае дзяржава. Напэўна ж, праваслаўную. Я сам праваслаўны. Але для праваслаўя стварыліся такія ўмовы, што гэта толькі аплот Расейскай імпэрыі. Праваслаўе ёсьць аплотам Расейскай імпэрыі. І дзяржава падтрымлівае толькі іх. Таму што наш рэжым – хаўрусьнік. Аляксандр Рыгоравіч адстойвае толькі правы Расеі, а не беларускага народу. Вось і ўсё”.

“Я наконт пытаньня пра роўнасьць канфэсій. Напэўна, у нас такога няма, яны ня роўныя. Можа, яны роўныя, але грошы ня роўныя. Так як у нас дзяржавай спансуецца толькі праваслаўная царква. Астатнія так, дзе знойдуць, тое ім і перападзе. А так толькі праваслаўная царква, таму што гэта апора Расейскай імпэрыі. Як яна прыйшла 200 гадоў таму, так і дагэтуль ідзе. У нас у Сьветлагорску збудавалі вялікі храм. Я сам праваслаўны, але…Чаму ў Сьветлагорску праваслаўны храм будуе дзяржава, а каталіцкі нейкія іншыя людзі? Чаму так? Гэта ж адразу відаць, што дзяржава падтрымлівае толькі праваслаўе. Ніякай роўнасьці ў нас няма. Дзякуй”.

(Спадар:) “Вось і зноў беларускі рэжым у абліччы паўасьвечанага абсалютызму ў чарговы раз блізкі да таго, каб зноў атрымаць скандальную міжнародную вядомасьць. Яшчэ ўчора беларускія ўлады не захацелі зразумець і паверыць у несалодкае жыцьцё хваравітай 10-гадовай дзяўчынкі Вікі Мароз у казённых сьценах дзіцячага дома. Абвінавацілі яе італьянскіх бацькоў у ілжы і самавольстве. Сёньня ж гэтыя ўлады, у тым ліку судовыя, адмаўляюцца зразумець і паверыць у тое, што існуючы малітвенны дом пратэстантаў лепш былога калгаснага хлева. Улады абвінавачваюць вернікаў суполкі “Новая царква” (“Новае жыцьцё” – рэд.) у падмане і сваявольстве. Як хвалюцца тэлевізіёншчыкі СТВ! Перабудова кароўніка ў малітвенны дом, быццам, ставіць пад пагрозу жыцьцё веруючых грамадзян. Калі верыць СТВ, то пільныя ўлады ня могуць дапусьціць, каб да 53 рубцоў на сэрцы Беларусі, якую ўзначальвае наш “праваслаўны атэіст,” зьявіліся новыя крывавыя пісягі. Ці ўдасца ў гэтых варунках мірнае і выгоднае вырашэньне канфлікту? Здаецца, пануючы рэжым у супрацьстаяньні з ляяльнымі да яго вернікамі-пратэстантамі ўсё ж зробіць бязьлітасны крок ад мудрагелістага “праваслаўнага атэізму” да ганебнага ваяўнічага атэізму ленінска-сталінскага ўзору”.

(Спадарыня:) “Аляксандр Казулін з 20 лістапада аб’явіў галадоўку, а галоўнае, вырашыў стаць каталізатарам, спадзеючыся разварушыць беларускі народ ад слабай рэакцыі на палітычныя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Элемэнт, які служыць каталізатарам у слаба праходзячай хімічнай рэакцыі, правакуючы выбух, сам гіне. Нельга гэта дапускаць. Трэба зрабіць усё магчымае і немагчымае, выкарыстаць усе шанцы апазыцыі і яе лідэраў па вызваленьню Аляксандра Казуліна. Народ Беларусі павінен стаць на абарону гэтага чалавека. Жадаючы лепшага жыцьця беларускаму народу, Аляксандр Казулін змагаецца з рэжымам Лукашэнкі да канца, не шкадуючы свайго жыцьця”.

(Васіль Цюхай, Беразіна) “Добры дзень. Адзін слухач сказаў, што царква “Новае жыцьцё” – гэта бізнэс. Ён мае рацыю, рэлігія – гэта вялікі бізнэс. Так сама, як і ўсё, што робяць людзі. Пратэстантызм – гэта бізнэс, і праваслаўе – гэта бізнэс. Апазыцыя – гэта бізнэс, і ўлада – гэта бізнэс. Проста трэба параўноўваць, на якіх прынцыпах заснаваныя гэтыя бізнэсы. У пратэстанцкую царкву ніхто нікога гвалтам ня гоніць, прынамсі, фармальна. А вось служыць у войску, у дзяржаўным бандфармаваньні, прымушаюць гвалтам. Не так даўно ў Расеі быў скандал, калі ў шэрагу праваслаўных храмаў гандлявалі гарэлкай і цыгарэтамі, зь ведама і благаславеньня Патрыярха, які, натуральна, як добры цар, нічога ня ведаў. З гандлем літаратурай і музычнымі запісамі ў пратэстанцкіх храмах гэта не параўнаць. Таксама сродкі, якімі валодае кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, беларускага алігарха Лукашэнкі, і ахвяраваньнямі для яго з Расеі не параўнаць з тым, што мае апазыцыя. Асабіста я магу вельмі шмат крытыкаваць і хрысьціянаў, і мусульманаў. І я моцна шкадую тых, хто стаў рабом рэлігіі. Але ў выпадку зь цяперашнім канфліктам вакол царквы “Новае жыцьцё,” я працытую ўрывак з Карану: “Гора таму, хто разбурае месцы пакланеньня Алаху”. Як там пакланяюцца і ці Богу там пакланяюцца, гэта не вашыя справы, прадстаўнікі ўлады. Як сказаў ваш гаспадар, рохкайце каля свайго карыта. І яшчэ адна цытата: “Я магу быць нязгодны з Вамі, але я буду змагацца за тое, каб Вы маглі выказаць свае меркаваньні”.

(Спадар:) “Пра апазыцыю. З кожным годам колькасьць прыхільнікаў апазыцыі толькі памяншаецца сярод прадстаўнікоў нацыі ў горадзе Менску і Беларусі. Бо выступоўцы ад апазыцыі адкрыта дэманструюць сваё неразуменьне таго, што адбываецца ў нашай вельмі небясьпечнай для жыцьця дзяржаве. І ў кожнага апазыцыянэра дзяржава можа адняць любыя канстытуцыйныя правы і свабоды, гэта значыць ня толькі свабоду, здароўе, працу, вучобу, але і жыцьцё. Гэта датычыцца і грамадзян, якія адкрыта падтрымліваюць апазыцыянэраў. Таму іх колькасьць паменшылася да 0,01 % зь ліку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Але апазыцыянэры гэтага ня бачаць, ці ня хочуць заўважаць, і працягваюць жыць 1991 годам”.

(Епіскап Васіль, Пінск:) “На пытаньне тыдня хачу распавесьці, як выконваецца закон “Аб рэлігійных арганізацыях” у Пінску. 22 верасьня ў Пінскі гарвыканкам мы падалі на рэгістрацыю дакумэнты праваслаўнай парафіі Сьвятога Міколы Чудатворца. Гэтая парафія не належыць да Маскоўскай патрыярхіі. Праваслаўныя ў Пінску стварылі незалежную парафію, бо мясцовы прадстаўнік Маскоўскай патрыярхіі архіепіскап Сьцяпан Карзун публічна абвінавачаны ў гомасэксуалізме, п’янстве, рукапрыкладстве да падобных справах. У гарвыканкаме нас запэўнілі, што ўсё будзе зроблена па закону. І вось які закон дзейнічае. 25 верасьня дырэктара прадпрыемства, які даў нам юрыдычную адрэсу, наведалі супрацоўнікі КДБ, якія патрабавалі ад яго ануляваць гарантыйны ліст. Пачаліся адпаведныя гутаркі зь сябрамі “дваццаткі.” Як мы бачым, закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях,” які на справе выглядае як кпін зь вернікаў, і нават прыблізна не выконваецца”.
XS
SM
MD
LG