Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 17 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах сайту Гомельскага абкаму БРСМ карыстальнік WatslawZpadMensky спрачаецца з гомельскімі чальцамі саюзу моладзі. “…я кажу пра псэўдастабільнасьць… народ пасьля СССР можа сказаць, добра ці дрэнна, ці рэальны гэта дабрабыт… у нас народ усё зводзіць да харчоў (толькі й круцім перадачы пра тое, як тлусьцеюць амэрыканцы… А ў той самы час як тыя ж амэрыканцы скемілі, што жэрці нядобра, у нас у краіне колькасьць пакутных на такую хваробу (атлусьценьне) павялічылася ажно на 29 адсоткаў, а гэта калясальная лічба… Мяне ня радуе пэрспэктыва таго, што я, спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй буду на дзяржаўнай працы атрымліваць свае крэўныя 600 тысячаў ці нешта такое, у той час як кранаўшчык Вася, альбо сталяр Пеця атрымліваюць 2,5 і 1,5 мільёны адпаведна…”

На форумах афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму можна знайсьці ліст бацькоў вучняў менскай гімназіі нумар 20: “Адміністрацыя гімназіі неаднойчы зьвярталася да загадчыка Фрунзенскага РАНА… з просьбай адрамантаваць дах у зьвязку з тым, што кабінэт, у якім вучыцца нашыя дзеці, прыйшоў у непрыдатны стан цераз працяканьне даху, таму адвальваюцца шпалеры, тынкоўка, цячэ са столі, сапсаваная мэбля, цьвільлю пакрываюцца сьцены. Бацькоўскі камітэт клясы таксама быў на прыёме загадчыка РАНА зь відэазапісам стану кабінэта. Дагэтуль ніякія працы не вядуцца. Вучні вымушаныя хадзіць па іншых клясах, бо ў нашым кабінэце ўвесь час стаіць цяжкое паветра і увесь час адлятаюць кавалкі тынкоўкі са столі, што небясьпечна”.

Беларуска зь Пецярбургуaneta_spb піша ў сваім Жывым журнале: “Аляксандар Лукашэнка павінен падаць у суд! На Пуціна. Бо ўвесь час крадзе інтэлектуальны прадукт. І “прэзыдэнцкая вэртыкаль”. І розныя законы. І нарэшце, тэма грузінскіх тэрарыстаў! Усяго толькі ў сакавіку гэтага году, калі прыгадаем, былі страшныя выкрыцьці грузінскіх тэрарыстаў, якія зьбіраліся атруціць ваду ў менскім водаправодзе шляхам закідваньня туды падохлых пацукоў”.

На форумах парталу TUT.by адна з найбольш папулярных тэмаў сёньня – суд над прадпрымальніцай з Магілёву, якая запампоўвала ўсім ахвочым порна ў мабільныя тэлефоны. Прадпрымальніцы цяпер пагражае штраф на мільён рублёў і пазбаўленьне ліцэнзіі. Удзельнікі форумаў тым часам выказваюцца:

“Напэўна, яна запампоўвала сюжэты БТ” “Вунь па расейскіх каналах рэкляма ідзе, кшталту дашлі смс туды і туды і будзе табе шчасьце ды эратычны кліп у падарунак… і ўнізе дробным шрыфтам кошт СМС – 4 даляра”. “Увогуле дзяўчынку шкада. Учора фізык, сёньня дзяўчо з Магілёву, а хто заўтра?! У нас новая хваля?” “Калі чалавек папрасіў іншага чалавека перапісаць у асабісты тэлефон эратычны кліп, дык гэта ягоная асабістая справа. Калі ён пачне адкрыта яго дэманстраваць… гэта таксама ягоная справа ды ягоная праблема…”

У сеціве зьявіўся афіцыйны сайт праекту “ТОП-50 найпрыгажэйшых людзей Менску” Як паведамлялася раней, конкурс абвешчаны тэлевядоўцай Ларысай Грыбалёвай. Зь ейных словаў, сьпіс ТОП-50 – гэта прызнаньне пасьпяховасьці, прыгажосьці, элегантнасьці, бездакорнага стылю й высокіх дасягненьняў. Звычайныя наведнікі сайту могуць пакідаць імёны беларусаў, якіх варта ўнесьці ў гэты сьпіс, а журы конкурсу будзе адбіраць з кандыдатаў самых вартых. Вынікі галасаваньня на сайце будуць зьяўляцца кожныя тры дні.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG