Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Сяргей Палуян


Уладзімер Арлоў, Менск 19.10.1890, Брагін — 20.4.1910, Кіеў. Пахаваны на кіеўскіх Байкаўскіх могілках.

Некалі ў маладосьці я склаў сьпіс дзесяці асобаў, зь якімі хацеў бы сустрэцца на гэтым, а калі спазьніўся, дык хаця б на тым сьвеце. У гэтым пераліку побач з маімі, расстралянымі ў 1930-я дзядамі Арцёмам і Максімам, суседзіў пісьменьнік Сяргей Палуян.

“Ты быў, як месяц, адзінокі: самотна жыў, самотна ўмёр”,— пісаў пра Палуяна ягоны сябар Максім Багдановіч, на адзіным прыжыцьцёвым зборніку якога, вечна жывым “Вянку”, пазначана: “Вянок на магілу С. А. Палуяна...”

Мне наіўна здавалася, што калі б я апынуўся зь Сяргеем у адным часе, дык здолеў бы ўратаваць яго ад самагубства ў дзевятнаццаць з паловаю гадоў.

У гісторыі Беларускага Адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя ён застаўся, відаць, самым трагічным героем.

Літаратурнай дзейнасьцю гэты рамантычны юнак з надзіва сталым аналітычным розумам займаўся ўсяго адзін год. Большасьць ягоных твораў зьнікла ў ліхалецьцях часу, але тое, што ацалела, сьведчыць: Палуян ствараў на мяжы геніяльнасьці.

Перачытайце ягоны маленькі шэдэўр “Хрыстос уваскрос!”

Якраз Палуян знайшоў у архіве “Нашае Нівы” сшыткі зь вершамі Максіма Багдановіча, расцэненымі як “дэкадэнцкія”, і першы пачаў зьмаганьне за іх прызнаньне й шырокую публікацыю.

Ён быў таленавітым публіцыстам і ідэолягам беларускага руху.

Але — “ня стала сіл змагацца з блудным векам...” (Янка Купала)

Дваццаць гадоў таму, у 1986-м, імя Сяргея Палуяна вярнулася зь нябыту, дзякуючы кнізе яго твораў “Лісты ў будучыню”.

Назва зборніка — не выпадковая. Пакінутыя Палуянам запаветы праз стагодзьдзе набылі яшчэ большую актуальнасьць: “Калі мы паставілі сабе мэту адрадзіць наш народ ... то нам у першую чараду трэба адрадзіць сваю мову. Толькі тады ў нас будзе якоесь асобнае нацыянальнае жыцьцё, бо асобная мова — гэта і ёсьць форма нацыянальнай асобнасьці. Толькі адрадзіўшы мову, мы зможам паставіць на цьвёрды грунт наш рух...

А пакуль што трэба раскідваць усё новае і новае насеньне. Мо і кепская доля спаткае яго, мо і зьніштожыцца яно нягодай ды студзёным сіверам,— але не сяўцам думаць аб гэтым! У іх адна мэта — болей зёрнаў кінуць у сагрэтую сонцам ральлю...”
XS
SM
MD
LG