Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

700 грузінскіх грамадзян ужо дэпартаваныя з Расеі


Радыё Свабода У расейска-грузінскіх адносінах захоўваецца напружаньне. Нягледзячы на вызваленьне чатырох расейскіх афіцэраў, Расея увяла транспартную блякаду Грузіі, узмацніла візавы рэжым, ня менш як 700 грузінскіх грамадзянаў дэпартаваныя з Расеі па абвінавачваньні ў парушэньні візавага рэжыма. З прычыны блякады дэпартаваных адпраўляюць у Ерэван, Баку і нават Менск.

Дачы Квіквінія пражыў у Маскве з сям’ёй 11 гадоў. Днямі ён быў дэпартаваны ў Ерэван.

(Квікінія: ) “Яны ставілі штампы аб дэпартацыі ў нашы пашпарты. Супрацоўнікі аэрапорту ў Ерэване глядзелі на нас, як на пракажоных”.

Паводле розных ацэнак ад 400 тысячаў да мільёна грузінскіх грамадзянаў жывуць і працуюць у Расеі, легальна ці нелегальна. Паводле дадзеных цэнтральнага банку Грузіі грузінскія грамадзяне толькі ў першым паўгодзьдзі гэтага году перавялі на бацькаўшчыну 220 мільёнаў даляраў, што складае 15% валавага ўнутранага прадукту краіны. Некаторыя з дэпартаваных кажуць, што у іх нават і не правяралі, ці ў парадку ў іх дакумэнты. Хаця , напрыклад, Атары , дэпартаваны ў Баку, не хавае, што працаваў нелегальна.

(Атары: ) “Гэта ўсё палітыка. Я ў ёй не разьбіраюся. Я звычайны рабочы чалавек. Нелегальна працаваў ну за гэта і атрымаў дэпартацыю”.

Магулі Легішвілі распавядае, як яе адправілі на радзіму.

(Легішвілі: ) “Мы з Смаленскай вобласьці. У пашпарце нешта не ў парадку было, адразу далі дэпартацыю на працягу 10 дзён. Яны гавораць : "Вы грамадзяне Грузіі, ідзіце да вашага Саакашвілі". І ўсё. І вось узялі квіток ў Баку і наўпрост сюды. Цяжка было. Мы ў Тбілісі едзем”.

Эўракамісар у пашырэньні і суседзкіх сувязях Беніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што Эўрапейскі Зьвяз занепакоены тым ціскам, які ўжываюць расейскія ўлады ў дачыненьні да грузінаў, гэтаксама як эканамічнай і транспартнай блякадай краіны.

(Фэрэра-Вальднэр:) “Мы ўсур’ёз занепакоеныя абвастрэньнем стасункаў паміж Грузіяй і Расеяй і тым ціскам, якія расейскія ўлады ўжываюць супраць грузінаў, прыкладам, супраць тых, хто працуе ў Расеі і асабліва супраць школьнікаў у расейскіх школах, гэтаксама як і супраць грузінскіх фірмаў. Хвалююць таксама эканамічныя санкцыі – транспартная блякада, забароны на імпарт, закрыцьцё межаў”.

Але тым грузінскім грамадзянам, каго з Расеі ўжо дэпартавалі, такая пазыцыя Эўразьвязу наўрад ці дапаможа, як гэтай жанчыне, якая была дэпартаваная ў Менск.

(Грузінка: ) “Мы ледзь дабраліся да Менску. Пакуты і зьнявагі, якія мы перанесьлі, нельга апісаць словамі. Нам патрабуецца тыдзень, каб вярнуцца ў Грузію. Але гэта для нас не вяртаньне. Мы ня ведаем, што там будзем рабіць, як пачнём жыць. Спадзяемся, што Бог абароніць нас”.
XS
SM
MD
LG