Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралева Вялікай Брытаніі Элізабэта Другая наведала Вільню (фота)


Тацьцяна Поклад Каралева Вялікай Брытаніі Элізабэта Другая і Прынц Эдынбурскі Філіп пачалі візыт ў тры балтыйскія краіны з наведаньня Літвы. Учора ўвечары яны прыбылі ў Вільню. А літоўскія гісторыкі паведамілі, што брытанская каралева, якая правіць даўжэй за ўсіх іншых манархаў Эўропы, мае сваяцкія сувязі з вялікімі князямі літоўскімі, паколькі фамільнае дрэва Элізабэты Другой злучаецца з фамільным дрэвам Гедымінавічаў.

Сёньня адбылася урачыстая цырымонія сустрэчы брытанскай каралевы ў прэзыдэнтуры, што каля Віленскага унівэрсытэту, які Каралева таксама пазьней наведала.

Сваю прамову ў Сойме Каралева пачала словамі літоўскага гімну -- “І праўда, і сьвятло няхай суправаджаюць нашыя крокі”. Каралева Вялікай Брытаніі Элізабэта Другая сказала у літоўскім парлямэнце:

(Элізабэта Другая:) “Мне прыемна, што дачыненьні Літвы і Брытаніі пашыраюцца такімі тэмпамі. Працуючы разам ў Эўразьвязе і НАТО, мы сутыкаемся з тымі самымі праблемамі і магчымасьцямі. Нас яднае агульная мэта ствараць адкрытую, упэўненую ў сабе Эўропу. Мы будзем прыкладаць намаганьні, каб плады свабоды, дэмакратыі і свабоднага рынку, якімі мы карыстаемся, як сябры Эўразьвязу і НАТО, былі даступнымі і для нашых суседзяў, жадаючым далучыцца да нас.

Мы верым, што абавязаны дапамагчы вырашыць канфлікты, якія існуюць ў сьвеце, каб пашыраліся інвэстыцыі ва ўсіх накірунках, каб ствараліся новыя магчымасьці для свабоднага руху людзей, каб яны маглі свабодна працаваць ў любой краіне паводле свайго выбару”.

Каралева Вялікай Брытаніі Элізабэта Другая і прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус абмяняліся узнагародамі – літоўскі прэзыдэнт уганараваў Каралеву вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Літвы – ордэнам Вітаўта Вялікага з залатым ланцугом, а Каралева узнагародзіла Валдаса Адамкуса другой па значнасьці дзяржаўнай узнагародай у Вялікай Брытаніі – Ордэнам лазьні (Order of the Bath), які маюць такія вядомыя палітычныя дзеячы, як Рональд Рэйган, Лех Валенса, Джордж Буш.



На Ратушавым пляцы Брытанская Каралева паразмаўляла з віленчукамі, якія прыйшлі прывітаць яе прыезд. А актывісты з руху абароны правоў жывёлаў (мясцовыя і актывісты PETA, якія езьдзяць за Каралевай паўсюдна), апранутыя мядзьведзямі, сустрэлі Каралеву акцыяй пратэсту, у якой заклікалі адмовіцца ад таго, каб яе ахоўнікі насілі шапкі з футра канадзкіх чорных мядзьведзяў.

У Літве пішуць і пра сваяцкія сувязі Каралевы Вялікай Брытаніі з вялікімі князямі літоўскімі, ў прыватнасьці з Гедымінам. А ўсё пачалося ад таго, што Княгіня Зофія, дачка Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Казімера (1427 – 1492), выйшла замуж у Брандэнбург, ў дынастыю Гагенцолернаў, якая па кудзелі уваходзіць у дынастыю Сьцюартаў-Гановэраў, продкаў Элізабэты Другой. Ідэя, што сувязі Каралевы з Вялікімі літоўскімі князямі трэба шукаць праз дынастыю нямецкіх князёў Гагенцолернаў (якая ад 1415 г. кіравала ў Брандэнбургу), належыць ангельскаму гісторыку Стывэну Ровэлу, які жыве і працуе ў Літве. А лінію княгіні Зофіі падрабязьней дасьледаваў літоўскі гісторык Альфрэдас Бумблаўскас.

У Вільні брытанскую каралеву віталі літоўскія вайскоўцы з арыгінальнымі касьцюмамі і зброяй 14 стагодзьдзя

******************************************* Заўтра, у сераду, прыкладна аб 11-й гадзіне Каралева Вялікай Брытаніі зь Вільні накіруецца ў Рыгу. У часе афіцыйнага візіту каралеву суправаджаюць дзьве фрэйліны, асабісты сакратар, прэсавая прадстаўніца, старэйшы ад''ютант, асабісты доктар, іншыя службовыя асобы.

Літва выдаткавала на прыём Каралевы Элізабэты Другой 2 мільёны літаў (прыкладна 700 тысяч даляраў), адмыслова дзеля гэтага візіту быў набыты новы лімузін і яшчэ два аўтамабілі.
XS
SM
MD
LG