Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дванаццатыя суткі пратэстанты трымаюць галадоўку пратэсту (фота)


Любоў Лунёва, Менск Больш за 170 вернікаў-пратэстантаў удзельнічаюць у пасьце-галадоўцы. У будынку царквы “Новае жыцьцё” галадаюць 32 чалавекі. Вернікі патрабуць, каб улады прызналі іхны храм культавым будынкам і далі магчымасьць ладзіць там набажэнствы. Да галадоўкі далучыліся некалькі пастараў зь іншых пратэстанцкіх суполак. Улады зрэагавалі на акцыю вернікаў. Да кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта запрасілі на размову пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка галадае 12 суткі. 18 кастрычніка ён плянуе спыніць галадоўку, бо пачаліся праблемы са здароўем. Апроч таго, пастар патлумачыў “Свабодзе”, што спалучаць галадоўку й працу немагчыма. Вернікі паведамілі “Свабодзе”, што будуць трымаць галадоўку, пакуль улады не задаволяць іхных патрабаваньняў.

Сёньня Вячаслава Ганчарэнку запрасілі на размову да кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта. Яму не паведамілі тэму размовы, але пастар заявіў Радыё Свабода, што будзе настойваць на сваіх патрабаваньнях.

(Ганчарэнка: ) “Мы, канечне ж, хочам, каб улады распачалі з намі дыялёг. У той жа час мы хочам, каб выканалі ўсе нашы патрабаваньні. Яны застаюцца ў сіле. Нашы вернікі будуць трымацца да канца”.

На дванаццаты дзень галадоўнікі кажуць, што адчуваюць сябе добра. Але мэдыкі хуткай дапамогі параілі Валянціе Ерафеевай спыніць галадоўку. Яе папярэдзілі, што ў яе могуць быць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Валянціна прыехала з Воршы й далучылася да галадоўкі на знак салідарнасьці зь вернікамі-пратэстантамі. Яна пакуль адмаўляецца спыніць удзел у акцыі. Гаворыць іншая верніца Марыя Канавалава:

(Канавалава: ) “Я адчуваю сябе добра на самай справе — і зьбіраюся і надалей галадаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Упершыню трымаеце такі пост?”

(Канавалава: ) “Не, я раней трымала пасты. Першы раз сем дзён, другі — дзесяць. Толькі буракі ела. Цяпер, як усе: адна вада”.

Вольга Нікіціна-Кульчэўская прыехала з Барысава падтрымаць вернікаў з “Новага жыцьця”. Яна не выходзіць з будынку пратэстантаў. У выходныя яе наведвае муж.

(Нікіціна-Кульчэўская: ) “Паглядзела на свае вочы, што тут робіцца, і зразумела, што маё месца тут. Калі не дапамагчы гэтай вялікай царкве, то нас, невялікія цэрквы (нас у Барысаве каля ста чалавек) перадушаць па адным, лёгка і хутка. Падобныя праблемы ёсьць калі не ў паловы цэркваў, амаль у кожнай. Муж мой прыяжджаў на выходныя. Ён і тыя выходныя быў тут, і паехаў дамоў. Ён у сераду выйшаў з галадоўкі там, у Барысаве, бо трэба ж і дома, і на працу, дый дачка і маці старая ў яго на руках”.

Уладзімер Кунчын ад першага дня трымае галадоўку. Сёньня яму споўнілася 52 гады. Вернікі павіншавалі яго шклянкай чыстай вады:

(Кунчын: ) “Адчуваю сябе добра. Ня маю намеру спыніць галадоўку. Жонка і двое дзяцей, аднаму васямнаццаць, а другому чатырнаццаць, ходзіць у школу — яны ўсе ходзяць у гэтую царкву. Яны мяне падтрымліваюць”.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка падчас вечаровага набажэнства абмяркуе зь вернікамі вынікі свайго візыту ў адміністрацыю прэзыдэнта.



XS
SM
MD
LG