Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Эўракамісія дапаможа беларускім студэнтам (абноўлены)


Іна Студзінская, Менск Эўракамісія абвясьціла, што выдаткоўвае чатыры з паловай мільёны эўра для беларускіх студэнтаў, якіх адлічылі зь беларускіх ВНУ. Моладзь зможа навучацца за мяжой. Праграма фінансаваньня разьлічаная на тры гады, і яе мае кантраляваць Рада міністраў паўночных краінаў, якія выдаткоўваюць на яе рэалізацыю яшчэ 500 тысяч эўра.

Праграма падтрымкі разьлічаная на навучаньне 300 студэнтаў, якіх адлічылі з ВНУ альбо не дапусьцілі да экзамэнацыйнай сэсіі за палітычную актыўнасьць падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтыя студэнты будуць мець магчымасьць працягнуць адукацыю ў суседніх зь Беларусьсю краінах — ва Ўкраіне і Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, які працуе цяпер у Вільні.

У аўторак у другой палове дня кіраўніца камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей сустракаецца з прадстаўнікамі Эўракамісіі, каб абмеркаваць дэталі.

(Кулей: ) “Сёньня мы можам выказаць толькі вялікую падзяку за тое, што студэнты не засталіся без падтрымкі. І там, дзе краіны самі ня здолелі аказаць дапамогі (напрыклад, ва Ўкраіне), Эўракамісія, Эўразьвяз дапамог падтрымаць беларускіх студэнтаў. Але гэта ня будзе падтрымка ў іншых краінах, да прыкладу, курсы мовы ў Нямеччыне, альбо фінансаваньне тых студэнтаў, якія раней трапілі ў Чэхію. Гэтыя пытаньні будуць разглядацца пазьней. А цяперашняе фінансаваньне можна будзе скарыстаць менавіта тым, хто паедзе вучыцца ў Літву і Ўкраіну”.

Трохгадовая праграма Эўракамісіі прадугледжвае стыпэндыі для 170 магістарскіх і 35 бакаляўраўскіх праграмаў для студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, выдаткі на пражыцьцё студэнтаў, якія ўжо вучацца ў ЭГУ, стыпэндыі для 100 студэнтаў ва Ўкраіне. Стыпэндыі будуць выдаткоўвацца студэнтам, якія прынятыя ў замежныя ўнівэрсытэты й маюць доказы таго, што ня могуць навучацца ў Беларусі.

Афіцыйныя беларускія ўлады адмаўляюць, што пасьля выбараў рэпрэсавалі актыўных студэнтаў. Намесьніца міністра адукацыі Беларусі Тацяна Кавалёва цьвердзіць:

(Кавалёва: ) “Ніхто са студэнтаў з-за палітычнай актыўнасьці ня быў выключаны з навучальнай установы. Выключаюцца студэнты толькі з-за непасьпяховасьці й за значныя пропускі заняткаў. Што да студэнтаў, якія неяк праявілі сябе падчас выбараў на плошчы, паводле нашай інфармацыі, асноўная частка студэнтаў як навучалася ў ВНУ, так і працягвае навучацца”.

Эўракамісія адзначыла, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускія ўлады ўзмацнілі ціск на грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, асабліва на незалежныя СМІ, моладзевыя рухі. Камісар зьнешніх сувязяў і эўрапейскай палітыкі дабрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр выказала надзею, што “тыя, хто пройдзе навучаньне… прывязуць дадому глыбейшае разуменьне жыцьця ў свабодным грамадзтве й вялікі аптымізм і надзею на тое, што неўзабаве гэтыя свабоды прыйдуць і ў іхнюю краіну”.
XS
SM
MD
LG