Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сэзон новы галоўны трэнэр беларускіх хакеістаў заробіць $100 тысяч


Ігар Карней, Менск Сёньня Беларуская фэдэрацыя хакею афіцыйна абвясьціла пра кадравыя зьмены ў трэнэрскім штабе нацыянальнай зборнай. На чале каманды стаў 48-гадовы амэрыканскі спэцыяліст Курт Фрэйзэр. Кантракт з Фрэйзэрам падпісаны да 1 чэрвеня 2007 году. За гэты час амэрыканскі трэнэр заробіць 100 тысяч даляраў.

На пасадзе галоўнага трэнэра зборнай Беларусі ў хакеі Курт Фрэйзэр замяніў канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана. Прычыну кадравых ракіровак патлумачыў кіраўнік Беларускай фэдэрацыі хакею Ўладзімер Навумаў:

(Навумаў: ) “Два папярэднія гады галоўным трэнэрам працаваў Глен Хэнлан. Але сёлета склалася такая сытуацыя: кіраўніцтва клюбу “Вашынгтон Кэпітэлз” паставіла перад ім задачы, якія, зрэшты, ставяцца перад усімі трэнэрамі: сканцэнтраваць высілкі менавіта на гэтым клюбе НХЛ. Хоць, як я мяркую, гэты чалавек ніколі ўжо ў сваім жыцьці не адыдзе ад беларускай зборнай, а ягоную дапамогу ў розных кірунках будзе і наша каманда, і беларускі хакей заўсёды адчуваць”.

Курт Фрэйзэр да 1990 году выступаў за клюбы Нацыянальнай хакейнай лігі “Ванкувэр Кэнакс”, “Чыкага Блэк Гоўкс”, “Мінэсота Норз Старз”, а ў якасьці трэнера працаваў з рознымі камандамі Інтэрнацыянальнай і Нацыянальнай лігаў. Фрэйзэр не хавае, што да працы ў Беларусі яго схіліў непасрэдна Глен Хэнлан — былыя хакеісты сябруюць ужо 25 гадоў.

(Фрэйзэр: ) “Ёсьць некалькі прычынаў, зь якіх я прыняў гэтае рашэньне. Па-першае, Глен Хэнлан заклаў вельмі добры падмурак да разьвіцьця хакею ў Беларусі. Я прыйшоў, каб замацаваць гэты посьпех і яшчэ больш удасканаліць хакей у Беларусі. Другая прычына — асабіста для мяне гэта дадатковая магчымасьць удасканальваць сябе як трэнэра, і гэта папросту ўнікальны шанец лепш пазнаць эўрапейскі хакей... Што да Беларусі, то я толькі што прыехаў, але цягам гэтых дзён маю найлепшыя ўражаньні ад Менску і добразычлівасьці людзей. Не хапае словаў, каб апісаць гасьціннасьць беларускага боку”.

Адрозна ад Глена Хэнлана, які працаваў у Беларусі, так бы мовіць, на грамадзкіх асновах (з кампэнсацыяй выдаткаў на авіяпералёт і часовае пражываньне ў Менску), Курт Фрэйзэр падпісаў кантракт зь Беларускай фэдэрацыяй хакею. Пакуль дамова абмяжоўваецца 1 чэрвеня — завяршэньнем сэзону пасьля чэмпінату сьвету-2007 у Расеі. За гэты час на пасадзе галоўнага трэнэра Фрэйзэр атрымае 100 тысяч даляраў і 15 тысяч даляраў будзе пералічана на мэдычную страхоўку.

Першы збор нацыянальнай каманды прызначаны на 8 лістапада. Аднак Фрэйзэр кажа, што ўжо пачаў вывучаць беларускі хакей. А ў выходныя ён асабіста пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

(Фрэйзэр: ) “Я ўжо непасрэдна прыступіў да працы. Праглядаю гульні нацыянальнага чэмпіянату — і прыемна зьдзіўлены ўзроўнем хакею ў Беларусі. Таму зь нецярпеньнем чакаю сустрэчы з гульцамі нацыянальнай зборнай, якія сваёй самааддачай і клясай падчас кожнага турніру даказваюць здольнасьць выступаць на высокім узроўні. І я б хацеў аддзячыць беларусам, якія не сумняваліся ў маёй кампэтэнцыі. Я бачыў энтузіязм і вялікую любоў да хакею ў заўзятараў падчас гульняў. І я хацеў бы гэтыя якасьці перадаць гульцам зборнай, якія мусяць атрымаць зарад дзеля дасягненьня нават неплянавана высокіх вынікаў”.

Курт Фрэйзэр расказаў, што тры ягоныя сыны (10, 13 і 14 гадоў) займаюцца ў хакейнай школе ў Сэнт-Луісе і зь вялікім энтузіязмам успрынялі камандзіроўку бацькі ў не вядомую ім Беларусь. Доказам таго — новая кампутарная гульня ў хакей у іхным арсэнале, у якой хлопцы навыперадкі імкнуцца трапіць у склад беларускай зборнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG