Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец: Хрысьціяне-галадоўнікі ствараюць новы фронт супраціву


Радыё Свабода Вось ужо 14 месяцаў знаходзіцца на “хіміі” вядомы палітык Павал Севярынец. Пакараньне абмежаваньнем свабоды ён адбывае ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. І хаця асуджаны палітык мае вялікія праблемы з камунікацыяй, ён пастаянна кантактуе з аднадумцамі і ўважліва сочыць за падзеямі ў краіне.

Найбольш хвалююць Паўла Севярынца рэпрэсіі супраць кіраўнікоў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, якую ён свойчас ачольваў. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Цяпер у цэнтры ўвагі справа “Маладога фронту”. Арышты моладзевых лідэраў Паўла Красоўскага і Зьмітра Дашкевіча даводзяць, што рэжым папросту ня ведае, што рабіць з гэтым рухам. Ён баіцца моладзі, якая выходзіла на плошчу ў сакавіку й спрабуе зрабіць усё, каб гэтую моладзь запалохаць. Але атрымліваецца толькі рабіць з маладафронтаўцаў нацыянальных герояў. Таму я зычу хлопцам трымацца, і заклікаю беларусаў прыйсьці на суд у справе “Маладога фронту”.

Хвалюе палітыка і бестэрміновая галадоўка вернікаў царквы “Новае Жыцьцё”. Паводле Севярынца, сёньня ў асяродку беларусаў-пратэстантаў ствараецца новы фронт супраціву.

(Севярынец: ) “Хрысьціяне, якія галадаюць у царкве “Новае жыцьцё”, фактычна ствараюць новы фронт супраціву, новую апазыцыю ў Беларусі. Апазыцыю маральную, апазыцыю моцную, апазыцыю дысцыплінаваную. І хацеў бы зьвярнуць увагу на факт нараджэньня гэтага масавага руху. Такое адбываецца ў Беларусі ўпершыню. Малюся за братоў і сёстраў у царкве “Новага жыцьця” й заклікаю слаць лісты падтрымкі, прыяжджаць, падтрымліваць галадоўцаў. Гэта цяпер выключна важна”.

Павал Севярынец вядзе таксама працу дзеля падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя саветы, пагатоў, гэтым разам у Маласітненскі сельскі савет плянуюць патрапіць людзі дэмакратычных поглядаў.

(Севярынец: ) “Займаюся падрыхтоўкай да мясцовых выбараў у Малым Сітне. Некалькі вяскоўцаў зьбіраюцца пазмагацца за месцы ў сельскім савеце”.

Нагадаем, што Павал Севярынец быў асуджаны на 2 гады абмежаваньня свабоды за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG