Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія дапаможа беларускім студэнтам


Радыё Свабода, Менск Эўракамісія абвесьціла аб выдаткаваньні чатырох з паловай мільёнаў эўра для беларускіх студэнтаў, якія былі адлічаныя з беларускіх ВНУ і жадаюць навучацца за мяжой. Праграма фінансаваньня разьлічаная на 3 гады і будзе ажыцьцяўляцца пад кантролем Рады Міністраў паўночных краін, якія выдаткоўваюць на яе рэалізацыю яшчэ 500 тысяч эўра.

Праграма падтрымкі разьлічаная на навучаньне 300 студэнтаў, якія былі адлічаныя з ВНУ альбо не дапушчаныя да экзамэнацыйнай сэсіі за палітычную актыўнасьць пад час прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтыя студэнты маюць магчымасьць працягнуць адукацыю ў суседніх з Беларусьсю краінах: ва Ўкраіне і ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, які працуе ў Вільні. У аўторак у другой палове дня кіраўніца Грамадзкага камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей сустракаецца з прадстаўнікамі Эўракамісіі, каб абмеркаваць усё больш дэталёва

(Кулей: ) “Сёньня мы можам выказаць толькі вялікі дзякуй за тое, што студэнты не засталіся без падтрымкі. І там, дзе краіны самі ня здолелі надаць дапамогу, напрыклад, ва Ўкраіне, Эўракамісія, Эўразьвяз дапамог падтрымаць беларускіх студэнтаў. Але ёсьць пытаньні, якія яшчэ належыць абмеркаваць. Бо пад час працы паўстала шмат новых пытаньняў: гэта недастатковая стыпэндыя ў Румыніі, гэта немагчымасьць правядзеньня моўных курсаў у Нямеччыне і Чэхіі. І таму мы сустракаемся з прадстаўнікамі Эўракамісіі, каб абмеркаваць, якія пытаньні мы б маглі з дапамогай гэтых сродкаў вырашыць”.

Трохгадовая праграма Эўракамісіі прадугледжвае стыпэндыі для 170 магістарскіх і 35 бакалаўрскіх праграм для студэнтаў Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, выдаткі на пражываньне студэнтаў, якія ўжо вучацца ў ЭГУ, стыпэндыі для 100 студэнтаў ва Ўкраіне. Студэнты будуць адбірацца адмысловай экспэртнай групай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG