Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску 15 тысяч прыватных дамоў, якія абаграваюцца дровамі


Ігар Карней, Менск Ад сёньня ў амаль 60 тысячах шматкватэрных дамоў Беларусі пачнуць падаваць цяпло. Плянуецца, што кожны дзень колькасьць кватэраў, у радыятары якіх трапіць гарачая вада, будзе павялічвацца на 20%. Цяпло ўжо падаецца ў бальшыню дзіцячых ўстановаў і шпіталяў. Паводле нормаў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, тэмпэратура ў жылых памяшканьнях павінна быць не ніжэйшай за +18, у кутніх пакоях –не ніжэй за +20. Калі ў кватэры халадней, трэба зьвяртацца ў ЖЭС, дзе скаргу павінны зафіксаваць і выправіць праблему.

У Менску каля 15 тысяч прыватных дамоў, якія абаграваюцца дровамі і торфабрыкетам. Жыхарка аднаго зь такіх дамоў па вуліцы Панфілава -- Сьвятлана Зягель -- не набывае дровы. Яе дом заплянаваны пад знос. Трэці год запар напярэдадні зімы яе абяцаюць перасяліць у гарадзкую кватэру.

(Зягель: ) “Тры гады яны нам песьні сьпяваюць. Гаварылі: вы толькі не нарыхтоўвайце дровы, мы вас адселім. Зараз ужо два гады як мы трапляем пад адсяленьне на ўсіх паперах, але нічога не мяняецца. Машына пад’ехаць сюды ўжо ня можа, а ў нас жа печы! Мы ж ня можам сагрэцца нічым іншым, толькі дровамі. Нашай бабулі гэтыя самыя будаўнікі за трыццатку прадалі… паддоны драўляныя з-пад цэглы. Кінуць кінулі, а як цяпер гэта ўсё пасекчы? Але адкуль дровы насіць, нават калі б яны і былі?”

На адмысловы паседжаньні Менскага гарвыканкаму, прысьвечаным пачатку ацяпляльнага сэзону, старшыня Міхаіл Паўлаў загадаў ашчадна выкарыстоўваць паліва.

Інжынэр менскіх цепласетак Сяргей Саковіч перакананы: нягледзячы на распараджэньне Міхаіла Паўлава, шмат зэканоміць на паліве не атрымаецца.

(Саковіч: ) “Трэба, каб у гэтай сфэры была якаясьці акрэсьленая палітыка. Прыкладам, неабходна існаваньне арганізацыі, якая давала б рэкамэндацыі ў элемэнтарных пытаньнях: як правільна уцяпліць дом, як правільна падрыхтаваць камунікацыі, каб яны эфэктыўна працавалі. Якія правільна выбраць радыятары ацяпленьня. Іншымі словамі, адказвала б за поўны комплекс паслугаў, зьвязаных з эканоміяй і выкарыстаньнем рэсурсаў. Бо гэта мусіць быць дзяржаўнай палітыкай і дзяржаўным клопатам. Калі б дзяржава такую арганізацыю ўтрымлівала, тады эфэктыўнасьць гэтага на дзяржаўным узроўні аўтаматычна прынесла б вялікую карысьць. Эканомію тых жа самых матэрыяльных рэсурсаў, тых жа самых сродкаў”.

Паводле Сяргеяй Саковіча, вонкавая цеплаізаляцыя жылых дамоў праводзіцца ў Менску выбарачна. Збольшага, цеплаізаляцыйнымі пліткамі абшываюцца дамы на цэнтральны вуліцах і праспэктах. Навабуды ў мікрараёнах на ўскрайках Менску ўзводзяцца паводле старых тэхналёгіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG