Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка і дочкі Казуліна сустрэнуцца зь ім у калёніі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў віцебскай калёніі “Віцьба-3” адбудзецца першая сустрэча Аляксандра Казуліна з жонкай Ірынай і дочкамі Вольгай і Юляй. Напярэдадні жонцы палітыка давялося прасіць адміністрацыю калёніі дазволіць сустрэчу абедзьвюм дочкам, бо “яны абедзьве для бацькі любімыя”.

Гэта будзе першае ў калёніі спатканьне Аляксандра Казуліна з жонкай і дочкамі. Нагадаю, палітыка разлучылі з сям’ёй яшчэ 25 сакавіка, калі арыштавалі проста на вуліцы пасьля няўдалай спробы калёны мітынгоўцаў прайсьці да турмы на вуліцы Акрэсьціна. Экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна тады абвінавацілі ў арганізацыі вулічных беспарадкаў і праз 4 месяцы асудзілі на 5,5 гадоў зьняволеньня.

За час пасьля затрыманьня Казулін меў усяго некалькі спатканьняў з жонкай і дочкамі. Сёньняшняе будзе кароткатэрміновае. Ірына Казуліна шчыра сказала, што найперш паспрабуе адгаварыць мужа ад галадоўкі пратэсту, якую ён зьбіраецца абвясьціць ужо праз тыдзень.

(Казуліна: ) “Скажу шчыра, што не асабліва спадзяюся, што ён адменіць галадоўку, але я хачу ў яго высьветліць, калі ён зьбіраецца яе закончыць, і, можа, мне ўдасца нешта зрабіць на выпадак, калі ён будзе спыняць галадоўку. Другое, я павязу рэкамэндацыі, як лепш трымацца падчас галадоўкі. А яшчэ, безумоўна, прывітаньні ад сваякоў, сяброў, знаёмых, усіх, хто падтрымлівае майго мужа”.

Палітык зьбіраецца галадаваць на знак пратэсту супроць таго, што Аляксандар Лукашэнка дагэтуль ня склаў сваіх паўнамоцтваў. Казулін лічыць, што сакавіцкія выбары не адбыліся і патрабуе перадачы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў прэм’еру Сяргею Сідорскаму, якому належыць прызначыць новыя выбары.

Вядома, што Ірына Казуліна пойдзе на сустрэчу разам з дочкамі: старэйшай Вольгай і малодшай Юляй. Цікавая акалічнасьць: першапачаткова жонцы палітыка дазволілі ўзяць з сабой толькі адну з дачок. Тады Ірына Казуліна патэлефанавала ў Віцебскую калёнію і патлумачыла, што для яе мужа абедзьве дочкі любімыя... У выніку жанчынам дазволілі прыехаць утрох, але папярэдзілі, што ў пакоі для спатканьняў месца будзе толькі для двух гасьцей і камусьці давядзецца стаяць.

Таксама Ірына Казуліна спадзяецца атрымаць ад мужа адказы на пытаньні адносна ягонага здароўя, умоваў утрыманьня ў атрадзе, куды яго нядаўна разьмеркавалі, адносінаў з асуджанымі і супрацоўнікамі адміністрацыі.

Раней у калёніі палітыка наведаў ягоны адвакат Ігар Рынкевіч, але на той момант сам Аляксандар Казулін ня мог шмат расказаць пра сваё турэмнае жыцьцё. Дарэчы, праўдападобна, што былому рэктару БДУ ўжо вызначылі працу ў калёніі, і пра гэта стане вядома сваякам Казуліна.

* * * Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі матывамі. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Казуліна вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG