Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачынаецца ацяпляльны сэзон


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску мяркуецца пачаць ацяпленьне жыльля. А калі прыйдзе цяпло ў кватэры жыхароў рэгіёнаў?

У Менску апошнімі днямі ў кватэрах значна пахаладала. Ці трэба ўключаць ацяпленьне? Меркаваньне сталічнага пэнсіянэра спадара Ўладзімера:

(Уладзімер: ) “Трэба. Там, дзе я жыву, халаднавата”.

(Карэспандэнт: ) “На якім паверсе вы жывяце?”

(Уладзімер: ) “На трэцім. І вокны зачыненыя, але халаднавата. 15 градусаў у пакоі. Малавата”.

Кіраўнікі Менску абяцаюць пачаць абагрэў жыльля ўжо сёньня. Але 17 кастрычніка цяпло зьявіцца не ўва ўсіх сталічных жыхароў. Як паведаміў першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Анатоль Кунцэвіч, уключаць ацяпленьне ў Менску плянуецца паэтапна – кожны дзень зьбіраюцца падключаць да энэргакрыніц па 20 працэнтаў дамоў. Паводле сталічных чыноўнікаў, ацяпляльны сэзон у Менску пачынаецца своечасова. У Беларусі ўключаюць цяпло, калі тэмпэратурны слупок на дварэ цягам пяці дзён запар не перавышае васьмі градусаў цяпла.

А ці дачакаліся цяпла ў сваіх кватэрах жыхары рэгіёнаў? Напрыклад, на Віцебшчыне цяпер халадней, чым у Менску. Паводле сыноптыкаў, там уначы назіраюцца замаразкі – да двух градусаў ніжэй за нуль.

Гаворыць начальнік аддзелу абласной управы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Судак:

(Судак: ) “Ацяпляльны сэзон ужо ў прынцыпе пачаўся па вобласьці. У раёнах кожны выканкам прымае рашэньне што да падключэньня. Горад Віцебск ужо прыняў рашэньне і ад сёньняшняга дня падключаецца да ацяпленьня. У Мёрах жыльлёвы фонд ацяпляецца ад суботы. У асноўным выкарыстоўваецца мясцовае паліва. Мазут для нас – дарагое задавальненьне”.

На Магілёўшчыне ўначы – таксама замаразкі. У прыватнасьці, у Слаўгарадзкім раёне. Ці ацяпляюцца там кватэры? Адказвае намесьнік старшыні мясцовага райвыканкаму Васіль Саўчанка:

(Саўчанка: ) “Няма распараджэньня аблвыканкаму”.

(Карэспандэнт: ) “А калі яно можа быць?”

(Саўчанка: ) “А я ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Слаўгарадчына якімі ў асноўным відамі паліва ацяпляецца?”

(Саўчанка: ) “Першае – гэта газ. Другое – гэта мясцовыя дровы. Трэцяе – гэта брыкет”.

(Карэспандэнт: ) “А ці падрыхтавана паліва?”

(Саўчанка: ) “Дроў да новага году хопіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG