Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН: не Belorussia ці Weissrusland, а Belarus’


Іна Студзінская, Менск Экспэрты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па геаграфічных назвах прынялі рашэньне назвы беларускіх гарадоў, мястэчкаў, вёсак, рэк, азёраў на геаграфічных мапах пісаць лацінкаю, трансьлітаруючы зь беларускай формы. Так, рэкамэндуецца прытрымлівацца формы Belarus’ (з апострафам, у гэтым выпадку паказальнікам мяккасьці), а не Belorussia ці, скажам, Weissrusland.

Яшчэ ў 2000 годзе тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў зацьвердзіла “Інструкцыю для стварэньня картаграфічных вырабаў для замежных карыстальнікаў”, якая была зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры прававых актаў. Згодна з гэтай інструкцыяй, геаграфічныя назвы павінны пісацца лацінкаю – трансьлітараваныя зь беларускіх формаў. Былі і адмысловыя рэкамэндацыі ААН.

Расказвае сябра тапанімічнай камісіі, доктар філялягічных навук Валянціна Лемцюгова:

(Лемцюгова: ) “Было вельмі складана нацыянальную форму засьведчыць і даць на нацыянальнай лацінцы. У пастанове Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў адзначаецца, што тыя краіны, якія карыстаюцца лацінкай, могуць на сваёй лацінцы перадаваць свае назвы (напрыклад, палякі, чэхі). Што да краінаў, якія ня маюць лацінкі (а карыстаюцца кірыліцай), тыя павінны свае стварыць варыянты, якія б найлепш перадавалі асаблівасьці назваў, менавіта нацыянальных назваў”.

Але расейцы, напрыклад, традыцыйна Беларусь называюць Белоруссией. І на мапах у розных краінах сьвету хто як хацеў, так і пісаў. Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў, у складзе якой аўтарытэтныя мовазнаўцы, працягвала адстойваць напісаньне беларускіх назваў лацінкай паводле нацыянальных формаў.

І вось сакратар камісіі, галоўны спэцыяліст сэктару картаграфіі Белдзяржкаммаёмасьці Натальля Аўраменка толькі што вярнулася з Таліну, дзе адбылося паседжаньне міжнароднай камісіі, якая цалкам ухваліла прапановы беларускага боку.

(Аўраменка: ) “Беларускія назвы, якія падаюцца ў нацыянальнай форме, пры перадачы лацінскай графікай павінны быць абавязковыя для ўсіх. Афіцыйна, каб ведалі на любым кантынэнце, і ў дакумэнтах павінна пісацца лацінскай графікай Belarus’. Каб не скажалі нашай назвы”.

Прафэсар Валянціна Лемцюгова лічыць, што гэта хоць і невялікая, але перамога.

(Лемцюгова: ) “Мы зрабілі такі крок наперад! Як бы там ні было, ёсьць, канечне, разыходжаньні зь мясцовым маўленьнем, але на 80 працэнтаў дакладна ўсё супадае. Мы на нацыянальную аснову паставілі нашу тапанімію, нарматыўныя дакумэнты падрыхтавалі. Цяпер гэта ўсё – норма. Зацьвердзілі перадачу на расейскую мову, зацьвердзілі на лацінку. А зараз зацьвердзяць на міжнародным узроўні, я не сумняваюся”.
XS
SM
MD
LG