Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень салідарнасьці ў Эўропе: акцыі ў Брусэлі і Варшаве (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Брусэлі і ў Варшаве адбыліся адразу па дзьве падзеі, зьвязаныя зь Беларусьсю – міжнародная канфэрэнцыя ў Эўрапарлямэнце, прысьвечаная палітычнай, эканамічнай сытуацыі і сытуацыі мэдыяў у Беларусі. У Варшаве, у сваю чаргу, адбыўся пікет каля амбасады і мультымэдыяльная прэзэнтацыя – падсумаваньне вынікаў году акцыяў салідарнасьці.

У часе канфэрэнцыі ў Эўрапейскім парлямэнце, у якой узялі ўдзел шэраг прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай уладаў Эўразьвязу, беларускія ўдзельнікі – палітык Юрась Губарэвіч, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ды іншыя, расказалі пра сытуацыю, у якой апынуліся палітычныя партыі напярэдадні мясцовых выбараў, пра ўмовы працы журналістаў у Беларусі і пазнаёмілі прысутных з апошнімі навінамі з жыцьця беларускіх палітвязьняў.

На канфэрэнцыі было аб’яўлена аб адкрыцьці Офісу за дэмакратычную Беларусь у Брусэлі.

(Стужынская: ) “Цікаўнасьць да беларускіх праблемаў вялікая, нягледзячы на тое, што выбары прайшлі. Тут хочуць працаваць з намі, працаваць на карысьць вольнай Беларусі”, – сказала кіраўнічка офісу Вольга Стужынская.

У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел таксама сябры Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня, якія першапачаткова плянавалі наладзіць сёньня ў Брусэлі пікет. Гаворыць старшыня задзіночаньня Зьміцер Піменаў:

(Піменаў: ) “Пасол Фінляндыі ў Беларусі, сказала, што яна была там два гады таму, і яшчэ пра нейкую дэмакратыю можна было казаць, а цяпер – поўная адсутнасьць”.

Між тым у Варшаве беларускія студэнты, што вучацца ў Польшчы у межах праграмы імя Кастуся Каліноўскага наладзілі акцыю пратэсту каля беларускай амбасады – да іх далучыліся таксама палітычныя уцекачы. Разам, больш за 30 чалавек прасьпявалі гімн “Магутны Божа” і запалілі каля пасольства зьнічы.

(Студэнт: ) “Ня думаю, што нашыя пратэсты прымусяць рэжым памілаваць палітзьняволеных, але ўлады, напэўна, будуць больш баяцца. Баяцца акцыяў за мяжой, унутры краіны, якія становяцца ўсё больш масавымі і, спадзяюся, перарастуць у сапраўдны супраціў”.

Пазьней у польскай сталіцы актывісты Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі ў студэнцкім клюбе “Рамонт” падсумавалі вынікі акцыяў салідарнасьці – першая адбылася ў Варшаве дакладна год таму. Паводле словаў старшыні Зьвязу Антося Цялежнікава, цяпер па ўсёй Польшчы будуць ладзіцца перадусім лекцыі і мультымэдыяльныя прэзэнтацыі аб сытуацыі ў Беларусі.





XS
SM
MD
LG