Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Генадзь Кулажанка (26.7.1952 – ліпень 1981)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ён быў першым у маім жыцьці гарадзкім хлопцам, які гаварыў па-беларуску. Не з тэлеэкрану, не са сцэны, не для публікі, а проста ў жыцьці. Ягоную мову я пачуў на перапынку паміж лекцыямі на гістфаку БДУ, куды мы зь ім паступілі ў 1970-м, каб неўзабаве зрабіцца найлепшымі сябрамі (здаралася, нават жылі па чарзе: то ў ягонай менскай кватэры, то ў мяне ў інтэрнаце), каб разам бадзяцца па Беларусі, езьдзіць у будатрады ў Казахстан і Сыбір, зачытвацца Ўладзімірам Караткевічам (гэта Генадзь даў мне ягоныя “Каласы пад сярпом тваім”, адкрыўшы зусім невядомага раней пісьменьніка), ненавідзець афіцыйную хлусьню і марыць пра тое, чаго, часам здавалася, магчыма, дачакаюцца хоць будучыя дзеці і ўнукі — пра незалежнасьць.

Нашыя погляды не былі таямніцаю для факультэцкага начальства — асабліва пасьля таго, як мы стварылі Клюб аматараў піва ды яшчэ з Генадзевай ініцыятывы пачалі выдаваць літаратурны альманах “Мілавіца”, што стаўся своеасаблівым пераемнікам сканфіскаванага супрацоўнікам КГБ наваполацкага “Блакітнага ліхтара”. (Генадзь быў рэдактарам “Мілавіцы”, а я адказным сакратаром). На дзяржаўным экзамэне па навуковым камунізьме спэцыяліст у выкрыцьці рэвізіянізму й нацыяналізму прафэсар Круцько пасьля нашых з Кулажанкам адказаў вынес нам, маючы на ўвазе сваю самую перадавую “навуку”, аднолькавы вэрдыкт: “Вы ўва ўсё гэта ня верыце”. У выніку я атрымаў у сваім дыплёме адзіны “траяк”, а мой сябар мусіў некалькі разоў хадзіць на пераздачу.

Кулажанка быў начыста пазбаўлены генаў сэрвільнасьці й лёкайства, а вось генамі авантурнасьці быў надзелены занадта шчодра. Ён лічыў, што на вышэйшай пасадзе чалавек здольны больш пасьпяхова ажыцьцяўляць свае ідэі. Дзеля кар’ернага росту пайшоў працаваць у камсамол, а неўзабаве папрасіўся ў Аўганістан — дарадцам у справах моладзі. Мая спроба адгаварыць яго аказалася марнай, але ўжо хутка я пачаў атрымліваць лісты, дзе праз цэнзурныя закрэсьліваньні ўсё ж прабівалася ўсьведамленьне горкай і, як выявілася, фатальнай памылкі. Генадзь то цытаваў раптам вядомыя паэтычныя радкі пра тое, “як мала пройдзена шляхоў, як многа зроблена памылак”, то, карыстаючыся недасьведчанасьцю армейскага цэнзара, пытаўся ў мяне, што рабілі б продкі, каб у часы Грунвальду нехта прыехаў да іх на танках будаваць сацыялізм.

Аднойчы ў ліпені 1981-га ён, парушыўшы інструкцыю, якая дазваляла езьдзіць толькі ў бронетранспартэры, сеў на Гэрацкім аэрадроме ў аўганскую таксоўку і — нікуды не прыехаў. Празь некалькі дзён да Генадзевага бацькі, вядомага эканаміста Ўладзімера Кулажанкі, завіталі людзі з ЦК камсамолу: спачатку прафэсару зрабілі ўкол, каб не памёр ад стрэсу, а потым паведамілі, што сын геройскі загінуў.

Але ўсё было, верагодна, зусім ня так. Іначай, чаму не прыйшла родным стандартная дамавіна хаця б з сымбалічнымі парэшткамі? Чаму пад выглядам маскоўскага карэспандэнта да мяне прыяжджаў гэбіст, які задаваў пытаньні, што аніяк не маглі спатрэбіцца для газэтнага нарысу?

Зноў і зноў зьяўляліся чуткі пра палон, пра Генадзевы фотаздымкі ў маджахедаўскіх газэтах. З-за мяжы на адрас Генадзевага дзеда, якога ўжо даўно не было на сьвеце, прыйшла загадкавая бандэроля зь Бібліяй. А потым, ужо пасьля вываду савецкіх войскаў з Аўгану, у прэсу пратачыліся скупыя зьвесткі пра бязьлітасна расстралянае цяжкой артылерыяй паўстаньне ваеннапалонных у турме каля аўганска-пакістанскае мяжы, сярод удзельнікаў і кіраўнікоў якога мог быць Генадзь.

Бацькі, сёстры Вольга і Людміла, жонка Ліда і сын Уладзя дагэтуль чакаюць яго. Часам надзея сустракаецца і са мной. Мне зноў і зноў сьніцца мая сустрэча з Генадзем — чалавекам, зь якім я ўпершыню загаварыў (а потым і пачаў пісаць) па-беларуску, маім да сёньня найдаражэйшым сябрам.
XS
SM
MD
LG