Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 16 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Карыстальнік macsim_by ў суполцы Жывога журналу minsk_by занатаваў: “Працягваецца галадоўка прыхаджан цэрквы “Новая жизнь”. Пазваніў сакратару акцыі Сяргею, спытаў, што трэба. Трэба: 1. Спальнікі, 2. Коўдры, 3. Падушкі, 4. Дыплямаванага ўрача для агляду галадоўнікаў (пажадана для штодзённага агляду). Ня трэба вітамінаў і неакрэдытаваных журналістаў. Я атэіст, але, як умею, за іх памалюся...”

Вячаслаў Ганчарэнка, пастар царквы “Новая жизнь”, адказаў на пытаньні інтэрнэт-выданьня “Колокол”: “Праблемы ва ўсіх цэркваў, хто ня ўпісваецца ў рэлігійны закон. Розьніца толькі ў тым, што мы змагаліся за свае правы і сваю рэлігійную свабоду. Тое, што забіраюць нашыя зямлю і будынак, матывавалася генэральным плянам разьвіцьця гэтай тэрыторыі. Але ў выніку судоў выйшла на сьвет, што такога пляну няма. Проста зямля цяпер дарагая ў Менску”.

Газэта “Наша Ніва” на сваім сайце паведамляе: “Два дні экспэрты ААН па геаграфічных назвах абмяркоўвалі, як пісаць назвы нашых гарадоў, мястэчак, вёсак і рэк на іншаземных мапах. Вырашылі ўзяць назвы, якія прапанавала сама Беларусь. “Назвы перадаюцца з нацыянальнай формы напісаньня, — патлумачыла Натальля Аўраменка, галоўны спэцыяліст сэктару картаграфіі Беладзяржкаммаёмасьці. – На мапе сьвету, выдадзенай у Нямеччыне, не павінна быць Weissrusland. Павінна быць назва Belarus’, абавязкова з апострафам, паказальнікам мяккасьці… Інструкцыю па трансьлітэрацыі стваралі на аснове беларускай лацінкі, яе распрацоўваў яшчэ Тарашкевіч”. Тут жа чытачы камэнтуюць матэрыял. Карыстальнік пад мянушкай nearBY: “Першае, што трэба будзе зрабіць, калі зьявіцца такі сьпіс, разаслаць яго ў найбуйнейшыя сусьветныя выданьні”. Savos'': “I у Расеi няхай ня пiшуць “Белоруссия”, а пiшуць “Беларусь”.

Сайт Беларускай банэрнай сеткі паведамляе: “Сыстэма інтэрнэт-сэрвісаў “Акавіта” запускае пошук па беларускіх блогах і форумах. У цяперашні час пошук будзе адбываецца па 9585 беларускіх форумах і блогах, улучаючы сайты Жывы журнал, Дзёньнік.by, Блогі ТУТ.by ды іншыя. Плянуецца, што ў будучым “Акавіта” будзе шукаць: па блогах у іншых папулярных сыстэмах; па беларускіх інтэрнэт-суполках”.

Да нас на адрас Nsvaboda@tut.by прыйшоў ліст, аўтар якога называе сябе “простым старшынём калгасу “Чорная дзірка” — сярэдняга такога, тыповага калгасу”. Ён зьвяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі і піша: “Прабачце, не сярдуйце, толькі ня трэба больш распавядаць журналістам пра тое, што ёсьць такі аграгарадок, дзе з дапамогаю Нацыянальнага банку даяркі атрымліваюць па 600 даляраў у месяц заробкаў... А то мяне і прыбіць могуць! Нашыя даяркі прачулі пра такую зарплату, прыйшлі да мяне і кажуць: вядзі нас у загашнікі, дзе грошы, што выдзяляюць калгасу на разьвіцьцё, на адраджэньне, давай, маўляў, і нам такія зарплаты… Ледзь адбіўся...”

Сайт Магілёўскай філіі Міжнароднага таварыства паляўнічых за прывідамі паведамляе: “Мы займаемся зборам, вывучэньнем і аналізам зьяў паранармальнага характару, а таксама практычна дапамагаем усім, каго турбуюць прывіды, палтэргейст, дамавікі, духі і іншыя падобныя ім істоты. Выкарыстоўваем у рабоце як дасягненьні навукова-тэхнічнага прагрэсу, так і старадаўнія і амаль забытыя малітвы і рытуалы”.

Дасылаць свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG