Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплывае рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН на КНДР?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Рада бясьпекі ААН у суботу ўхваліла рэзалюцыю аб увядзеньні санкцыяў супраць Паўночнай Карэі ў адказ на праведзенае ёю ядзернае выпрабаваньне. Але ці паўплываюць гэтыя санкцыі на краіну, якую, паводле міжнародных экспэртаў, сёлетняй зімой чакае голад? І ці будуць пасьлядоўнымі ў выкананьні санкцыяў тыя краіны, якія іх прынялі?

Сярод іншага рэзалюцыя прадугледжвае забарону на продаж ці перадачу КНДР ваеннай тэхнікі і ўзбраеньняў, а таксама матэрыялаў, абсталяваньня і тэхналёгіяў, якія могуць быць выкарыстаныя ў ядзерных дасьледаваньнях. Рэзалюцыя выключае выкарыстаньне сілы. Пхеньян адрынуў рэзалюцыю, назваўшы яе “абвяшчэньнем вайны”.

Тым часам Усясьветная харчовая праграма ААН папярэджвае, што гэтай зімой жыхары Паўночнай Карэі могуць сутыкнуцца зь вялікімі цяжкасьцямі ў забесьпячэньні прадуктамі харчаваньня. Вось што сёньня на брыфінгу ў Пэкіне сказаў прадстаўнік Праграмы Майкл Хагінс:

(Хагінс: ) “Цяпер мы ў надзвычайна крытычнай сытуацыі. Усясьветная харчовая праграма стараецца аказаць дапамогу двум мільёнам жыхароў краіны. Але пакуль нашу дапамогу атрымлівае толькі адзін мільён. Мы маем усяго толькі 10 працэнтаў тых фондаў, якія нам патрэбныя. Хутка зіма. І, мяркуючы па ўсім, зіма гэта ў Паўночнай Карэі будзе цяжкай”.

Хагінс падкрэсьліў, што 37 працэнтаў дзяцей дашкольнага ўзросту дрэнна харчуюцца, у той час як кіраўнік краіны Кім Чэн Ір трымае выдатны вінны склеп зь дзесяцьцю тысячамі бутэлькамі віна. І хоць санкцыі супраць Паўночнай Карэі, прадугледжаныя рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН, не пашыраюцца на харчовую дапамогу, праблемы ёсьць. Паўднёвая Карэя спыніла пастаўкі харчаваньня яшчэ раней – пасьля таго, як КНДР у ліпені правяла ракетныя выпрабаваньні. Значна зьнізіўся аб’ём паставак з Кітаю.

Тым часам экспэрты аналізуюць, ці будуць тыя ж краіны, якія прагаласавалі за санкцыі, выконваць іх. Ужо прадстаўнік Кітаю даў зразумець, што ягоная краіна ня будзе праводзіць дагляд усіх вадаплаваў, якія накіроўваюцца ў КНДР і выходзяць зь яе портаў, як гэтага патрабуе рэзалюцыя.

Злучаныя Штаты заклікалі Кітай да выкананьня ўсіх пунктаў рэзалюцыі. Гаворыць прадстаўнік ЗША пры ААН Джон Болтан.

(Болтан: ) “Мы павінны памятаць, што Кітай прагаласаваў за рэзалюцыю, ухваленую паводле сёмага параграфу Статуту ААН і гэтакім чынам абавязковую для выкананьня міжнароднай супольнасьцю, у тым ліку – самім Пэкінам. Таму я ня думаю, што ў Пэкіна ёсьць сур’ёзныя падставы адмаўляцца, хоць бы часткова, ад выкананьня рэзалюцыі”.

Шэраг краінаў, прыкладам, Японія і Аўстралія, увялі свае санкцыі супраць КНДР. А шэраг іншых, як Іран, рэзка скрытыкавалі рэзалюцыю ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG