Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ААН прэзэнтавала “Справаздачу аб усясьветных інвэстыцыях 2006 году”


Галіна Абакунчык, Менск Прадстаўніцтва ААН у Беларусі прэзэнтавала “Справаздачу аб усясьветных інвэстыцыях 2006”. Дакумэнт падрыхтавала Канфэрэнцыя ў гандлі й разьвіцьці (ЮНКТАД), якая зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем ААН. У справаздачы ЮНКТАД Беларусь аднесеная да краінаў з высокім, але нерэалізаваным патэнцыялам прыцягненьня замежных інвэстыцыяў.

У дакумэнце паведамляецца, што сярод краінаў, якія разьвіваюцца, і краінаў зь пераходнай эканомікай найвышэйшы прыток інвэстыцыяў маюць дзяржавы Азіі й Афрыкі. Узровень капіталаўкладаньняў у краіны Паўднёва-Ўсходняй Эўропы і СНД летась застаўся на ўзроўні мінулых гадоў — 40 мільярдаў даляраў. У асноўным, яны разьмеркаваліся ў тры краіны — Расею, Украіну і Румынію.

Сярод дзесяці асноўных краінаў-атрымальніцаў у гэтым пераліку Беларусь займае апошняе месца. Але колькасьць капіталаўкладаньняў у Беларусь павялічваецца, паведаміла прадстаўніца ААН/ПРААН у Беларусі Джыхан Султанаглу:

(Султанаглу: ) “Паводле ацэнак ЮНКТАД, павелічэньне простых замежных інвэстыцыяў у Беларусь павялічылася са 164 мільёнаў даляраў у 2004 годзе, да 305 мільёнаў у 2005 годзе. Аб’ёмы інвэстыцыяў зь Беларусі заставаліся на сьціплым узроўні: 3 мільёны даляраў у 2005 годзе ў параўнаньні з 1 мільёнам даляраў у 2004 годзе”.

Адначасна, Беларусь мае на мэце да 2010 году павялічыць прыток замежных інвэстыцыяў да 1,8 мільярда даляраў. Для гэтага краіна стварае ўсе неабходныя ўмовы, кажа намесьнік міністра замежных справаў Леанід Гайсёнак:

(Гайсёнак: ) “Менавіта з гэтай мэтай і для забесьпячэньня дабрабыту нашага народу кіраўніцтва краіны стварае ўсе неабходныя ўмовы для росту плыні замежных інвэстыцыяў у нашую краіну”.

Аднак у Нацыянальным камітэце аб’яднаных дэмакратычных сілаў лічаць, што сёньня Беларусь — сярод краінаў, дзе найгоршы інвэстыцыйны клімат. Гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Ёсьць такі індэкс, як гасьціннасьць да капіталу. І мы са 135 краінаў сьвету знаходзімся на 131 месцы. У нас падатковая сыстэма найгоршая ў сьвеце, рэгістрацыя, ліквідацыя, атрыманьне дазволаў, штрафы — калі ўсё гэта падсумаваць, то гэта і ёсьць той інвэстыцыйны клімат, якасьць якога надзвычай нізкая. Паводле такіх правілаў ніхто ў сьвеце гуляць ня будзе. Таму беларусы і ня маюць замежных інвэстыцыяў, акрамя тых капеек, якія яны самі вывозяць за мяжу”.
XS
SM
MD
LG