Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзінаццатыя суткі цягнецца галадоўка пратэстантаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск Паводле прэс-цэнтру царквы “Новае жыцьцё”, у будынку на вуліцы Кавалёва трымаюць галадоўку 32 чалавекі. Яшчэ 107 вернікаў галадаюць дома і 36 — у іншых гарадах. Пратэстанты патрабуюць, каб улады прызналі храм, які яны набылі чатыры гады таму, культавым будынкам, а таксама пагадзіліся з тым, што ў храме працягнуцца набажэнствы. Чыноўнікі Менгарвыканкаму пералічылі на рахунак царквы 35 мільёнаў кампэнсацыі за будынак і перавялі яго ў гарадзкую маёмасьць.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка 12 кастрычніка далучыўся да галадоўкі. Сёньня раніцай яму зрабілася кепска: падвысілася тэмпэратура й стала балець горла. Але пастар запэўніў вернікаў, што абавязкова прыйдзе да іх на набажэнства. У будынак царквы прыехалі некалькі пастараў зь іншых пратэстанцкіх суполак. Яны далучыліся да галадоўкі. Пастар царквы “Новае пакаленьне” Юры Аліеў прыехаў у Менск зь Берасьця.

(Аліеў: ) “Я прыехаў сюды найперш дзеля таго, каб падтрымаць гэтую царкву. Тут вырашаецца лёс усяго хрысьціянства ў Беларусі. Тут цяпер маё месца. Я хачу, каб Бог ня толькі пачуў мае словы, але й пабачыў мае дзеяньні”.

Пастар Генадзь Кернажыцкі з суполкі “Божая царква” дадаў:

(Кернажыцкі: ) “Для мяне гэта пост, малітва перад Богам. Я ня веру, што нашы ўлады адрэагуюць на галадоўку. Канечне, мы молімся за свабоду Беларусі і за ўсіх хрысьціянаў. Я быў адзінаццаць гадоў пастарам у Бярэзіне, а цяпер тут у Менску пачаў новую царкву”.

Верніца Алена Паплаўская сама ня ўдзельнічае ў акцыі, але ўвесь час знаходзіцца побач з галадоўнікамі.

(Паплаўская: ) “Я хаджу ў гэтую царкву “Новае жыцьцё” два гады. Выйшла сюды замуж. Раней хадзіла ў іншую царкву. Амаль увесь час знаходжуся тут. Хачу быць карыснай для нашай справы, для царквы. Я дапамагаю добраахвотна, бо лічу, што гэта вельмі важна, у тым ліку для мяне”.

Вадзім Пракопчык трымае галадоўку дзясятыя суткі. Ён спадзяецца, што да галадоўкі далучацца іншыя людзі.

(Пракопчык: ) “Мы спадзяемся, што людзі будуць далучацца. Яны цяпер сочаць за намі, ці не зламаемся мы, ці не пакінем гэтае месца. Людзі вагаюцца, што хто вагаецца. Я думаю, што мы павінны быць прыкладам гэтай фартэцыі на гары, якая будзе прыкладам для ўсіх. Людзі, якія вагаюцца, будуць глядзець на нас — і зразумеюць, што калі яны не далучацца, то наступныя будуць яны”.

Вернікі суполкі “Новае жыцьцё” цягам тыдня атрымалі лісты падтрымкі з Расеі, Чэхіі, Латвіі, Уганды, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Нігерыі, ЗША, Аўстрыі, Нямеччыны ды іншых краінаў.


Вернікі прымацавалі паперку да вагончыку будаўнікоў, адкуль за імі назіралі ў бінокль. Папяровую шыльдачку некалькі дзён не здымаюць.







XS
SM
MD
LG