Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапяць прадстаўнікі апазыцыі ў выбарчыя камісіі?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Беларусі перадапошні дзень вылучэньня кандыдатаў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. У выходныя дні шмат дзе адбыліся партыйныя пленумы ды сходы, на якіх апазыцыйныя палітычныя партыі назвалі сваіх прэтэндэнтаў.

На мясцовых выбарах 2007 году будзе працаваць 1581 выбарчая тэрытарыяльная камісія. Тлумачыць сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Будзе створана прыкладна столькі тэрытарыяльных камісіяў, колькі ў краіне існуе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: абласныя і менскі гарадзкі саветы — 7, раённыя — 118, гарадоў абласнога падпарадкаваньня — 13, раённага падпарадкаваньня — 14, пасялковыя — 66, і па выбарах у сельскія саветы —1363”.

Апазыцыйныя палітычныя партыі традыцыйна найбольш актыўныя ў вялікіх гарадах. Прыкладам, менская гарадзкая арганізацыя АГП вылучыла ў сталічную камісію Ўладзімера Раманоўскага. Старшыня гарадзкой філіі Ігар Шынкарык так абгрунтоўвае гэты выбар:

(Шынкарык: ) “Дасьведчаны чалавек. Мы яго спрабавалі ўжо неаднаразова вылучаць у выбарчыя камісіі. Ён працаваў на парлямэнцкіх выбарах у якасьці назіральніка. Вельмі дасьведчаны чалавек”.

На фармаваньне выбарчых камісіяў адпаведным выканкамам даецца, пачынаючы з 18 кастрычніка, тры дні.

Якое становішча ў сталічнай камісіі сёньня? Яе супрацоўніца адказвае:

(Супрацоўніца: ) “На дадзены момант у мяне шэсьць пратаколаў вылучэньня ад партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў”.

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія праводзіліся ў 2003 годзе, у складзе сталічнай камісіі працаваў прадстаўнік Партыі БНФ Юрась Пальчэўскі, згадвае апазыцыйны актывіст Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Мне было шкада гэтага хлопца. Я быў на паседжаньні камісіі, калі разглядалі маю скаргу пра выключэньне мяне са сьпісу кандыдатаў у дэпутаты. Ён нічога ня мог зрабіць, таму што ўсе астатнія адносна яго паводзілі сябе вельмі-вельмі агрэсіўна. Яму перашкаджалі гаварыць, яго ня слухалі. І калі ўсе астатнія галасуюць кансалідавана, так, як патрэбна ўладзе, дык вельмі цяжка працаваць яму ў маральным пляне”.

Паводле зьвестак з АГП, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ды іншых партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, сходы дзеля вылучэньня кандыдатаў у склад тэрытарыяльных камісіяў ужо прайшлі ў шэрагу рэгіёнаў. Асноўная частка пратаколаў перадаецца ў выканкамы сёньня й заўтра.
XS
SM
MD
LG