Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Год акцыяў салідарнасьці зь Беларусьсю ў Польшчы ў фатаздымках


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы адзначаюць год ад пачатку акцыяў салідарнасьці зь Беларусьсю, якія, пачаўшыся зь пікетаў, ператварыліся ў масавыя дэманстрацыі, мітынгі й канцэрты ў падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Летась 16 кастрычніка на першую акцыі салідарнасьці, арганізаваную Зьвязам на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек. Праз тры-чатыры месяцы ў акцыях бралі ўдзел ужо сотні людзей.

Найбольш актыўна жыхары польскай сталіцы, беларусы, якія жывуць у Варшаве, выказвалі падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі напярэдадні і ў часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў – акцыі пачалі адбывацца адначасова ў 15 польскіх гарадах, перанесьліся да ўрадавых будынкаў, амбасадаў Беларусі, Расеі.

(Удзельніца акцыі: ) “Будзем Расею браць зморам. Гэта амаль адзіная краіна, якая падтрымала выбары – няхай будзе ў пэўнай ізаляцыі!”, – гэтак казала адна з удзельніцаў красавіцкай акцыі каля расейскай амбасады.

Настолькі масавых акцыяў салідарнасьці зь Беларусьсю, як у Польшчы, не было нідзе за мяжой, хаця беларусы Бэльгіі, Швэцыі, Літвы, ЗША ды іншых краінаў таксама рэгулярна выходзілі на вуліцы.

Гаворыць старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антось Цялежнікаў:

(Цялежнікаў: ) “Тое, што цягам гэтага часу адбывалася ў Польшчы, паказвае, што палякі добра разумеюць слова "салідарнасьць". Цяпер час падсумаваць тое, што мы зрабілі”.

Паводле спадара Цялежнікава, цяпер ягоная арганізацыя пры дапамозе студэнтаў праграмы імя Каліноўскага будзе ладзіць перадусім адукацыйныя мерапрыемствы, каб тлумачыць палякам больш падрабязна, што адбываецца ў Беларусі.

Сёньня акцыя салідарнасьці адбудзецца ў Брусэлі а 18-й гадзіне мясцовага часу, а ў Варшаве а 20-й у клюбе “Рамонт” пройдзе мультымэдыйны паказ-падсумаваньне году ад пачатку акцыяў, а таксама канцэрт гурту “Кроў”.













XS
SM
MD
LG