Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Алена Макоўская


Алена Макоўская, Менск Свае асабістыя нататкі пра пражытае і перажытае ў прамінулым тыдні падае старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

9 кастрычніка, панядзелак

Шчыра кажучы, увесь дзень жыла ўражаньнямі зь Вільні, зь Дзён беларуска-літоўскай культуры. “Бацькаўшчына” паехала туды на запрашэньне Хведара Нюнькі, кіраўніка тамтэйшага таварыства беларускай культуры. Было адчуваньне адной сям’і, якая нарэшце сабралася разам. Івонка Сурвілла, Алена Міхалюк зь Вялікабрытаніі, Юрка Станкевіч з Чэхіі, Тацяна Казак з Латвіі, Ігар Шаховіч з Калінінграда. Асобна мела размову зь віленскімі студэнтамі ЭГУ. Розныя сустрэчы, розныя думкі…

Вярталася поўная нейкіх складаных уражаньняў, эмоцый. Такое адчуваньне, што ў Вільні цябе ўжо няма, але ў Менск ты яшчэ не прыехала. І таму – натуральна стома. Вынікам гэтага стаўся нейкі, амаль зусім пусты, панядзелак. Хочацца адысьці ўбок, забыцца на размовы, развагі. Каб прыйшло асэнсаваньне, каб рухацца далей ужо з новым скарбам. Таму – вось такі дзень… Панядзелак, адным словам.

10 кастрычніка, аўторак

Паднялася, калі было яшчэ зусім рана, што для мяне – “савы” – маленькая сьмерць. Увечары ня можаш, а праўду кажучы, і ня хочаш прымушаць сябе легчы спаць у час, а потым, на раніцу, пажынаеш вынікі. Але нічога ня зробіш – трэба весьці сына ў беларускамоўную (а цяпер ужо і кітайскамоўную) гімназію, а знаходзіцца яна зусім ня блізка.

Потым тэлефанаваньні ў высокія габінэты да важкіх чыноў з невялікім, як для іх пасадаў, практычным пытаньнем – знайсьці ў агромністым забудаваным Менску некалькі дзесяткаў квадратных мэтраў пад Беларускі дом і сядзібу “Бацькаўшчыны”. Але вось ужо каторы месяц гэтыя дзьве задачы – засьпець на рабочым месцы чыноўніка і знайсьці месца пад Беларускі дом – аднолькава невырашальныя. Але і ў гэтых тэлефанаваньнях шукаеш карысьць. Ужо авалодала досьведам з чаго складаецца працоўны дзень беларускага чыноўніка. З цікавасьцю, вартай лепшага прымяненьня, думаеш: і калі сярод шматлікіх сэмінараў, пасяджэньняў розных кіруючых органаў, сустрэчаў ды прыёмаў знаходзіцца ў нашых чыноўнікаў час для працы на рабочым месцы. Між волі думаецца, што і габінэт такому чыноўніку не патрэбны. Навошта!? Ён жа ж там практычна не бывае! Затое, гэты габінэт у цэнтры Менску мог бы стацца выданым месцам для Беларускага дому.

11 кастрычніка, серада

Вясёлы дзень, па-іншаму ня скажаш. Дзень, калі пачынаеш, літаральна, стагнаць ад таго, што ў сутках так мала часу. А сон успрымаеш выключна як марнаваньне гэтага самага часу.

Дзень, калі ты павінна быць адначасова ў сотні месцах. Дзень, калі ўсе ўчорашнія пляны пачынаюць руйнавацца ад самае раніцы. Дзень, калі ўсе рэальныя альбо патэнцыйныя партнэры нібы змовіліся і абралі, менавіта, гэты дзень, каб сказаць табе: “Сёньня, альбо ніколі”.

Хутчэй бы ён скончыўся, гэты дзень…

12 кастрычніка, чацьвер

Дарога…. Ізноў еду ў Вільню. Дарога – гэта добра, хаця перад кожнай паездкай чамусьці пачынаю падсьвядома шукаць прычыну, каб нікуды ня ехаць. Таму што тут, у Менску, так шмат яшчэ трэба зрабіць, таму што тут так шмат працы. Таму што, здаецца, сьвет проста спыніцца, калі ты зьедзеш. Не спыніцца!

Затое ў дарозе адчуваеш надзвычайны спакой. Менскія клопаты пакінутыя ў Менску, а пра новыя яшчэ нічога ня ведаеш. Застаецца толькі глядзець на лясы, прыдарожныя рэчкі, спрабаваць выглядзець камяні Крэўскага замку і ўзгадваць легенду, паводле якой Бог даў беларусам усё, акрамя добрых начальнікаў.

13 кастрычніка, пятніца

Вільня. У Вільні звычайна бываю ня надта часта, а тут атрымалася два разы за адзін тыдзень. Даўно заўважыла: наведваеш Вільню часта, ці наведваеш рэдка, адчуваньні ўсё роўна тыя самыя. Беларуская Мэкка. Успаміны на ўзроўні генэтычнай памяці. Свае, асабістыя ўспаміны…

Канечне, мы крытыкуем сёньняшніх жыхароў нашай былой сталіцы, што мяняюць выгляд старых будынкаў, маўляў, ня з той любоўю ставяцца да нашых помнікаў. Здаецца, што мы дагледзелі б іх лепей. І праўда, набліжаючыся да Вільні па менскай трасе, здаецца, што ўяжджаеш у беларускае мястэчка, дзесьці на правінцыі. Але Вільня ёсьць Вільня.

Геаграфічна і Менск, і Вільня засталіся на месцы, але наязджаючы ў Вільню і вяртаючыся пасьля ў Менск, адчуваеш, як няспынна, і, здаецца, ужо незваротна, павялічваецца адлегласьць паміж старой і новай сталіцамі… Паміж краінамі.

14 кастрычніка, субота

Беласток. Яшчэ адна сталіца. Беларуская сталіца Польшчы. Памятаю, як падчас першай вандроўкі па Беласточчыне ўразілі мяне брукаваныя дарогі. Па адзін бок ад іх – касьцёлы, па другі – праваслаўныя цэрквы.

Расейская мова ў польскай праваслаўнай царкве, збудаванай беларусамі… Дзіўны, нейкай цыркавай архітэктуры, выгляд Гайнаўскай царквы… Гасьціннасьць мясцовых беларусаў… Мілагучная і нейкая вельмі жывая мова, багатая на дыфтонгі, з адрознай інтанацыяй… Захапляюся гэтым беларускім краем, жыхары якога, нягледзячы на моцны націск і з захаду, і з усходу змаглі захавацца беларусамі і захаваць беларускасьць. Хіба што можа цаной залішняй закрытасьці. Маўляў: “Вы там рабіце вашыя вялікія справы ў Вялікай Беларусі, а мы тут будзем трымацца свайго”. Але гэта, напэўна, і ёсьць умова захаваньня беларускай Беласточчыны. Край часам закрыты для нас, часам незразумелы, але такі багаты на выдатных і таленавітых людзей.1

15 кастрычніка, нядзеля

Дарога…
XS
SM
MD
LG