Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас небясьпечна быць сапраўдным беларусам”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак 16 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 266-39-52 і пакідаць свае водгукі.

(Мікалай: ) “Улады зьдзяйсьняюць замах на здароўе, а, мажліва, і на жыцьцё маладога вязьня Зьміцера Дашкевіча, сустаршыні Маладога Фронту. Яго зьмясьцілі ў камэру, разам з хворымі на сухоты, СНІД і жаўтуху. Гэта наўмыснае злачынства ня толькі супраць маладога чалавека, але злачынства супроць чалавечнасьці”.

(Спадар: ) “Мы жывем у краіне страху і бязьвер’я. Як Вы думаеце, у што маглі верыць людзі, якія ішлі на шыбеніцу, перад расстрэлам, газавай камэрай ці крэматорыем? Хутчэй за ўсё, гэта быў стан безнадзейнасьці і пачуцьцё поўнай асуджанасьці, якое паралізавала іх волю да барацьбы, адчуваньне, што яны паўстануць зараз перад нечым вечным. Вось у такім стане цяпер знаходзіцца і Беларусь. Але яны ведалі, што бязь іх жыцьцё ўсё роўна будзе працягвацца і дабро рана ці позна пераможа зло. Жыві ж, наш край! Няхай надзея гарыць у сэрцы і мацнее, што хоць ня мы, дык нашы дзеці ўбачыць цэльнымі сябе ў сьвеце”.

(Анатоль Сахаруша, Бярозаўскі р-н, Берасьцейская вобл.: ) “Пытаньне тыдня ну вельмі цікавае. Але я адкажу на яго трохі шырэй. Наконт журналістаў дастаткова такіх прозьвішчаў, як Зьміцер Завадзкі, Вераніка Чаркасава, Юры Хашчавацкі, Юры Дракахруст, Павел Шарамет, Марына Коктыш…А творчай інтэлігенцыі не небясьпечна? Успомніце Васіля Быкава, Алеся Разанава, Сяргея Законьнікава, Уладзімера Арлова, Віктара Дашука… А навукоўцы: Мальдзіс, Гарэцкі, Вайтовіч... А палітыкі: Карпенка, Захаранка, Пазьняк, Ганчар, Навумчык і сотні іншых? А ці не небясьпечна быць сябрам палітычнай партыі? А ці не небясьпечна зьбіраць подпісы за дэмакратычных кандыдатаў? А не небясьпечна быць незалежным назіральнікам на выбарах? А ці не небясьпечна быць сябрам недзяржаўнага грамадзкага аб’яднаньня? У нашай краіне небясьпечна быць беларусам. У нас небясьпечна быць сапраўдным беларусам”.

(Спадар: ) “Вось я лічу слушнай працу міліцыянтаў нашага вельмі сумленнага “бацькі” Лукашэнкі”. Калі ўжо папаўся гэты апазыцыянэр Красоўскі, значыць, ён гвалтаўнік і забойца і, мала таго, тэрарыст. Гэта гэты Красоўскі забіў эрц-герцага Фэрдынанда, з-за якога пачалася Другая Сусьветная вайна, і гэты Красоўскі страляў у Папу Рымскага. Так што, верным шляхам ідзеце, таварыші-сьледчыя! І чырвона-зялёны сьцяг “бацькі” вам у рукі”.

(Васіль Цюхай, Бяразіна, Менская вобласьць: ) “Камітэт па рэлігіях і нацыянальнасьцях займаецца не сваёй справай. Адна прадстаўніца Камітэту па прозьвішчу Рабіцава абвінаваціла Царкву “Новае жыцьцё” ў тым, што будынак ацяпляецца дровамі. Іншы прадстаўнік па прозьвішчу Калінаў – што адсутнічае дакумэнтацыя. Напэўна, заклікаў да гвалту і распальваньня расавай варажнечы яны не змаглі знайсьці. Некалькі гадоў таму на Беларусі ў адной з агульнаадукацыйных школаў абвалілася столь, у выніку чаго загінула 4 чалавекі. І гэтая трагедыя здарылася, нягледзячы на тое, што ўсе паперы былі ў парадку. Таксама на Радыё Свабода надоечы пісаў адзін настаўнік, у якога ў доме адключылі ацяпленьне, і заміж гэтага камунальнікі ўсталявалі ў яго кватэры “буржуйку.” У тым выпадку ніякага парушэньня пільныя служкі народа не заўважылі. Яшчэ хацеў бы пацікавіцца, навошта ўладам спатрэбіўся гэты будынак. Зрабіць з царквы склад, як было пры савецкай уладзе?”

(Спадар: ) “Слухач-лукашыст пазваніў на “Свабоду” і гаворыць, што пакуль “бацька” кіруе Беларусьсю, дык расейцы і беларусы будуць жыць мірна. А калі прыйдзе апазыцыя, тады будзе тое, што ва Ўкраіне і Грузіі. Украіна і Грузія – гэта нацыі, а беларусы ў нас розныя, толькі па прозьвішчам слухай, якія бываюць і ёсьць яны. Расея зь Беларусьсю будзе жыць лепш у два разы, калі Лукашэнка зьнікне з нашай Беларусі. І мы разьбярэмся, як жыць і калі араць, і калі сеяць. Таму што нашыя народы даўным-даўно каранямі перапляліся, і пажаніліся”.

(Спадар: ) “Я хацеў бы папрасіць, каб спадар Казулін ні ў якім разе не абвяшчаў галадоўку, таму што гэта будзе азначаць для яго сьмерць. Відавочна, што ён лідэр нацыі і што ён сапраўды адзін з самых сьмелых людзей, якія існуюць у нас. Бо калі параўноўваць усе сытуацыі, зьвязаныя з нашай вясной , надта сумнай вясной, то толькі Казулін сапраўды нечага варты. І таму ён павінен сябе зьберагчы. Я прашу, каб ён гэтага не рабіў, каб ён не абвяшчаў ніякую галадоўку. Ён павінен сябе берагчы”.

(Спадарыня, Магілёў) “Тое, што Віку Мароз хаваюць ад грамадзкасьці і журналістам не вядома яе месцазнаходжаньне, не запэўнівае ў тым, што зь ёю ўсё ў поўным парадку. Людзі, якія спрабуюць забіць у ёй любоў да бацькоў, якіх прыняла яе ўжо не зусім дзіцячая душа і сэрца, упэўненая, дарма стараюцца. Каб дабіцца свайго, так званыя псыхолягі ня грэбуюць ні чым. Відаць, як могуць, спрабуюць ачарніць добрых італьянцаў, якія палюбілі яе, як сваю дачку. Адзінае, чаго яны могуць дамагчыся, гэта тое, што дзяўчынка зачыніцца ў сабе і будзе выглядаць дастаткова дзіўнай з пункту гледзішча псыхолягаў, выхавацеляў, настаўнікаў. Ніхто не заменіць ёй італьянскіх бацькоў. Так што вялікая просьба да журналістаў паспрабаваць знайсьці Віку і ўпэўніцца, што ёй нічога не пагражае, што яна ў поўным параду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG