Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Назло бабулі адмарожу вушы!”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Галадоўка як спосаб барацьбы за свае грамадзянскія правы за мінулыя гады стала ў Беларусі частай зьявай. Вось і ў гэтыя дні ў розных рэгіёнах краіны галадаюць дзясяткі людзей. Адны, як вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, дамагаюцца магчымасьці весьці набажэнствы ў сваім храме; іншыя (як Алена Захожая ў Бабруйску ці Анатоль Кулік у Наваполацку) пратэстуюць супраць уціску палітычных правоў.

Стаўленьне да галадоўнікаў у грамадзтве супярэчлівае. Гэта відаць і з пошты “Свабоды”. Вось які ліст даслала нам днямі Натальля Жаўнова з Баранавіцкага раёну. Яна піша:

“Усё новыя паведамленьні пра галадоўкі мяне зьдзіўляюць. Няўжо гэтыя людзі ўсур’ёз разьлічваюць на тое, што такім спосабам могуць у нас дамагчыся нейкіх сваіх мэтаў? Альбо, можа, гэта проста такі спосаб аздараўленьня? Дык тады навошта гэты шум і гучныя палітычныя заявы? Я ня памятаю выпадку, каб за апошнія дзесяць год праз палітычную галадоўку ў Беларусі нехта прымусіў уладу пайсьці на саступкі. Калі ты сапраўды мужны й моцны чалавек, калі цьвёрда перакананы ў слушнасьці сваёй справы й гатовы на самаахвярныя ўчынкі — дык выйдзі са сваімі патрабаваньнямі на вуліцу, да гарвыканкаму ці Адміністрацыі прэзыдэнта, прыцягні ўвагу людзей плякатам, арганізуй мітынг…

А ўсе гэтыя галадоўкі падобныя на нейкія дзіцячыя гульні. Як той непаслухмяны хлопчык з анэкдоту: “Назло бабулі адмарожу вушы!”. Дык жа і вушэй, здаецца, ніхто не адмарозіў — пасьля шматдзённых і нават шматтыднёвых галадаваньняў і Аўтуховіч, і берасьцейскія прадпрымальнікі, і былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, здаецца, няблага сябе пачуваюць. Ніхто не памёр! І ніхто зь іх сваімі галадоўкамі нікога не напалохаў і нічога не даказаў”.

Галадоўка, спадарыня Жаўнова, гэта, як правіла, жэст адчаю. Хоць бывае, напэўна, і па-іншаму. Чаму чалавек выбірае менавіта такую, а ня іншую форму пратэсту? Па-першае, у некаторых з гэтых людзей іншых магчымасьцяў для дэманстрацыі сваёй нязгоды папросту няма (як, напрыклад, у Аляксандра Казуліна, які адбывае пакараньне ў калёніі). А па-другое, некаторыя, адстойваючы эканамічныя патрабаваньні, апасаюцца палітызацыі свайго пратэсту. Разважаюць прыкладна так: “Выйдзеш з плякатам на вуліцу — будзеш падобны на апазыцыянэра, раззлуеш уладу. А я ж законапаслухмяны, я ня супраць улады. Проста мяне незаслужана пакрыўдзілі (адабралі маёмасьць, абклалі падаткамі, выгналі з памяшканьня і г.д.)”.

Ці магчыма, што ў некаторых выпадках у такіх пратэстах больш хітраваньня, гульні, карысьлівага разьліку, чым сапраўднага адчаю і безвыходнасьці? Напэўна, здараецца і так. Але адрозьніць адно ад другога складана (а найчасьцей — і немагчыма). А што, калі, ня дай Бог, у выніку галадоўкі здарыцца найгоршае? Што ў такім разе павінны адчуваць людзі, якія маглі, але не захацелі прыцягнуць да яе грамадзкую ўвагу з прычыны сваіх нядобрых падазрэньняў?

Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач і аўтар Барыс Руцько зь Менску. Спадар Руцько скептычна ставіцца да магчымасьцяў і здольнасьцяў цяперашняй беларускай апазыцыі, і ўжо даўно шукае шляхі яе замены. Слухач піша:

“Цяперашняя беларуская апазыцыя ня ведае, што рабіць, як дзейнічаць. Яна нічога ня можа й ні да чаго не імкнецца. Для ўсіх відавочна, што прыйсьці да ўлады яна ня здольная. І ва ўсім тым, што сёньня адбываецца ў Беларусі, вінаватая ў тым ліку і апазыцыя. Гэта яна дазваляе ўладзе рабіць усё, што той захочацца. Беларусі патрэбна іншая апазыцыя. Ці ёсьць у краінах Эўразьвязу, у ЗША такія цэнтры, фонды, якія маглі б навучыць, падрыхтаваць для Беларусі новых, іншых апазыцыянэраў, якія б замянілі гэтых, ні на што ня здатных, на іншых, якія складуць новую апазыцыю — таленавітую, магутную і пераможную?”.

Ні новую апазыцыю, ні новую ўладу ніхто з-за мяжы беларусам не падрыхтуе і не прышле, спадар Руцько. Ключ да вырашэньня ўсіх асноўных беларускіх праблемаў — унутры самой краіны, а не за яе межамі. Само беларускае грамадзтва павінна знайсьці ў сабе сілы, магчымасьці й здольнасьці дзеля зьменаў (калі такія зьмены насьпелі і калі яны запатрабаваныя ў гэтым грамадзтве). Заходняя дэмакратычная супольнасьць можа дапамагчы сваім аднадумцам у аўтарытарнай дзяржаве — і толькі. Дапамагчы, а не зрабіць тое, што павінны і могуць зрабіць толькі самі беларусы.

Ліст зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Жыхары гэтай вёскі ўжо не адзін год час ад часу вымаюць са сваіх паштовых скрынак паўпадпольную газэту “Дуброўскі настрой” — з навінамі й камэнтарамі да падзеяў, што адбываюцца ў Дуброве. Прыходзяць асобнікі гэтай газэты і ў нашу паштовую скрынку 111. Даведацца зь іх пра рэальнае вясковае жыцьцё можна значна больш, чым зь любых іншых газэт, што пішуць пра сёньняшнюю беларускую вёску.

У новым нумары ананімны выдавец сярод іншага піша пра тое, што мяняецца ў Дуброве пасьля таго, як вёску абвясьцілі вартай статусу аграгарадка:

“Мы, вясковыя жыхары, яшчэ не нацешыліся сваім новым статусам аграмесьцічаў. Цудоўны экспэрымэнт мусіць дасьпець да свайго ціхага скону, як і сусьветна вядомая Бабілёнская вежа камунізму. Дзе ягоныя зіхоткія вяршыні? Дзе бясплатныя халяўныя сталоўкі і ўсё “па патрэбнасьці”? Заміж гэтага чуцён грозны начальніцкі зык: “Народ павінен за ўсё плаціць”.

Кароста, натуральная кароста шэрагу дуброўскіх жыхароў у спалучэньні з вашыма пакрысе пакрывае яркія пэрспэктывы аграмястэчка. Раённыя начальнікі старанна палічылі, колькі ў Дуброве прыватных лазьняў і ванных цэбраў, і на гэтым разьліку будуць рабіць выснову, ці варта адбудоўваць у Дуброве лазьню. А тым часам кароста займае сталае месца між хваробаў, выкліканых савецкай антысанітарыяй.

Не за гарамі мясцовыя выбары. Але калі нічога не варушыцца, а пануе славутая “стабільнасьць”, то што ж будзе далей? Стабільнасьць развалу?

Трыюмф нашай наменклятуры — дуброўская лазьня, руіны кацельні, руіны будынкаў, калгасны прыгон”.

Думаю, жыхары многіх іншых беларускіх вёсак могуць пазайздросьціць людзям з Дубровы. Не таму, што Дуброва абвешчана аграгарадком (вялікіх зьменаў ад гэтага, як відаць, там пакуль не адбылося). А таму, што ёсьць у Дуброве людзі, здольныя выдаваць такую газэту, казаць пра падзеі ў роднай вёсцы такую бязьлітасную праўду. Дарэчы, мяркую, што неўзабаве ў Дуброве і лазьню адновяць, і кароста зьнікне… І якраз таму, што ў вёсцы ёсьць такая газэта. У іншых мясьцінах, дзе людзі маўчаць і церпяць, чакаць зьменаў давядзецца значна даўжэй.

На тэму вясковага жыцьця й хуткіх мясцовых выбараў напісаў свой кароткі ліст і Віталь Дубінка з Асіповіцкага раёну:

“Зноў будзем выбіраць дэпутатаў. А якая ад іх карысьць? — піша слухач. — Мы нават імёнаў іх ня ведаем. Зноў прагаласуем за ката ў мяху. У нашай вёсцы дарога ўжо дзесяць гадоў не рамантавалася — уся ў выбоінах ды ўхабах. Узімку аўталаўка тыднямі ня можа хлеб давезьці: усё сьнегам занесена. Жывем як на нейкай дзікай высьпе. Няхай нам гэтыя дэпутаты дарогу адрамантуюць, дык мы іх на руках будзем насіць. Але ж ніхто не адрамантуе. І нават калі выберам апазыцыянэра — нічога ня зьменіцца. Усе ўмеюць толькі языкамі малоць перад выбарамі. А як атрымае дэпутацкі значок, дык толькі яго і бачылі. Усе вырашаюць свае асабістыя праблемы, а да людзей ім мала справы. Так што і выбары ніякія не патрэбныя. Лепш зэканоміць грошы і на іх адрамантаваць дарогу”.

А вы не задумваліся, спадар Дубінка: можа, якраз таму дарога ў вашай вёсцы ў такім стане, што не за тых вы галасуеце? Перад выбарамі чатыры гады таму кандыдаты, якія сталі дэпутатамі, напэўна ж, абяцалі выправіць становішча з дарогай? А калі ня выправілі, дык чаму вы павінны верыць іхным цяперашнім абяцаньням?

Вядома, дэпутаты могуць назваць вам мноства прычынаў, з-за якіх зрабіць гэта было немагчыма. Ды вы і самі ведаеце, што грошай у мясцовым бюджэце заўсёды не хапае. Але ж за чатыры гады можна было ня раз пераканацца, ці хоць спрабавалі гэтыя людзі вырашыць праблему, ці заўважылі вы іхныя намаганьні?

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сяргей Ліхалетаў з Магілёва, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Вольга Асташонак зь Лепельскага раёну і Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG