Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Красоўскі: “Псыхалягічны прэсінг адчуваўся вельмі моцны”


Альгерд Невяроўскі, Менск Вызвалены ўчора ўвечары зь Віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня моладзевы актывіст Павал Красоўскі даў інтэрвію Радыё Свабода. Павал распавёў пра ўмовы ўтрыманьня ў турме й пракамэнтаваў падазрэньні ў забойствах і згвалтаваньнях. Павал Красоўскі знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, і крымінальная справа супраць яго ня спыненая.

Павал Красоўскі быў вызвалены зь Віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня па сканчэньні 10 сутак затрыманьня. Сьледчыя не наважыліся афіцыйна абвінаваціць Паўла ў арганізацыі леташніх выбухаў і забойствах ды згвалтаваньнях непаўналетніх дзяўчат. Але і падазрэньні зь яго цалкам ня зьнятыя. Гаворыць Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Усё да апошняй хвіліны трымалася ў сакрэце. Я ня ведаў, вызваляць мяне ці не. Ведаў толькі, што падыходзіць тэрмін. І ім трэба альбо абвінавачаньне супраць мяне выстаўляць, альбо адпускаць. Але да апошняй хвіліны нават адвакаты не былі ўпэўненыя, што мяне адпусьцяць. Я так разумею, што зь мяне дагэтуль падазрэньне ня зьнятае. Узялі падпіску пра тое, што я абавязуюся прыходзіць на ўсе допыты. Па першым выкліку прыяжджаць у Віцебск, у пракуратуру. І калі буду зьмяняць месца жыхарства, таксама павінен паведамляць”.

Павал Красоўскі адразу назваў падазрэньні сьледчых абсурднымі ды паказаў ім пашпарт, дзе было пазначана, што падчас леташніх віцебскіх выбухаў ён знаходзіўся ў Польшчы.

(Красоўскі: ) “Я думаў, што гэта маё жалезнае алібі, але яны высунулі супраць мяне падазрэньне й затрымалі за забойства. Артыкул 139 частка 3. Фактычна гэта ”расстрэльны” артыкул. Я быў у шоку, нават ня памятаю, як падпісваў розныя паперкі, знаёміўся з правамі. Потым, недзе на пятыя суткі, яны высунулі яшчэ два забойствы з сэксуальнымі дамагальніцтвамі. Тады я ўжо зразумеў, што гэта нейкая такая гульня, каб выбіць мяне з каляіны. Я гэта ўспрыняў больш адэкватна. Яны мяне гэтым артыкулам нават павесялілі”.

Павал Красоўскі думае, што сьледчыя ставілі нейкі экспэрымэнт:

(Красоўскі: ) “Мне падавалася, што гэта нейкі экспэрымэнт, якія яны ставяць, адпрацоўваюць нейкія новыя тэхналёгіі. Псыхалягічны прэсінг адчуваўся вельмі моцны. Вытрымаць гэта мне дазваляла толькі тое, што на волі падтрымка. Бачыў, што людзі падыходзяць да гэтага шостага аддзелу, дзе мяне дапытвалі”.

Павал таксама распавёў пра ўмовы ўтрыманьня ў віцебскім ізалятары:

(Красоўскі: ) “Адзін раз на дзень кармілі. У камэрах не працуе вэнтыляцыя, шмат мышэй, якія бегаюць па нарах. За ўвесь час толькі адну перадачу прынялі ад бацькоў, не перадавалі газэты, дзе пра мяне было напісана. Толькі адзін раз далі сустрэцца з адвакатам”.

Паўлу Красоўскаму пакуль не вярнулі пашпарт і мабільны тэлефон, спаслаўшыся на тое, што яны патрэбныя для сьледчых дзеяньняў. Павал кажа, што ўдзячны ўсім, хто ўвесь гэты час дамагаўся ягонага вызваленьня.
XS
SM
MD
LG