Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Дзень беларускай салідарнасьці


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Беларусі і за межамі краіны пройдзе традыцыйная акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітычных вязьняў. Такія акцыі 16 дня кожнага месяца праводзяцца ў розных фарматах. Акцыі салідарнасьці спалучаюць у сабе два элемэнты: “салідарнасьць разам” (калі праводзяцца пікеты, мітынгі, канцэрты, флэш-мобы) і “салідарнасьць паасобку” – а 8-й вечара ў сябе дома людзі гасяць на 15 хвілін сьвятло і запальваюць у вокнах сьвечкі.

Арганізатары стараюцца, так бы мовіць, разнастаіць формы. У Менску ладзіліся ланцугі неабыякавых людзей з партрэтамі зьніклых, пікеты на Кастрычніцкім пляцы, каля расейскай амбасады. 16 жніўня, да прыкладу, праваабаронцы, грамадзкія актывісты наведалі палітвязьняў на так званай “хіміі”. 16 верасьня ў Менску на плошчы Бангалор адбыўся “Вялікі джынсавы фэст”.

Акцыя салідарнасьці выйшла далёка за межы Беларусі. Распавядае адна з ініцыятараў акцыі, журналістка Ірына Халіп:

(Халіп: ) “Акцыя салідарнасьці пройдзе, як заўсёды, амаль ува ўсіх эўрапейскіх сталіцах. Таксама 16 кастрычніка ў Брусэлі адбудзецца паседжаньне Эўрапарлямэнту, прысьвечанае сытуацыі ў Беларусі. Мне здаецца, што гэтая акцыя ўжо ад нас, арганізатараў, зусім не залежыць, яна ўжо жыве як самастойны арганізм. 16 кастрычніка мы вырашылі аддаць перавагу ня Менску, а абласным цэнтрам. Я б не хацела называць цяпер дакладных пунктаў, дзе што будзе, бо маем ужо сумны досьвед. Мы вырашылі пакуль што не анансаваць”.

Сёньня ў Нью-Ёрку, у рамках Дня беларускай салідарнасьці, на міжнародным тэатральным фэстывалі “Іmpact” адбудзецца прэзэнтацыя трох п’есаў “Свабоднага тэатру”, у тым ліку і п’есы “Ім сьніліся сны” Натальлі Каляды.

Расказвае кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін:

(Халезін: ) “Прэзэнтаваць “Свабодны тэатар” у Нью-Ёрку будзе выдатны брытанскі драматург Том Стопард. У гэтым мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. На імпрэзу прыедзе Ірына Красоўская, якая будзе ў гэты ж дзень у штаб-кватэры ААН. На чытаньні п’есаў прыедуць кіраўнікі нацыянальных дэлегацыяў з тых краінаў, дзе зьнікалі людзі, дзе іх зьнішчалі”.

“Ім сьніліся сны” – п’еса, створаная ў тэхніцы verbatim, калі драматургічны тэкст будуецца зь вялікай колькасьці інтэрвію і адмыслова сабранай інфармацыі. Прататыпамі герояў п’есы сталі жонкі зьніклых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў: Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, Зінаіда Ганчар, Вольга Захаранка, а таксама Людміла Карпенка, Тацяна Клімава. Гэтая п’еса зробленая цалкам на дакумэнтальным матэрыяле.
XS
SM
MD
LG