Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка едзе на сустрэчу зь Міколам Астрэйкам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня на сустрэчу з асуджаным актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколам Астрэйкам у шклоўскую калёнію адпраўляецца ягоная адвакатка Валянціна Шаханцова. Гэта будзе першая Міколава сустрэча з адвакатам за час знаходжаньня ў шклоўскай калёніі. Разам з адвакатам у Шклоў паедзе і маці Міколы Астрэйкі Яўгенія – яна спадзяецца ў хуткім часе таксама мець спатканьне з сынам.

Пра пляны выехаць у панядзелак у Шклоў, каб сустрэцца зь Міколам Астрэйкам, адвакатка Валянціна Шаханцова расказала яшчэ ў мінулы чацьвер.

Напярэдадні гэтыя пляны не зьмяніліся: адвакат мяркуе, што ў першай палове дня ёй удасца сустрэцца зь Міколам, які да панядзелка пройдзе карантын ды атрымае разьмеркаваньне ў атрад. А ў нядзелю стала вядома, што й бацькі Міколы Астрэйкі вырашылі ехаць разам з адвакаткай.

Сваімі спадзяваньнямі на вынік гэтай паездкі падзялілася маці актывіста Яўгенія Астрэйка:

(Яўгенія Астрэйка: ) “У панядзелак зьбіраемся ехаць у Шклоў: адвакат і я з бацькам. Паспрабуем перадаць Міколу цёплыя рэчы, бо ўжо стала вельмі холадна, а калі ўдасца, перадамо й прадукты. Спадзяемся на тое, што адвакат зь ім пабачыцца, і я хачу дамовіцца пра тое, калі мне да яго можна будзе прыехаць на спатканьне. Вельмі, вядома, для нас нязручна і цяжка, што гэта Шклоў, што так далёка. Але што зробіш”.

З апошняга ліста Міколы Астрэйкі дамоў сваякі зразумелі, што ён яшчэ ня ведаў пра нараджэньне дачкі, якую назвалі Лізай. Яўгенія Астрэйка сказала, што возьме з сабой фатаздымкі ўнучкі, якія Міколу пакажа адвакатка Валянціна Шаханцова.

Падчас нашай тэлефоннай размовы нечакана ў слухаўцы пачуўся дзіцячы плач. Аказваецца, Яўгенія Астрэйка ўзяла ўнучку на рукі і гэтак на стужцы запісаўся голас дзесяцідзённай Лізы Астрэйкі.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Вось малянятка нашае плача. Цішэй, Лізачка, цішэй. Усё, Алег, да пабачэньня”.

Мікола Астрэйка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаю, ён узначальваў моладзевую арганізацыю “Партнэрства”, што займалася праектамі сацыяльнай дапамогі, а падчас прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку плянавала наладзіць незалежнае назіраньне.

Разам зь Міколам асудзілі Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку, якія ўжо вышлі на волю пасьля 6 месяцаў арышту, а таксама Цімафея Дранчука – ён пакараны годам пазбаўленьня волі. Цімафей трапіў у менскую калёнію. 13 кастрычніка зь Цімафеем у калёніі сустракаўся ягоны бацька Валер Дранчук. Спадар Дранчук расказаў, што яму ўдалося перадаць сыну цёплую вопратку, бо ў калёніі апошнімі днямі вельмі холадна. Паводле Валера Дранчука, настрой у ягонага сына бадзёры: малады чалавек спадзяецца на датэрміновае вызваленьне, паколькі ўжо адбыў болей за палову свайго тэрміну.
XS
SM
MD
LG