Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Вернасьць цяпер ня мае ніякае вартасьці”


Радыё Свабода Наколькі істотная для вас вернасьць у каханьні? Апытаньне на вуліцах Віцебску.

(Спадар: ) “Ня можа быць добрага шлюбу бяз вернасьці. Аніяк! Бо запаветы Божыя – самыя галоўныя ў жыцьці, а ў Бібліі сказана “ня можа быць іншай жонкі ў цябе” і “любі жонку юнацтва свайго”. Згодна з Пісьмом, што здраднікам “царства Божага ня ўбачаць”.

(Спадарыня: ) “Калі вернасьцю лічыць тое, што зазвычай лічыць вернасьцю царква, – “не саграшы нават у думках”, то яна немагчымая. Калі людзі здраджваюць у думках, то гэта натуральна: замужнія жанчыны, жанатыя мужчыны проста заглядаюцца на тых прыгожых людзей, што ёсьць поруч. Гэта нармальна! Асабліва што тычыцца мужчын, у якіх прыродай закладзена палігамія. Ну, а далей – гэта ўжо справа выхаваньня”.

(Спадарыня:) “Адна твая вернасьць нічога ня вартая, калі з другога боку няма такой самай вернасьці. Тады проста няма пра што казаць. Улічваючы, што вернасьць цяпер ня мае ніякае вартасьці, увогуле незразумела, пра што мы тут размаўляем! Яе проста няма! Хаця я яе цаню”.

(Дзяўчына:) “Калі ты кахаеш чалавека, то ніхто іншы табе не патрэбны. А калі ты ня можаш супрацьстаяць сваім інстынктам, то гэта не каханьне. Якое гэта каханьне без вернасьці?!”

(Спадар:) “Здраду ў каханьні я не прымаю. Хаця лічу, што ў каханьні вельмі важнае разьвіцьцё. Людзі часта ўяўляюць сабе каханьне як статычную зьяву, статычны стан душы. А гэта ўжо амаль што здрада. Ну, а да здрады фізычнай адтуль адзін крок амаль!”

(Спадарыня:) “Мне, скажам так, ня здраджвалі ў шлюбе, і таму я стаўлюся да здрадаў бяз панікі. Але каб нешта такое ўжо здарылася, то я не памерла б, не парэзала б сабе вены, ня стала б скакаць ў раку! Але я думаю, што вернасьць у каханьні – гэта тое, што добра, а ня тое, што дрэнна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG