Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх курцоў заклікаюць да “патрыятызму”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Улады непакояцца пра будучыню тытунёвага рынку Беларусі. 10 мільярдаў цыгарэт выпускае цяпер гарадзенская фабрыка “Нёман”, 5 мільярдаў – прыватнае прадпрыемства “Тытунь-інвэст” у Менску і 1,5 мільярда штук імпартуюцца. Ставіцца задача надалей зьмяншаць імпарт цыгарэт, замяняць імпартаваныя, у прыватнасьці, вырабамі фабрыкі “Нёман”. Аднак такая пэрспэктыва не задавальняе нават шмат каго з гарадзенскіх курцоў.

Днямі кіраўнік краіны правёў нараду, на якой шмат увагі было аддадзена гарадзенскай фабрыцы “Нёман”. Газэта “Советская Белоруссия” паведаміла, што дзяржава ўклала ў яе мадэрнізацыю 50 мільярдаў рублёў, аднак новае абсталяваньне яшчэ ня поўнасьцю загружана для таго, каб выпускаць прадукцыю, што магла б канкураваць з імпартнай. Газэта піша, што прэзыдэнт распарадзіўся “да 2008 году адысьці ад імпарту і арганізаваць у краіне вытворчасьць усяго асартымэнту папулярных цыгарэтных марак”.

Вось як рэагуюць курцы ў Горадні на пэрспэктыву курыць толькі пераважна гарадзенскія цыгарэты.

(Спадарыня: ) “Я палю менскія, але, каб выпускалі нармальныя гарадзенскія цыгарэты, не адмовілася б і ад іх”.

(Маладзён: ) “Я аддаю перавагу цыгарэтам з “д’юці-фры-шопу” – яны больш якасныя. Павінна быць канкурэнцыя розных гатункаў цыгарэт менавіта на падставе якасьці, а не за кошт нейкіх квотаў, што ўводзіць дзяржава”.

(Спадар: ) “Мы палім цыгарэты заходніх марак, якія вырабляюцца ў Расеі, бо іншых да нас не завозяць”.

(Сябра: ) “А калі ня будзе імпартовых, будзем набываць кантрабандныя цыгарэты, будзем таксама ў “шопах” купляць на мяжы”.

Намесьнік генэральнага дырэктара тытунёвай фабрыкі “Нёман” па якасьці і рэалізацыі гатовай прадукцыі Анатоль Жыжанкоў, аднак, мяркуе, што “ад імпарту ніхто не адыходзіць” – частка яго застанецца.

(Жыжанкоў:) “Ён папросту будзе зьмяншацца, калі дадзеная прадукцыя будзе вырабляцца на фабрыках рэспублікі. Яна і вырабляецца — на “Тытунь-інвэсьце”, у нас таксама — імпартназамяшчальная прадукцыя”.

Нядаўна гарадзенцы выпусьцілі новы гатунак цыгарэт (невялікую партыю, каб вывучыць рынак) – і цяпер атрымалі заяўкі ад гандлю. Анатоль Жыжанкоў гаворыць, што адзіная экспартная партыя гарадзенскіх цыгарэт дасланая ў Іран, але водгукаў пакуль няма. Што да рынкаў краінаў СНД, дык яны цалкам захопленыя транснацыянальнымі карпарацыямі, зазначае Жыжанкоў.

(Жыжанкоў: ) “У Беларусі, я лічу, правільна, што не даюць гэтым гігантам увайсьці на наш рынак, каб потым выкупіць тытунёвыя прадпрыемствы. Я быў у Славакіі, там француская фірма выкупіла прадпрыемства, усё абсталяваньне парэзала на мэталалом і закрыла гэтую фабрыку”.

Адзін з прафсаюзных кіраўнікоў так абмаляваў мне становішча вакол гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Абсталяваньне закупляецца ня самае сучаснае, сыравіна таксама бывае ня самай лепшай. Таму выпускаць цалкам канкурэнтаздольную прадукцыю вельмі праблематычна. За апошні час на фабрыцы “Нёман” зьмянілі некалькіх кіраўнікоў. І цяпер, як мяркуе прафсаюзны дзяяч, няцяжка будзе знайсьці вінаватых, калі курцы будуць купляць беларускіх цыгарэт менш, чым таго хочацца ўладам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG